Skip to main content

У Сант’яга-дэ-Кампастэла распачалося пасяджэнне моладзевай камісіі епіскапатаў Еўропы

  • 20 верасня, 2024
  • кс. Раман Суша

З 19 па 22 верасня ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, Гішпанія, праходзіць сустрэча розных секцый моладзевай камісіі пры Радзе Канферэнцый Біскупаў Еўропы. Галоўная тэма сёлетняй сустрэчы – “Маладыя – моцныя і шчаслівыя ў Надзеі: сведкі Хрыста ў Еўропе сёння”.

На парадку дня тры асноўныя напрамкі: сацыяльнае душпастырства моладзі, душпастырства пакліканняў і адукацыя. Асаблівая ўвага надаецца праблемам сучаснай моладзі, яе выклікам і ролі ў хрысціянскай супольнасці Еўропы.

Першую працоўную сесію адкрыў арцыбіскуп Джаванні Чэзарэ Пагацці, сакратар Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі. Ён разважаў пра надзею і цяжкасці ў пабудове адносін у сучасным свеце, адзначаючы, што многія маладыя людзі сутыкаюцца з пачуццём пакінутасці. Арцыбіскуп Пагацці прывёў прыклад з Бібліі, дзе гісторыі пра адчужэнне і страты праходзяць праз жыццё людзей — ад Адама і Евы да Езуса на крыжы.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што досвед пакінутасці — гэта натуральная частка чалавечага існавання. Ён адзначыў, што нават у першыя моманты жыцця дзіця праходзіць праз перыяды аддалення ад маці, што становіцца пачаткам яго незалежнасці. У той жа час гэты досвед, калі ён не правільна перажываецца, можа прывесці да розных праблем, такіх як залежнасці ці эмацыйная пустэча.

Арцыбіскуп Пагацці таксама звярнуў увагу на дзве крайнасці ў стаўленні да пачуцця пакінутасці. Першы варыянт — гэта адмаўленне гэтага пачуцця, калі чалавек не прызнае і не дазваляе сабе адчуць боль пакінутасці, спрабуючы ізаляваць сябе ад непрыемных эмоцый. Гэта можа прывесці да небяспечных залежнасцяў і спробы запоўніць пустэчу ўнутры, не вырашаючы саму праблему.

Другая крайнасць — гэта распаўсюджванне пачуцця пакінутасці на ўсё сваё жыццё, калі чалавек бачыць свет праз прызму адзіноты і безнадзейнасці. Гэта можа прывесці да стану эмацыйнай адчужанасці, калі чалавек становіцца “жывым мёртвым”, без цікавасці да жыцця і адносін, не знаходзячы матывацыі для дзеянняў.

Арцыбіскуп адзначыў, што сёння звяртаецца ўвага на нігілізм, які часта разумеецца як інтэлектуальная праблема, насамрэч мае больш глыбокія карані ў эмацыйнай сферы. Таму перад тым, як пачаць гаварыць пра надзею, трэба спачатку разабрацца з эмацыйным бокам гэтага пытання і прызнаць, што для многіх маладых людзей праблема каштоўнасцяў і адносін пачынаецца менавіта з недахопу эмацыйнай падтрымкі і пачуцця пакінутасці. “Пачуццё пакінутасці – гэта не паталогія, за выключэннем некаторых выпадкаў, а фізіялогія жыцця” – падкрэсіліў арцыбіскуп Пагацці.

Другі дзень сустрэчы
Трэці дзень сустрэчы
Заключны дзень сустрэчы