Пастырскае слова біскупа Гродзенскага да моладзі на 40-ы Сусветны дзень моладзі ва Урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету
- 22 лістапада, 2025
- Фота: grodnensis.by
- Паводле Grodnensis.by
Напярэдадні 40-га Сусветнага дня моладзі, які адзначаецца ў нядзелю 23 лістапада ва Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй кіруе сваё слова да маладых вернікаў Касцёла Беларусі.
Дарагія маладыя сябры! Улюбёныя сыны і дочкі Касцёла ў Беларусі!
У гэты святочны дзень, калі Касцёл ва ўсім свеце праслаўляе Хрыста як Валадара Сусвету, я звяртаюся да вас — да сэрца беларускай моладзі — з асаблівай радасцю і надзеяй. Гэты год адзначае 40-ы юбілей Сусветных дзён моладзі, і мы разважаем над словамі Езуса: «Але і вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною» (Ян 15, 27).
Гэтыя словы становяцца для нас не толькі духоўным дэвізам, але і даручэннем Хрыста, Які давярае вам, маладому Касцёлу, вялікую місію — быць Яго сведкамі ў сучасным свеце.
«Ты ад пачатку са Мною» — і ў гэтым твая годнасць
Святы Айцец Леў XIV, звяртаючыся ў гэтым годзе да моладзі, нагадвае, што першасная ісціна нашай веры — гэта не тое, што мы робім для Бога, але тое, што Бог робіць для нас, калі кліча: «Заставайся са Мною». Быць з Хрыстом — значыць дазволіць Яму глядзець у глыбіню вашага сэрца, прыняць Яго прысутнасць у вашых ранах, пытаннях і сумненнях, адкрыцца на Яго любоў, якая не асуджае, але падымае, умацоўвае і вучыць вернасці.
Ніхто не здольны забраць у вас годнасці, якую дае Хрыстус. Ні страх, ні слабасць, ні памылкі. Ён кажа: «Ты Мой, Я з табою» — і ў гэтым пачынаецца шлях сапраўднага жыцця.
«Вы таксама сведчыце» — не абяцанне, а даручэнне
Сведчанне пачынаецца там, дзе вашае жыццё становіцца прамяністым люстэркам Хрыста.
Моладзь — асяроддзе, у якім Бог піша сваю гісторыю
Дарагія юнакі і дзяўчаты! Вы не толькі частка Касцёла, вы яго жывое сэрца. Менавіта ў вас Бог абуджае новыя задумы, новыя шляхі, новыя спосабы служэння. Можа, хтосьці з вас сёння перажывае цяжкасці, адчувае пустэчу, нявызначанасць або самотнасць. Памятайце: у гісторыі многіх святых і благаслаўлёных час цемры станавіўся часам сустрэчы з Богам, Які запальваў іх новую дарогу.
Свету патрэбна ваша свежасць, чысціня сэрца, шчырасць пошуку, здольнасць марыць, вера, якая не баіцца рызыкаваць дзеля Евангелля.
Сведчанне ў свеце, якому патрабуецца надзея
Мы жывём у час хуткіх змен, напружанняў, культурных выклікаў і духоўных сумненняў. Свет часта прапануе простыя, але пустыя адказы. Аднак менавіта ў гэтым свеце Бог ставіць вас як знак надзеі. Вы можаце быць такой надзеяй, калі падтрымліваеце сябра, які падае духам; калі адмаўляеце злосці і нянавісці; калі выбіраеце прабачэнне; калі з павагай ставіцеся да жыцця; калі не саромеецеся малітвы і веры; калі не адмаўляецеся ад сваіх хрысціянскіх каштоўнасцяў.
Свету патрэбна ваша адвага і ваша святло
Дарагая моладзь Беларусі!
Хрыстус кліча вас сёння, цяпер, не «калісьці».
Марыя — Маці кожнай маладой душы
Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, якая заўсёды была блізкай да маладых сэрцаў, вядзе вас да свайго Сына. Яна — Маці чысціні, Маці надзеі, Маці дарогі. У Яе руках вашы страхі могуць стаць даверам, а вашы мары — Божай справай. Даручаю вас усіх Яе матчынаму заступніцтву.
Дарагія мае маладыя сябры!
«Але і вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною» — няхай гэтыя словы стануць вашым штодзённым натхненнем. Няхай яны вядуць вас да смеласці быць Божымі, быць сапраўднымі, быць людзьмі святла. Няхай Хрыстус, Валадар Сусвету, апякуецца і валадарыць у кожным з вас, умацоўвае ў веры, накіроўвае вашыя крокі і напаўняе вашыя сэрцы сваёй радаснай і вызваляючай любоўю.
З пастырскай любоўю і благаслаўленнем,
Ваш біскуп Уладзімір