Skip to main content

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт 2025 года

30 лістапада
  • 28 лістапада, 2025
  • Ілюстрацыйная выява: istockphoto.com // Catholicminsk.by

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч кіруе вернікам сваё Слова на Адвэнт, які сёлета распачнецца 30 лістапада.

Тэкст Слова для друку ТУТ>>>

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння першая нядзеля Адвэнту. Пад канец Юбілейнага года 2025, які мы перажываем пад дэвізам «Пілігрымы надзеі», Каталіцкі Касцёл распачынае новы літургічны год.

Адвэнт, як час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння і да другога прыйсця Хрыста ў славе, таксама з’яўляецца часам надзеі. Бог, які нас стварыў і прыйшоў да нас у вобразе чалавека праз Уцелаўленне свайго Сына, каб нас збавіць, прыйдзе ізноў у славе.

Папа Францішак кажа, што наш Бог прыходзіць, каб ажыццявіць нашыя асабістыя і калектыўныя гісторыі, нашыя разбураныя надзеі і жаданні (https://www.vatican.va/content/francesco/en/homilies/2015/documents/papa- francesco_20151129_repcentrafricana-omelia-cattedrale-bangui.html)

Ён прыходзіць, каб выратаваць нас, бо калі не прыйдзе, то мы будзем цалкам бездапаможнымі, як драматычна сцвярджае святы Максім Вызнаўца (пар. https://dublindiocese.ie/pastoral-letter-for-advent-from-archbishop-dermot-farrell/).

2. У Адвэнце мы абвяшчаем і святкуем нашу надзею і веру ў тое, што наш Бог верны сваім абяцанням.

Бог заклікае нас у новы, напоўнены Ягонай ласкай свет, каб увайсці ў новую будучыню, якая ў Хрысце. Гэта найкаштоўнейшы Божы дар нам. Таму ў Адвэнце мы павінны жыць гэтай надзеяй, якая не асароміць, як навучае святы апостал Павел (пар. Рым 5, 5).

Пры гэтым трэба памятаць, што хрысціянская надзея не наіўная. Яна не спараджае настальгіі. Хутчэй, яна рэалістычная ў сваёй вернасці і смелая ў сваёй фантазіі. Надзея здольная ўбачыць заўтрашні дзень і таму з’яўляецца брамай у будучыню.

3.  Рыхтуючыся да святкавання дару бязмежнай Божай любові, якім стала Уцелаўленне Сына Божага, Адвэнт запрашае нас не толькі да падрыхтоўкі да гэтага свята, але і да ўспрыняцця любові Бога, адзін аднаго і ўсяго чалавецтва гэтак жа моцна, як нас любіць наш Створца.

У Евангеллі першай нядзелі Адвэнту Езус заклікае нас да чування, бо не ведаем у які дзень наш Пан прыйдзе (пар. Мц 24, 42). Езус таксама заклікае да малітвы (пар. 1 Тэс 5, 17) і навяртання (пар. Мк 1, 15). Гэта азначае, што чуванне, малітва і навяртанне з’яўляюцца асновай хрысціянскага жыцця.

Яны заклікаюць нас маліцца аб духоўнай сіле, каб перамагчы ўсе выпрабаванні. Заклікаюць чуваць перад спакусамі злога духа, каб ім не паддацца. Заклікаюць навяртацца, каб з упэўненасцю стаць перад Сынам Чалавечым, Які прыйдзе як злодзей ў невядомы час (пар. Мц 24, 43-44).

Мы перажываем вельмі складаны час, напоўнены рознымі праблемамі і крызісамі, у тым і духоўнымі. Сутыкаемся з небяспечнымі выклікамі, перш за ўсё па прычыне таго, што сучасная дамінуючая свецкая культура далёкая ад веры. Яна ўсё больш канцэнтруецца на дастасаванні веры да сучасных секулярных ідэалогій, а не на абароне вучэння Евангелля і жыцця паводле яго. Такім чынам, сучасная культура прадстаўляе сабой пазбаўлены вучэння Хрыста гуманізм. 

Нягледзячы на гэта, мы пакліканыя несці Добрую навіну ўсяму свету і суправаджаць тых, хто знаходзіцца на шляху да сустрэчы з Хрыстом. Перад абліччам небяспечных выклікаў, мы павінны заставацца поўнымі надзеі, бо тады нашае чаканне радасці Божага Нараджэння будзе большым, чым крызіс, які мы перажываем.

Для гэтага ў Адвэнце нам неабходна стварыць атмасферу малітвы, чування і навяртання, каб з надзеяй глядзець у будучыню. Шануючы нашу гісторыю і традыцыі, мы павінны быць адкрытымі на дзеянне Духа Святога, каб Ён учыніў нас носьбітамі святла Евангелля людзям нашага часу.

4. У Адвэнце мы павінны браць прыклад з Найсвяцейшай Панны Марыі. Яе «так» Богу дазволіла рэалізаваць Яго план збаўлення чалавецтва.

А як наконт нашага «так» Богу? Ці слухаем Яго і кланяемся Яму? А можа, пакланяемся «бажкам» гэтага свету, якімі з’яўляюцца матэрыяльныя каштоўнасці, прыемнасці, амаральныя задавальненні, алкаголь, наркотыкі, інтэрнэт-залежнасць, азартныя гульні і да т.п. 

На самой справе яны прапагандуюць толькі ілюзорнае, а не рэальнае шчасце, да якого мы імкнёмся. Таму мы не можам ашукваць сябе, падмяняючы сапраўднае шчасце сурагатным.

На гэтую праблему звярнуў увагу папа Леў XIV пачас Юбілею моладзі, калі сказаў, што ў нашых сэрцах крыецца пытанне пра праўду, якога нельга ігнараваць (пар. https://www.vatican.va/content/leo-xiv/en/homilies/2025/ documents/20250803-omelia-giubileo-giovani.html).

Таму нашай надзеяй перадусім павінен быць Бог, які ў сваім Уцелаўлёным Сыне прыйшоў да нас у Бэтлееме і зноў прыходзіць у сваім слове, каб нам абвяшчаць нязменную праўду Евангелля. Прыходзіць у сакрамэнтах, каб нас узбагаціць Божай ласкай і гэтым самым выратаваць, ацаліць, суцешыць і быць з намі, бо паклікаў нас да жыцця, а не да смерці. Прыходзіць у дабрачыннасці і іншай пастырскай дзейнасці.

5. Каб гэта надзея ажыццявілася, мы павінны выкарыстаць магчымасці, якія Касцёл нам прапануе ў Адвэнце. Гэта перадусім удзел у традыцыйных раратах, калі разам з Марыяй разважаем над таямніцай Уцелаўлення Сына Божага. Дзякуючы ёй, рассеялася цемра граху і ўзышло сонца справялівасці і Божай ласкі, якое не заходзіць. Гэта адвэнтавыя рэкалекцыі, які дапамагаюць нам пераглядзець стан нашай душы з мэтай яго ўдасканалення. Гэта пакаянныя набажэнствы, калі ў сакрамэнце паяднання мы атрымліваем ключ да неба. Гэта таксама іншыя пастырскія і дабрачынныя акцыі, на што звяртае ўвагу папа Леў XIV у Апостальскай адгартацыі Dilexi te — «Палюбіў цябе» (пар. Dilexi te, 115-121).

Адвэнт не можа пераўтварыцца ў шопінгавае чуванне ў чэргах у супермаркетах. Ён павінен стаць духоўным чуванннем з мэтай дапамагчы нам зрабіць месца ў нашых душах, дзе можа нарадзіцца Езус сваёй ласкай, каб учыніць нас людзьмі надзеі, гатовымі да сустрэчы з Ім.

6. Адзін кіроўца аўтамабіля атрымаў узнагароду за тое, што праехаў мільён кіламетраў без ніводнай аварыі. Калі яго спыталі, як яму гэта ўдалося, ён даў просты адказ: «Глядзеў на дарогу». 

У сённяшнім Евангеллі Езус дае такую ж параду: «Глядзіце на жыццёвцю дарогу». Гэта не толькі добрая духоўная парада на перыяд Адвэнту, але і правіла для штодзённага жыцця. 

Добры спартовец павінен заўсёды канцэнтраваць сваю ўвагу падчас спаборніцтва. Добры вучань павінен быць пільным, чулым і ўважлівым, назіраючы за настаўнікам і ўслухоўваючыся ў яго словы. Добры католік павінен быць чуйным у захаванні Божага закона, штодзённай малітве і актыўным удзеле ў касцёльных набажэнствах, асабліва Эўхарыстыі і сакрамэнце пакаяння і г.д. Кожны грэх патрабуе кампенсацыі, бо міласэрнасць не можа быць аддзелена ад праўды.

7. Старажытныя рымляне маліліся да бога Януса, які меў два твары. Адзін глядзеў у напрамку мінулага года, а другі — у напрамку надыходзячага. Таксама і мы падчас Адвэнту павінны глядзець на мінулую падзею першага прыйсця Езуса ў свет і з надзеяй чакаць другога Яго прыйсця ў славе.

Добрая навіна Адвэнту ў тым, што мы ўсе пакліканыя быць пільнымі, гатовымі і падрыхтаванымі, каб не абыякава і пасіўна, але актыўна з нецярпеннем чакаць Хрыста, які прыходзіць.

Марыя, узор малітвы і адвэнтавага чування, дапамажы нам у гэтым новым падарожжы надзеі!

З малітвай і благаслаўленнем на плённае перажыванне Адвэнту

Тадэвуш Кандрусевіч
Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп эмэрыт

Мінск, 23 лістапада 2025 г.
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету

Выкарыстаная літаратура:

  1. Леў XIV. Энцыкліка Dilexi te.
  2. https://www.vatican.va/content/francesco/en/homilies/2015/documents/papa-francesco_20151129_repcentrafricana-omelia-cattedrale-bangui.html. 
  3. https://dublindiocese.ie/pastoral-letter-for-advent-from-archbishop-dermot-farrell/.
  4. https://www.vatican.va/content/leo-xiv/en/homilies/2025/ documents/20250803-omelia-giubileo-giovani.html.