Skip to main content

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Адвэнт 2025 года

30 лістапада
  • 29 лістапада, 2025
  • Ілюстрацыйная выява: catholicnews.by // Catholicminsk.by

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе вернікам архідыяцэзіі і мітраполіі Пастырскае пасланне на Адвэнт, які распачнецца сёлета 30 лістапада.

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
на Першую нядзелю Адвэнту 2025 года

«…Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе» (Мц 24, 42)

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

У Каталіцкім Касцёле ёсць два вельмі важныя літургічныя перыяды — Адвэнт і Вялікі пост. Вялікі пост набліжае нас да таямніцы Крыжа і Уваскрасення. Ён дазваляе нам асэнсаваць, што хрысціянская вера з’яўляецца Пасхай у першасным значэнні гэтага слова, а значыць, пераходам ад стану смерці да стану вечнага жыцця.

Адвэнт жа, які азначае «прыйсце», змяшчае акцэнт на час зямнога жыцця, паказваючы, што спрадвечны і міласэрны Бог вырашыў увайсці ў рамкі часу, у нашае прамінальнае часовае жыццё дзеля нашага збаўлення. Гэта здарылася, калі Бог паслаў свайго Сына, каб Той нарадзіўся ў Бэтлееме, а потым стаў вядомы як Езус з Назарэта. Такім чынам, нашае жыццё знаходзіцца паміж дзвюма найважнейшымі падзеямі. Першая з гэтых падзей — сыходжанне Бога ў нашу гісторыю — уцелаўленне Сына Божага. Другая падзея — гэта Яго абяцанае вяртанне. Хрыстус абвясціў сваё другое прыйсце напрыканцы часоў, калі будзе выяўлена поўная слава Бога. Дзень і час гэтага другога прыйсця ведае толькі Бог.

Сёння, з ласкі Божай Міласэрнасці, мы распачынаем перыяд Адвэнту. Гэтыя чатыры тыдні, якія нас чакаюць наперадзе, праляцяць вельмі хутка, а ўлічваючы тое, што ўсе мы хочам як мага лепш падрыхтавацца да святкавання Божага Нараджэння ў нашых дамах, часу ўвогуле зусім мала.

Адвэнт абвяшчае, што Бог блізка, вельмі блізка. Таму найперш трэба імкнуцца духоўна падрыхтавацца да перажывання гэтай незвычайнай падзеі — Уцелаўлення Сына Божага. Гэты кароткі перыяд таксама прызначаны для таго, каб падрыхтаваць нас, асабліва ў першай яго частцы, да другога прыйсця Хрыста.

Як мы можам пражыць гэты час, каб Пан Бог, які набліжаецца, не знайшоў нас згубленымі ў пустыні граху, роспачы і адчаю? Толькі Бог ведае, колькі яшчэ Адвэнтаў будзе ў жыцці кожнага з нас, таму мы заўсёды павінны быць падрыхтаванымі да Яго прыйсця.

Мае дарагія. Падчас Адвэнту добра было б кожнаму з нас прымяняць пэўныя духоўныя практыкі. Яны патрэбныя нам не толькі для таго, каб падрыхтавацца да свята Божага Нараджэння, але яны неабходныя нам на працягу ўсяго года і ўсяго нашага жыцця. Гэта найперш чуванне, чаканне Божых дзеянняў і надзея.

Святая сястра Фаўстына дае нам карысныя парады на Адвэнт. У яе «Дзённіку» мы чытаем: «Маці Божая навучыла мяне, як падрыхтавацца да свята Божага Нараджэння. Сёння я бачыла Яе без Дзіцяткі Езуса. Яна сказала мне: Дачка Мая, старайся быць ціхай і пакорнай, каб Езус, які пастаянна жыве ў тваім сэрцы, мог адпачыць. Адаруй Яго ў сваім сэрцы» (Дз 785). У наступным годзе Фаўстына напісала: «Набліжаецца Адвэнт. Я хачу падрыхтаваць сваё сэрца да прыйсця Пана Езуса праз ціхасць і засяроджанасць духу, яднаючыся з Найсвяцейшай Маці і верна наследуючы Яе цноту ціхасці, з дапамогай якой Яна знайшла ласку ў вачах самога Бога» (Дз 1398). Такія маленькія крокі могуць змяніць нашае жыццё — не толькі падчас Адвэнту, але і ў любы іншы час года.

Чуванне перш за ўсё прадугледжвае пэўныя намеры, якія нам дапамогуць перамяніцца. Перадусім прадугледжвае нашую пільнасць, нашую актыўнасць. Чуйны чалавек не можа быць пасіўным. Калі маці чувае каля калыскі, яна слухае, глядзіць на сваё любімае дзіцятка. Яна пільнуе яго, бо ведае, што заўсёды павінна быць напагатове, знаходзячыся пры сваім дзіцяці. Адвэнт заклікае да такой пільнасці і актыўнасці, якая заахвочвае прыслухацца да свайго сумлення. Заахвочвае нас зазірнуць у сваё сэрца, у сваю душу, каб перамяніцца і ачысціцца ад грахоў. Гэтая заглыбленасць у нашае сумленне неабходная для таго, каб не размінуцца з Богам.

Падчас Адвэнту мы павінны вызваліць месца ў сэрцы для Хрыста, таму трэба паклапаціцца, каб мы ўключыліся не толькі ў малітоўнае чуванне, але каб чувалі над сваім маральным станам.

Іншы раз здараюцца ў нашым жыцці, здавалася б, непрыемныя дробязі, але яны могуць парушаць нашыя адносіны з Богам і з бліжнімі. Памятайма, гэты Адвэнт, падараваны нам Богам, больш ніколі не паўторыцца. Таму мы павінны выкарыстаць гэтыя чатыры тыдні для працы над сабою, каб быць актыўнымі ў вяртанні да Пана. Адвэнт — гэта не толькі час навяртання, але таксама і час для жыцця словам Божым, час для таго, каб мы давалі сведчанне аб сваім навяртанні, аб сваёй веры.

Вельмі важнай з’яўляецца таксама захоўваць духоўную засяроджанасць, якая дазволіць нам адчуваць дзеянне Бога і задумацца, што Бог хоча сказаць кожнаму з нас праз Яго слова ў Святым Пісанні і праз людзей, якія сустракаюцца на нашым жыццёвым шляху, праз тыя цярпенні, выпрабаванні і прыніжэнні, якія мы зносім. Часта, калі напаткаюць нас няўдачы, мы наракаем і нават упадаем у адчай, засяроджваючыся толькі на сваім уласным няшчасці. Аднак, магчыма, у гэтых сітуацыях Бог прамаўляе да нас, пасылае нейкую вестку, падказку, а мы не можам з-за сваіх эмоцый зразумець гэтага. Памятайма: часам менавіта праз гэтыя сітуацыі нашага прыніжэння і цярпення Бог аздараўляе нас.

Хіба варта сказаць яшчэ пра адну важную паставу чування — гэта спагадлівасць і заўсёдная гатоўнасць дапамагчы бліжняму. Чалавек, які чувае, усведамляе пагрозы і небяспекі, якія могуць быць прычынаю многіх бедаў. Найлепшым прыкладам такой гатоўнасці з’яўляецца чуванне пры хворых. Тыя, хто даглядае хворых, асабліва паралізаваных, выдатна ведаюць праблемы, якія могуць здарыцца і якія могуць быць прычынаю смерці гэтых людзей. Таму тыя, хто апякуецца хворымі, павінны быць ахвярнымі і духоўна моцнымі, каб заўсёды быць гатовымі супрацьстаяць гэтым пагрозам.

Падрыхтаваны чалавек валодае неабходнымі сродкамі, каб змагацца з праблемамі. У Адвэнце такім сродкам з’яўляецца ласка. Гэта такі сродак, які не дае нам прапусціць Настаўніка з Назарэту. Таму мы павінны выхоўваць у сабе стан асвячальнай ласкі, магчымасць (гатоўнасць) частага прыняцця святой Камуніі. Мы павінны цаніць стан асвячальнай ласкі, бо такім чынам мы будзем гатовыя да прыйсця Пана. У сваім Пасланні да Рымлянаў святы Павел заклікае: «Апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста» (гл. Рым 13, 13). Каб апрануцца ў Хрыста, нам трэба перамяніцца, трэба нам перажыць шчырае навяртанне, якое выяўляецца таксама ў гатоўнасці прызнаць свае слабасці і адважна вызнаць свае грахі. Толькі Хрыстус «мае ўладу адпускаць грахі» (Мц 9, 6). Сустрэча з Ім у сакрамэнце пакаяння — гэта ўнікальная магчымасць для перамены, бо моцаю сваёй ахвяры на крыжы Ён здымае цяжар граху з чалавека і дазваляе яму жыць у свабодзе дзіцяці Божага.

Варта зазначыць, што чуванне прадугледжвае яшчэ іншую паставу — паставу чакання. Чалавек, які знаходзіцца на чуванні, «пільнуе», нецярпліва чакаючы прыйсця Таго, хто прыходзіць. Гэтае чаканне скіравана на тое, каб не прапусціць важныя знакі, якія з’яўляюцца прадвесцем прыйсця. Знакам можа быць выпадковая падзея ці іншы чалавек. Адвэнт павінен быць часам для таго, каб зразумець гэтыя знакі. У Пасланні да Рымлянаў святы Павел піша пра гэтае распазнаванне знакаў: «Ноч мінула, і наблізіўся дзень». Таму будзем чакаць прыйсця Пана, але не забудзем падрыхтавацца да яго. Калі ў сэрцы будзе спакой, пастава чування — гэта значыць актыўнасці, гатоўнасці і чакання — ніякія жыццёвыя буры нас не зламаюць. Няхай перажыванне Адвэнту, гэтага перыяду чування, якое ўмацоўвае нас, прастуе нашыя сцежкі.

Калі мы падрыхтуем свае сэрцы, мы зможам стаяць прама і ўзняць галовы, чакаючы прыйсця нашага Збаўцы, які дапаможа нам дасягнуць дасканаласці. Як мы можам гэта зрабіць? Сённяшняе Евангелле дае нам адказ —

малітва мае першараднае значэнне. Падчас доўгіх адвэнтавых вечароў давайце прысвяцім ёй крыху больш часу.

Мы можам запаліць свечку, прачытаць урывак з Бібліі, прачытаць малітву з малітоўніка, прыняць удзел у Раратняй Імшы або адараваць Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Час Адвэнту дазваляе нам знайсці саміх сябе, бо мы як бы знаходзімся паміж двума полюсамі, паміж двума магутнымі прыйсцямі Хрыста. Першае прыйсце адбылося дзве тысячы гадоў назад. Гэта падзея, вельмі незвычайная ў гісторыі чалавецтва, калі спрадвечны Усемагутны Бог ступіў на зямлю і прыняў аблічча чалавека. Нарадзілася Слова — нарадзіўся для нас Езус Збаўца. Хрыстус таксама сказаў, што Ён вернецца і Яго прыйсце адбудзецца ў трыўмфе і хвале. Ён прыйдзе, каб заступіцца за ўсіх тых, хто палюбіў Яго ў сваім жыцці. І таму мы жывем нібы паміж дзвюма найвялікшымі падзеямі. Аднак паміж гэтымі прыйсцямі, як гаварылі айцы Касцёла і многія святыя, ёсць і трэцяя падзея — прыйсце Езуса да кожнага з нас. Бог кожнаму рыхтуе такія моманты, калі Ён далікатна дакранаецца да нас, ніколі не пазбаўляючы нас свабоды дзяцей Божых. Часам ад нашага адчування таго моманту ласкі будзе залежаць наша будучыня. Напэўна, многія з нас ужо спазналі такі момант ласкі, момант далікатнага дотыку да нашай душы, калі Пан Бог прыцягнуў нас да сябе. Можа, мы былі далёкія ад веры і абыякавыя да Бога, але раптам з’явіўся Ён і нашае жыццё перамянілася. І сёння мы збіраемся ў святынях не таму, што мы лепшыя за іншых, а толькі таму, што Бог паглядзеў на нас з любоўю і даў нам пэўны кірунак жыцця — мы ўжо ведаем, куды ідзем і чаго мы хочам дасягнуць.

Любыя браты і сёстры! З першай нядзелі Адвэнту распачынаецца новы літургічны год. Учора завяршыўся літургічны год 2024–2025, які Апостальскай Сталіцай быў аб’яўлены Юбілейным пад дэвізам «Пілігрымы надзеі».

У Паўсюдным Касцёле Святы год працягваецца да 6 студзеня 2026 года, аднак у мясцовых (дыяцэзіяльных) Касцёлах завяршэнне Юбілейнага Года 2025 адбудзецца ў нядзелю 28 снежня: у Архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску і Конкатэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве. Таму вернікі маюць яшчэ магчымасць наведаць юбілейныя святыні і скарыстацца прывілеямі Юбілейнага года. Гэты год быў багатым на падзеі і адметны малітоўнай актыўнасцю нашых вернікаў. У Будслаўскім санктуарыі падчас ліпеньскага фэсту адбылося прысвячэнне Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Нядаўна, у кастрычніку, была здзейснена пілігрымка ў Рым, дзе адбылася незабыўная сустрэча са Святым Айцом Львом XIV, а таксама ўпершыню ў Базыліцы Святога Пятра цэлебравалася святая Імша на беларускай мове.

Мае дарагія, з кастрычніка таксама распачалася Навэнна «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас», прысвечаная падрыхтоўцы да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Хрыста. Заахвочваю далучацца да гэтай Навэнны, якою мы атуляем не толькі ўсіх вернікаў, але і ўвесь народ Беларусі. 6 снежня, у першую суботу месяца, у Будслаўскім санктуарыі адбудзецца трэці дзень Навэнны. Праз Кроў Хрыста будзем маліцца за сем’і нашага краю, каб дзякуючы аднаўленню ў Хрысце і па прыкладзе Святой Сям’і з Назарэта яны станавіліся сапраўднай святыняй жыцця і любові. Найдаражэйшай Крыві Хрыста даручым нашу моладзь, дзяцей, хворых і нямоглых, тых, хто знаходзіцца ў роспачы і страціў сэнс жыцця. Браты і сёстры. Пастараемся ж удзельнічаць у набажэнствах, просячы, каб «Кроў Хрыста пранікала ў кожнага чалавека і ў яго справы, прыносячы ўсім нам, паводле волі Божай, вызваленне, ачышчэнне, аздараўленне і асвячэнне».

Умілаваныя! У наш час шмат людзей, абыякавых да Бога, губляюць сэнс жыцця. І ўсё больш людзей пакутуе ад розных залежнасцяў, не хочучы задумацца над галоўнаю мэтаю чалавечага жыцця, над тым, што такі стан можа прывесці чалавека да згубы. Трэба таксама памятаць: калі мы маем намер і імкненне паяднацца з Богам і перамяніць жыццё, то можам адчуваць атакі злога, якому не падабаецца, калі людзі выбіраюць Бога і імкнуцца да святасці. Таму ў кожны момант ідзе змаганне за нашыя душы, за душы нашых дзяцей і моладзі. Касцёл удзяляе сакрамэнты і раіць розныя малітоўныя практыкі, каб ратавацца ад злога. Зло спрабуе пераканаць нас у сваёй ілюзорнай перавазе, прадэманстраваць сваю нібыта ўсемагутнасць.

Але памятайма: менавіта Хрыстус — Пераможца і Збаўца свету! Ён ужо перамог грэх і смерць. У рэшце рэшт, менавіта Божая любоў затрыумфуе. Аднак Хрыстус чакае ад нас поўнага даверу, непахіснай і сапраўднай веры.

Папа Леў XIV падкрэслівае, што «наша вера сапраўдная толькі тады, калі яна ахоплівае ўсё нашае жыццё, калі яна становіцца крытэрыем нашага выбару, калі яна чыніць нас такімі мужчынамі і жанчынамі, якія прысвячаюць сябе дзейнасці дзеля дабра бліжніх і рызыкуюць дзеля любові, як гэта рабіў Езус» (з разважання перад малітваю «Анёл Панскі» 24.08.2025 г.), такім чынам нагадваючы нам пра справы міласэрнасці падчас чакання прыйсця Хрыста.

Браты і сёстры. Адвэнт — гэта асаблівы час чування над намі Найсвяцейшай Панны Марыі, якая вядзе нас да Езуса. Святы Айцец Леў XIV заклікае нас: «Папросім Панну Марыю дапамагчы нам мужна прайсці праз „вузкую браму“ Евангелля, каб мы з радасцю адкрыліся на бязмежнасць любові Бога Айца», якая праявілася ў нараджэнні Дзіцятка Езуса і ва ўсім Божым плане Збаўлення кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва.

На адказнае і плённае адвэнтавае чуванне з пажаданнем, каб нашыя сэрцы перамяняліся і станавіліся падобным да Сэрца нашага Збаўцы, шчыра благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 21 лістапада 2025 г.
Успамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі

Душпастырам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі належыць абвясціць гэты ліст вернікам 30 лістапада 2025 г., у Першую нядзелю Адвэнту.