Завяршылася сустрэча моладзевай камісіі пры епіскапаце Еўропы: уражанні беларускага дэлегата
- 22 верасня, 2024
- кс. Раман Суша
З 19 па 22 верасня ў горадзе Сант’яга-дэ-Кампастэла праходзіла сустрэча Моладзевай камісіі пры Радзе Канферэнцый Біскупаў Еўропы. Гэта была падзея, якая сабрала разам іерархаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх лідараў з розных еўрапейскіх краін. Удзельнікі былі экспертамі ў розных сферах: душпастырства моладзі, пакліканняў і акадэмічнага душпастырства.
На працягу трох дзён мы разважалі над ключавымі выклікамі і праблемамі, з якімі сутыкаюцца маладыя людзі ў Еўропе. Сярод удзельнікаў былі тэолагі, сацыёлагі, псіхолагі і, вядома, прадстаўнікі моладзі, якія дзяліліся сваімі сведчаннямі аб удзеле ў такіх падзеях, як Сусветны Дзень Моладзі ў Лісабоне.
Асноўная частка праграмы ўключала даклады і круглыя сталы, на якіх мы абмяркоўвалі кантэкст моладзевага жыцця ў розных краінах. Акрамя таго, мы ўдзельнічалі ў абмеркаванні Instrumentum laboris для Другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая адбудзецца ў кастрычніку 2024 года.
У нашай працоўнай групе мы абмяркоўвалі і прадстаўлялі розныя тэзісы і прапановы па аналізе і ацэнцы кантэксту сучаснай моладзі. Ёсць некалькі важных назіранняў нашай групы, якімі я хацеў бы тэзісна падзяліцца:
1. Секулярызацыя і няўпэўненасць у будучыні: сучасная заходняя культура характарызуецца ўзрастаючай секулярызацыяй і маргіналізацыяй рэлігіі. Многія маладыя людзі не толькі з цяжкасцю прымаюць і жывуць у веры, але і сутыкаюцца з адсутнасцю надзеі і пазітыўнага бачання будучыні. Аддаленне ад веры і Касцёла становіцца тэндэнцыяй. У той жа час ёсць прыкметы надзеі сярод моладзі, такія як імкненне да асабістай свядомасці, пошук веры разам з аднагодкамі і ў супольнасці, а таксама жаданне служыць іншым.
2. Моладзь як «тэалагічная прастора»: жыццё моладзі варта ўспрымаць як «тэалагічную прастору», у якой Бог прысутнічае і мае нешта важнае сказаць кожнаму з нас. У сучаснай лічбавай прасторы, якая з’яўляецца натуральным асяроддзем для моладзі, супольнасць можа прапанаваць значныя вопыты, што адкрываюць магчымасці для рэальнага моладзевага лідарства.
3. Вера праз досвед Керыгмы: многія маладыя людзі пачынаюць свой шлях да веры не з маральных патрабаванняў, а з асноўнага досведу хрысціянства — Керыгмы, абвяшчэння Евангелля. Толькі праз разуменне веры можна паступова ўспрыняць маральныя нормы.
Знаходзячыся каля Апостала Якуба, мы мелі магчымасць узносіць малітвы праз яго заступніцтва за моладзь і нашы краіны. Завяршылася ж сустрэча ўрачыстай цэлебрацыяй Эўхарыстыі ў велічнай катэдры Сант’яга, якую ўзначаліў арцыбіскуп Францыска Хазэ Прэіто Фэрнандэз, Мітрапаліт Сант’яга-дэ-Кампастэла.
Першы дзень сустрэчы
Другі дзень сустрэчы
Трэці дзень сустрэчы