Skip to main content

Другі дзень сустрэчы моладзевай камісіі епіскапатаў Еўропы: выклікі і надзеі маладога пакалення

  • 20 верасня, 2024
  • кс. Раман Суша

20 верасня ў Сант’яга-дэ-Кампастэла працягнулася праца секцый па справах моладзі пры Радзе Канферэнцый Біскупаў Еўропы. Другі дзень сустрэчы быў прысвечаны абмеркаванню выклікаў і надзей сучаснай еўрапейскай моладзі.

Сярод дакладчыкаў першым выступіла прафесар Вера Ламаццы з Універсітэта Бергама, куратар праекта “Atlas of European Values”. Даследчыца звярнула ўвагу на тэорыі Шварца і Інгельхарта, разглядаючы фарміраванне каштоўнасцяў сярод моладзі ў перыяд перманентнага крызісу.

Ламаццы падкрэсліла, што сучасныя пакаленні сацыялізуюцца ў кантэксце пастаянных крызісаў, што значна ўплывае на іх перспектывы і надзеі. Яна адзначыла феномен YOLO (You Only Live Once), які адлюстроўвае імкненне маладога пакалення жыць тут і цяпер, не задумваючыся пра будучыню.

У сваю чаргу, доктар Паўл Мецлаф, адказны за душпастырства моладзі ў Каталіцкім Касцёле Германіі, абмеркаваў тэму секулярнасці і ролю Касцёла ў сучасным свеце. Ён выкарыстаў паняцце “апатэізм”, прапанаванае Томасам Галікам, каб апісаць поўную абыякавасць моладзі да рэлігійных пытанняў. Мецлаф адзначыў, што крытыка Касцёла з боку маладога пакалення часта заснавана на клішэ, а не на сур’ёзных дэбатах, тым не менш, галоўны выклік для Касцёла – гэта стварэнне прасторы для адкрыцця маладзёжнага дыялогу з жывым Богам.

Адным з ключавых пытанняў дня стала прэзентацыя даследавання “Моладзь Еўропы паміж разгубленасцю, надзеямі і пошукам Бога”, падрыхтаванай Камісіяй па справах моладзі Рады Каталіцкіх Біскупаў Еўропы. Праца прысвечана аналізу стану душпастырства моладзі ў розных краінах Еўропы і высвятляе галоўныя праблемы і перспектывы ў працы з моладдзю.

Завяршыўся другі дзень плённай дыскусіяй аб “добрых ініцыятывах” і “інавацыйным вопыце” у святле постсінадальнай адгартацыі Christus vivit, а таксама супольнай Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнта.

Першы дзень сустрэчы
Трэці дзень сустрэчы
Заключны дзень сустрэчы