Skip to main content

Міласэрнасць у дзеянні: вернікі са Стоўбцаў наведалі Мікалаеўшчынскі сацыяльны пансіянат «Нёманскі»

28 кастрычніка
  • 29 кастрычніка, 2026
  • Тэкст: Наталля Карніцкая // Фота: Наталля Карніцкая, Ганна Бычынская // Catholicminsk.by

28 кастрычніка валанцёры дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і члены Легіёна Марыі з парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах наведалі Мікалаеўшчынскі сацыяльны пансіянат «Нёманскі».

Да іх далучыўся мясцовы душпастыр, ксёндз Кірыл Бардонаў. Візіт стаў сведчаннем хрысціянскай любові да тых, хто асабліва патрабуе падтрымкі, суцяшэння і духоўнай апекі.

Галоўнай падзеяй сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз Кірыл. Падчас літургіі прысутныя з’ядналіся ў супольнай малітве, просячы ў Бога здароўя, сіл і супакою.

Састарэлыя людзі і людзі з інваліднасцю каталіцкага веравызнання змаглі прыступіць да сакрамэнту споведзі і прыняць намашчэнне хворых — знакі Божай міласэрнасці, якія ўмацоўваюць дух і суцяшаюць у жыццёвых выпрабаваннях.


Госці прывезлі з сабой і трохі зямной радасці: напрыканцы сустрэчы яны раздавалі салодкія пачастункі, сабраныя неабыякавымі парафіянамі са Стоўбцаў. Валанцёры і легіянеры таксама наведалі жыхароў пансіяната, якія не маглі самастойна прыйсці на сустрэчу.