Skip to main content

«Скала веры, якая аб’ядноўвае сэрцы»: у Мінску адзначылі парафіяльны фэст святога Роха

16 жніўня
  • 18 жніўня, 2026
  • Тэкст: Жанна Мецеж / Фота: Жанна Мецеж, Анастасія Пец // Catholicminsk.by

16 жніўня парафія на Залатой Горцы ў Мінску сабрала вернікаў на ўрачыстасць свайго заступніка — святога Роха. Галоўным падарункам для гасцей стаў музычны фестываль, а ўзначаліў святочную Імшу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

«Калі неба больш адкрытае…»

Для кожнага залатагорца 16 жніўня — асаблівы дзень, якога чакаюць з нецярпеннем увесь год. Сёлета на яго выпала не проста нядзельная Імша, а сапраўднае сямейнае свята, прысвечанае нябеснаму апекуну іх касцёла — святому Роху. Вернікі любяць гэту ўрачыстасць, за магчымасць сабрацца разам з тымі, хто падзяляе іх веру, і за асаблівую атмасферу радасці. Таму Залатую Горку наведалі не толькі мясцовыя парафіяне, але і госці з іншых мінскіх касцёлаў.

Урачысты настрой падмацаваў удзел у свяце Мітрапаліта Юзафа Станеўскага. Пробашч парафіі ксёндз канонік Юрый Санько ў словах прывітання назваў прысутнасць іерарха «найлепшым дарам для ўсіх парафіян і гасцей, які дае магчымасць пражываць урачыстасць разам з нашым пастырам».

Ксёндз Юрый нагадаў, што парафія мае тры тытулы — Найсвяцейшай Тройцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Роха, які з’яўляецца апекуном не толькі гэтай святыні, але і ўсяго Мінска.

«Праз стагоддзі Залатая Горка з’яўляецца не проста часткай нашага горада, але і яго сэрцам і душой, таму што тут мы збіраемся, каб дзякаваць Богу за тыя шчодрыя дары і ласкі, якія добры Пан Бог пралівае на нас праз заступніцтва святога Роха»,

— падкрэсліў пробашч і папрасіў арцыбіскупа ўзначаліць Імшу.

Іерарх у адказ падзякаваў за запрашэнне, нагадаўшы: «Усе мы — народ Божы, і гэта гучыць горда!» Пробашч дадаў: «Бог нас любіць, і таму дае нам прыклады святых. Мы, як дзеці Божыя, жывем у лучнасці з Богам, каб у сённяшнім свеце быць для іншых зоркай, і каб праз нашае жыццё яны прыйшлі да пазнання Пана Бога».

«Мы — жаўнеры Езуса Хрыста»

Узгадваючы свята ў сваёй гаміліі, іерарх адзначыў: «Гэта не толькі дзень, калі можна атрымаць адпуст, але і дзень, калі неба больш адкрытае менавіта над нашай парафіяй, нашай малітвай і нашай прысутнасцю».

Удзельнічаючы ў Эўхарыстыі, вернікі пашыраюць межы сваіх парафій, бо Касцёл і дзяржава — гэта сям’я сем’яў, а кожная парафія падобная да сям’і, якая мае адны намеры і планы.

Вера — гэта фундамент, які абапіраецца на вызнанні святых, «у тым ліку і святых з нашай беларускай зямлі», — нагадаў іерарх, дадаўшы, што іх было шмат, асабліва ў XX стагоддзі.

Арцыбіскуп звярнуў увагу, што святыя гэтыя не былі недасяжнымі ідэаламі. Яны, як і звычайныя людзі, маліліся і чыталі Евангелле, але мелі асабістую дамову з Езусам Хрыстом. «І калі прыйшоў час, у якім Бог выбраў іх і паклікаў, яны здалі іспыт на выдатна», — сказаў іерарх, узгадаўшы святарскую мужнасць Максімільяна Кольбэ і сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія аддалі жыццё за бліжніх сваіх, бо «няма большай любові, калі хтосьці аддае сваё жыццё за іншых» (пар. Ян 15, 13).

Святы Рох, які нарадзіўся ў Францыі, таксама паказаў, што вера і любоў не маюць межаў, і галоўны наш клопат — перадаць гэты скарб нашчадкам. «Бо хоць час і змяняецца, мы павінны захаваць еднасць і дыялог з Езусам Хрыстом і з тымі, хто ўжо атрымаў вечнае жыццё», — сказаў святар.

Іерарх прывёў прыклад папы Францішка, які ў Буэнас-Айрэсе любіў ездзіць на метро, каб сустракацца з людзьмі і праз размову з імі распаўсюджваць Евангелле.

«Папа Францішак пацвярджаў, што святыя ў небе — гэта праўда, але праўда і тое, што і мы — жаўнеры Езуса Хрыста, якія вядзем вайну са злом»,

— падкрэсліў іерарх.

Вяртаючыся да чытання дня, арцыбіскуп нагадаў, што Езус пайшоў да язычнікаў, каб быць прысутным і сярод іх. «Трэба ісці да ўсіх — вось галоўная ідэя вучэння Хрыста», — падкрэсліў іерарх. І дадаў: «Калі мы запрашаем гасцей на нашыя святы, мы набліжаем іх да Валадарства, бо той мае больш радасці, хто дае больш, чым атрымоўвае».

Асаблівую ўвагу арцыбіскуп звярнуў на евангельскую жанчыну, якая прасіла Езуса за сваю хворую дачку, і заклікаў не спыняць малітваў нават у роспачы, «бо вельмі часта людзям здаецца, што Бог не адказвае на іх просьбы».

Іерарх назваў святога Роха «Божай ласкай для ягоных бацькоў», якія доўга не мелі дзяцей і напэўна чулі, што іх малітвы марныя. Але нарэшце нарадзіўся хлопчык, імя якога азначае «скала» альбо «моцны». «І гэты хлопчык так палюбіў навуку Езуса, што ахвяраваў усім, каб клапаціцца пра хворых і бедных, і не баяўся страціць сваё жыццё», — нагадаў арцыбіскуп. Справа святога Роха працягваецца: калі хтосьці моліцца да яго за хворых, ён заступаецца за іх.

Арцыбіскуп пажадаў, каб свята святога Роха напоўніла кожнага клопатам пра іншых. «Напэўна гэта нялёгкая праца, але прыклад нашага жыцця дапамагае навяртаць тых, хто пакуль не з Касцёлам». Жадаючы вернікам маладосці душой, іерарх узгадаў словы папы Францішка:

«Хто дазваляе Хрысту дакрануцца да свайго сэрца, той нанова становіцца маладым маладосцю Езуса Хрыста».

Радасць паклікання — агульная адказнасць

Па заканчэнні святой Імшы ксёндз Юрый Санько падзякаваў усім, хто далучыўся да падрыхтоўкі свята. Асаблівыя словы былі адрасаваны хору «Залатая Горка», які надае літургічнаму жыццю касцёла незвычайную прыгажосць. Парафіяльныя міністранты таксама не засталіся без увагі пробашча. Ксёндз Юрый нагадаў, што касцёл няспынна моліцца аб пакліканнях, і сёлета малітвы пачутыя: «Сярод навучэнцаў Гродзенскай міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ёсць і наш прадстаўнік — Ян». Падзякаваў ён і прадстаўнікам руху «Місійны ружанец», які менавіта тут распачынаў сваю гісторыю і сёння налічвае больш за тысячу ўдзельнікаў. Цёплыя словы былі адрасаваны і сёстрам законным за аздабленне касцёла кветкамі.

Міністранты касцёла ўручылі Мітрапаліту Юзафу букет белых ружаў з падзякай за візіт. Іерарх у сваю чаргу падзякаваў залатагорцам за іх ахвяраванні на патрэбы парафій Магілёўскага дэканата і перадаў прывітанне ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Кажучы аб пакліканні, арцыбіскуп адзначыў:

«Тое, што ў вас ёсць пакліканне, — гэта радасць, але і адказнасць усіх нас».

Нагадаўшы, што святароў катастрафічна не хапае на беларускіх землях, іерарх заклікаў вернікаў не спыняць малітваў у гэтай інтэнцыі, «бо шмат людзей адыходзяць з гэтага свету, так і не пазнаўшы Бога толькі з-за таго, што некаторыя парафіі не маюць свайго святара».

«Музыка, якая аб’ядноўвае стук нашых сэрцаў»

Святкаванне парафіяльнай урачыстасці працягнулася музычнай праграмай. Ужо пяць гадоў Залатая Горка разам з габрэйскай супольнасцю праводзіць фестываль «Сяброўства». Гэта першы юбілей межканфесійнай салідарнасці паміж мінскім касцёлам святога Роха і габрэйскімі сябрамі, які як нельга дарэчы падмацаваў ідэю ўсіх сказаных падчас свята слоў.

З прывітаннем да прысутных звярнуўся галоўны рабін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Грыгорый Абрамовіч:

«Пяць гадоў — гэта шлях нашых сустрэч, якія мы называем сяброўствам. У гэтым месцы мы чуем скрыпку і арган, цымбалы і цудоўныя галасы. Гэта музыка, якая аб’ядноўвае стук нашых сэрцаў».

Канцэрт распачаўся выступам хору «Залатая Горка» з творамі, прысвечанымі Году беларускай жанчыны, і кампазіцыяй галоўнага арганіста касцёла Віктара Кісценя. Ансамблі габрэйскай музыкі «Шалом» з Ліды і «Шыр» надалі святу асаблівы каларыт. Завяршылі праграму выканаўцы класічнай музыкі Наталля Пупшыновіч і маэстра Віктар Кісцень. Усе ўдзельнікі канцэртнай праграмы атрымалі памятныя дыпломы.

Госці і вернікі ацанілі гасціннасць касцёла на Залатой Горцы гарачымі водгукамі. Атмасфера свята, цёплыя словы іерарха і шчырыя віншаванні зрабілі гэты дзень незабыўным для кожнага, хто прыйшоў на ўрачыстасць святыні. Вернікі разыходзіліся з радасцю ў сэрцах і ўпэўненасцю, што святы Рох і надалей будзе клапаціцца пра іх парафію і ўсю сталіцу.