У Волме ўшанавалі благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка і заступніка парафіі — святога Роха
- 17 жніўня, 2026
- Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by
У нядзелю 16 жніўня асабліва шмат вернікаў і гасцей парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Волме (Стаўбцоўскі дэканат) прыбыло на святую Імшу апоўдні, прысвечаную ўшанаванню аднаго з нябесных заступнікаў парафіі — святому Роху. Сёлета святкаванне ўрачыстасці заступніка парафіі дапоўнілася яшчэ адной радаснай падзеяй — прыбыццём рэліквій благаслаўлёных назарэтанак мучаніц з Навагрудка.
Яшчэ нядаўна, ва ўрачыстасць галоўнага заступніка парафіі — святога Яна Хрысціцеля, супольнасць наведаў айцец Павел Раманчук з Ордэна Францішканаў Канвентуальных, які прывёз у парафію рэліквіі благаслаўлёных мучанікаў з Пяршаяў — Германа Стэмпеня і Ахілеса Пухалы, аб чым інфармаваў партал catholicnews.by.
У сёлетнюю ўрачыстасць святога Роха ў парафіяльны касцёл завіталі сёстры Лаўра, Ерамія і Ружа з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэту, якія служаць у Гродне, з рэліквіямі благаслаўлёных мучаніц.

Напачатку сясцёр назарэтанак, запрошанага на ўрачыстасць ксяндза Паўла Эйсманта, сакратара арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, які не змог па стане здароўя прыбыць на фэст, і ўсіх прыутных прывітаў пробашч парафіі ксёндз Юрый Бараўнёў.

Пасля гэтага адбылася кароткая малітва праз заступніцтва благаслаўлёных мучаніц, а затым ушанаванне іх рэліквій усімі ўдзельнікамі ўрачыстасці.
Затым распачалася святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз Павел Эйсмант. У Эўхарыстыі, паводле ацэнкі, прыняло ўдзел каля сотні вернікаў, якія сваёй прысутнасцю паказалі не толькі прывязанасць да рэлігійнай традыцыі продкаў, але і сапраўднае жаданне ўшанавання святога Роха і спадзяванне на ласку аздараўлення праз яго заступніцтва.
У прамоўленай гаміліі святар звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што святы Рох, не будучы ні духоўнай асобай, ні законнікам, толькі свецкім францішканскім тэрцыярыем, служачы бліжнім, асабліва хворым на чуму, здзяйсняў цуды аздараўлення.

Ксёндз Эйсмант папярэдзіў, што самым небяспечным і найбольш незаўважальным грахом апошніх гадоў,
горшым за эпідэмію, становіцца грэх абыякавасці, калі чалавек звяртае ўвагу толькі на сябе і найбліжэйшых яму людзей, а не звяртае ўвагі на іншых, нават тых, хто выразна патрабуе дапамогі.
Напрыканцы гаміліі прамоўца заклікаў слухачоў не чакаць прыйсця патрабуючых да іх, але, наследуючы святога Роха, самім шукаць такіх людзей, здзяйсняючы як мага больш учынкаў міласэрнасці, якія набліжаюць да людзей Божае Валадарства.

Выходзячы са святыні, кожны, згодна са старадаўняй парафіяльнай традыцыяй, меў магчымасць ушанаваць Маці Божую і святога Роха ў іх абразах, якія захоўваюцца ў касцёле, і, схіліўшыся і праходзячы пад імі, выпрасіць ласку аздараўлення сабе і бліжнім.







































