Skip to main content

Пастырскае слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, на урачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла

29 чэрвеня
  • 27 чэрвеня, 2026
  • Выява ілюстрацыйная // Catholicminsk.by

На надыходзячую ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, кіруе вернікам сваё пастырскае слова.

Пастырскае слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
на ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

Урачыстасць, якую мы адзначаем сёння, нагадвае нам пра першых і найбольш руплівых прапаведнікаў веры Пана нашага Езуса Хрыста: двух самых знакамітых апосталаў, якім мы павінны быць ўдзячныя за святло сапраўднай веры, якую мы вызнаём.

Сёння мы ўзгадваем мучаніцтва святога Пятра — Скалы, і святога Паўла — Апостала народаў. Яны з’яўляюцца фундаментальнымі апорамі, на якіх Хрыстус будуе свой Касцёл. У Евангеллі ад святога Мацвея чытаем рашучыя словы Езуса: «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам Табе ключы Валадарства Нябеснага» (Мц 16, 18-19). І чуем таксама сведчанне Паўла ў яго пасланнях: «Пан стаў пры мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне было абвешчана Евангелле і каб усе народы пачулі яго» (пар. 2 Цім 4, 17).

Мае дарагія! У гэтых выбраных місіянераў-апосталаў два розныя шляхі да Хрыстовага вучэння, але адно пакліканне. Пётр — рыбак з Галілеі, пакліканы ад самага пачатку, названы скалою, падмуркам адзінства. Павел — фарысей, які пераследаваў хрысціянаў, пакліканы абвяшчаць Евангелле аж да краёў зямлі.

Гэтыя апосталы вельмі розныя па характары, тэмпераменце і паходжанні. Але іх аб’ядноўвае самае галоўнае — бязмежная адданасць Хрысту і місія будаўніцтва Яго Касцёла.

Святы Пётр з’яўляецца знакам стабільнасці, трываласці і нязменнасці вучэння Хрыста. Ён увасабляе тое, што з’яўляецца фундаментальным у Касцёле, тое, што гарантуе бесперапыннасць і адзінства ў праўдзе. Кодэкс Кананічнага Права пастанаўляе: Біскуп Рымскага Касцёла, у якім трывае заданне, асаблівым чынам даручанае Панам аднаму толькі Пятру, першаму сярод Апосталаў, і якое перадаецца яго наступнікам, з’яўляецца галавой Калегіі Біскупаў, Вікарыем Хрыста і Пастырам паўсюднага Касцёла на ўсёй зямлі; таму ён, на моцы свайго задання, мае ў Касцёле вярхоўную, поўную, непасрэдную і паўсюдную звычайную ўладу, якую заўсёды можа свабодна  ажыццяўляць (Кан 331). Адсюль Катэхізіс Каталіцкага Касцёла нагадвае нам, што Папа, біскуп Рыма і наступнік святога Пятра, «з’яўляецца трывалым і бачным падмуркам адзінства Касцёла» (КККК 182). Святы ж Павел — гэта сімвал дынамізму, місіянерскай руплівасці і паўсюднасці Касцёла. Ён увасабляе тое, што ў Касцёле адкрыта свету, гатовы ісці ва ўсе бакі, каб несці Добрую Вестку ўсім народам без выключэння.

Выбар Хрыстом гэтых двух апосталаў з’яўляецца ключом да зразумення Касцёла. Нам аднолькава патрэбны і трывалы падмурак Пятра, і місіянерскі запал Паўла. Касцёл не можа існаваць без вернасці нязменнай аб’яўленай праўдзе (сімвалам гэтага з’яўляецца апостал Пётр), але Касцёл таксама не можа закрыцца ў сабе ці адмовіцца ад абвяшчэння гэтай праўды ўсім народам і культурам (і гэта сімвалізуе асоба апостала Паўла).

Любыя вернікі! Місія апосталаў таксама служыць рэалізацыі вучэння Хрыста. Місія апостала Пятра — «умацоўваць у веры». Місія апостала Паўла — «дапоўніць абвяшчэнне Евангелля ўсім народам». Гэтыя дзве місіі, сімвалізаваныя двума апосталамі, чыю мучаніцкую смерць мы ўспамінаем сёння, няспынна працягваюцца ў нашым паўсюдным Касцёле.

Касцёл — там, дзе знаходзіцца Пётр нашага часу, і там, дзе з апостальскім запалам святога Паўла Евангелле распаўсюджваецца аж да краёў зямлі.

Падчас адной з пілігрымак Папа Бэнэдыкт XVI сказаў: «Дарагія сябры (…) Не бойцеся будаваць у Касцёле і з Касцёлам! Ганарыцеся сваёй любоўю да Пятра і да Касцёла, даручанага яму. (…) Ёсць адна скала, на якой варта будаваць дом. Гэтая скала — Хрыстус. Ёсць адна скала, на якой варта ўсё пакласці. Гэтая скала — тая, каму Хрыстус сказаў: «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой»».

У сённяшнюю ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла Хрыстус нібы пытаецца ў кожнага з нас пра нашу веру і любоў да Яго. Апосталы Пётр і Павел прынялі мучаніцкую смерць за сваю веру і любоў да Хрыста. Яны захавалі вернасць Хрысту аж да праліцця крыві. Іх святасць заклікае нас таксама стаць святымі. Праз веру ў Езуса Хрыста як Сына Божага і Месію, і праз сакрамэнт хросту мы ўключаемся ў супольнасць Касцёла. Жывучы ў гэтай супольнасці, мы павінны кожны дзень адказваць на пытанне, кім з’яўляецца Езус Хрыстус для нас.

Бо менавіта прыняцце Хрыста як Сына Божага і Збаўцы вядзе да збаўлення.

З самага пачатку Хрыстус клапаціўся пра сваіх вучняў і вызваляў іх ад розных небяспекаў. Святы Пётр зведаў цудадзейнае вызваленне з вязніцы, а святы Павел быў упэўнены ва ўзнагародзе вечнага жыцця. Апосталы ведаюць, што, нягледзячы на пераслед і пагрозу мучаніцтва, Хрыстус, у якога яны верылі і якога абвяшчалі, не расчаруе іх. Яны ўсведамляюць, што абвяшчэнне Евангелля было добрай барацьбой. Пасля завяршэння свайго жыццёвага шляху яны атрымаюць вянец праведнасці ад самога Хрыста — дар вечнага жыцця.

Браты і сёстры! Гэтыя вялікія апосталы сёння заклікаюць і нас спытаць сябе: «Кім для мяне з’яўляецца Езус Хрыстус? Ці Ён для мяне — постаць з мінулага, настаўнік маралі ці жывы Пан і Збаўца? Якія наступствы мае гэты адказ у маім штодзённым жыцці — у маім выбары, паводзінах, малітве, адносінах? Ці мая вера — гэта проста збор звычак ці ўсё ж такі жывыя, асабістыя адносіны з Тым, хто ёсць Сынам Бога Жывога?

Кожны з нас павінен пастаянна задумвацца, якое месца займае вера ў маім жыцці, каму я давяраю найглыбейшыя таямніцы свайго сэрца і на якой скале я будую сваё жыццё. Езус заклікае нас сёння, тут і цяпер, сведчыць пра Яго, вызнаваць Яго перад светам так, як гэта рабіў Пётр, як гэта рабіў Павел. Езус пастаянна прыходзіць нам на дапамогу ў сучасным хаосе бессэнсоўнасці і павярхоўнасці сучасных уяўленняў пра жыццё, і ўсё, чаго Ён жадае, — гэта наша вера і вернае Яму сэрца. Сёння нам патрэбна вера апостала Пятра-Скалы, — простая, адважная і рашучая вера. Нам патрэбна вера апостала Паўла, мудрая і глыбокая вера, якая не баіцца супрацьстаяць складаным выклікам сучаснасці. Нам патрэбна вера, якая можа быць скалой, на якой будзе грунтавацца ўсё наша жыццё.

Папа Леў XIV зазначае:

«Гісторыя Пятра і Паўла вучыць нас, што супольнасць, да якой нас заклікае Пан, — гэта гармонія галасоў і твараў, і яна не выключае свабоды кожнага з нас. Апосталы Пётр і Павел ішлі рознымі шляхамі, прытрымліваліся розных поглядаў, часам нават канфрантавалі і спрачаліся з евангельскай шчырасцю. Аднак гэта не перашкодзіла ім жыць concordia apostolorum, гэта значыць жывой супольнасцю ў Духу, плённай гармоніяй у разнастайнасці».

Святы Аўгустын сцвярджае: «У адзін і той жа дзень мы ўспамінаем мучаніцтва двух апосталаў. Яны таксама былі адным цэлым. Хоць яны цярпелі ў розныя дні, яны былі адным» (Пропаведзь 295, 7.7). У цэнтры пачутага намі Евангелля ляжыць тое ж пытанне, якое Езус задае сваім вучням і якое Ён сёння адрасуе і нам, каб мы маглі зразумець, ці захоўвае шлях нашай веры свой дынамізм і жыццяздольнасць, ці жыве яшчэ полымя нашых адносін з Панам: «А вы кім Мяне лічыце?» (пытае нас Езус (Мц 16, 15)).

Кожны дзень, у кожную гадзіну гісторыі мы павінны заўсёды звяртаць увагу на гэтае пытанне.

Калі мы не хочам, каб наша хрысціянскае існаванне зводзілася да спадчыны мінулага, вельмі важна пазбягаць рызыкі стомленай і статычнай веры і задаваць сабе пытанне: кім для нас сёння з’яўляецца Езус Хрыстус? Якое месца Ён займае ў нашым жыцці і ў дзейнасці Касцёла? Як мы можам сведчыць пра гэтую надзею ў нашым штодзённым жыцці і абвяшчаць яе тым, каго сустракаем?

Браты і сёстры, распазнаванне, якое вынікае з гэтых пытанняў, разважае папа Леў, дазваляе нашай веры і Касцёлу пастаянна аднаўляцца, а таксама знаходзіць новыя шляхі і новыя метады абвяшчэння Евангелля. Гэта, разам з камуніяй, павінна быць нашым першым прагненнем» (Папа Леў XIV, Рым, 29.06.2025 г.).

Мае дарагія! Няхай сённяшняя ўрачыстасць дапаможа нам захапіцца сведчаннем Пятра і Паўла, іх радыкальнай адданасцю Хрысту аж да праліцця крыві, няхай заахвочвае нас да аднаўлення нашага асабістага вызнання веры. Няхай гэта дапаможа нам з перакананнем адказаць: «Ты — Месія, Сын Бога Жывога» — і няхай гэтае вызнанне фарміруецца ў гэты час, у якім Бог паклікаў і выбраў нас.

Просім святых апосталаў Пятра і Паўла, каб іх вера, мужнасць і іх любоў да Хрыста і Яго Касцёла ўмацоўвалі нашу веру і натхнялі нас быць адважнымі сведкамі нашага Збаўцы. Няхай наша жыццё, як і іх жыццё, будзе ясным адказам на пытанне, кім для нас сёння з’яўляецца Езус Хрыстус.

На вернае следаванне за Хрыстом і на аднаўленне нашай веры шчырым сэрцам благаслаўляю: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 ✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі