Пастырскае слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на ўрачыстасць Усіх святых
- 29 кастрычніка, 2026
- Выява: pio.by
З нагоды ўрачыстасці Усіх святых, якая адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 1 лістапада, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе сваё слова да вернікаў.
Пастырскае слова
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага,
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага,
на ўрачыстасць Усіх Святых
Памятайма абяцанне Хрыста:
«Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах»
(Мц 5, 12)
Умілаваныя браты і сёстры!
Сёння Паўсюдны Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых, якую называюць святам трыумфуючага, пераможнага і праслаўленага Касцёла ў нябёсах, да якога мы ўсе імкнемся. Сапраўды, сёння мы стаім перад таямніцай жыцця і смерці, таямніцай прамінальнасці і вечнасці. Але сёння не дзень смутку ці жалобы. Сёння дзень радасці, бо Касцёл адчыняе нам брамы нябёсаў і кажа: глядзіце, там ваш дом, там цячэ крыніца сапраўднага жыцця.
У Святым Пісанні мы чытаем, што ў Бога «адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень» (2 П 3, 8). У небе час не існуе, там мы спазнаем вечнае шчасце, якое ніколі не скончыцца. У Небе, па-за часам і прасторай, знаходзяцца многія з нашых блізкіх памерлых, якія адпакутавалі за свае грахі ў чыстцы і цяпер, будучы святымі, радуюцца прысутнасцю Бога.
Святы Павел пісаў, што на самой справе Бог недалёка ад кожнага з нас. «Бо ў Ім мы жывём, рухаемся і існуем» (Дз 17, 27-28). Зямны час бязлітасна імчыцца наперад; апошнім часам нам здаецца, што ён вельмі паскараецца. Але гэты час, дадзены і прызначаны нам Богам, у пэўны момант нашым Стварыцелем будзе спынены. У пэўным сэнсе, ад добрага выкарыстання яго, згодна з евангельскімі благаслаўленнямі, залежыць, як хутка мы сустрэнемся ў небе з усімі святымі, сярод якіх шмат нашых блізкіх і сяброў.
Той, хто стварыў свет і паслаў свайго Сына, каб прынёс чалавеку збаўленне, хоча даць сваім дзецям самае каштоўнае. Ён дзеліцца сваёй святасцю, Ён ахвяруе сябе.
Хтосьці сказаў, што святасць раздаецца, як полымя. Бог праходзіць сярод людзей, як пасхал падчас Пасхальнай вігіліі, і раздае сваё святло кожнаму, хто працягвае руку, каб яго атрымаць. Ён сам не губляе нічога са свайго бляску. Валадарства Нябеснае адчынена, бо Пан Бог пакінуў нам, усім без выключэння, каштоўную спадчыну.
Пра гэтую спадчыну пісала святая сястра Фаўстына ў сваім «Дзённіку»: «Аднойчы, калі я горача малілася да святых (…), раптам я ўбачыла Анёла Ахоўніка, які прывёў мяне да Божага трону; я праходзіла праз вялікія шэрагі святых, пазнала шмат знаёмых (…) Я падышла да самага Божага трону. Я бачыла вялікае і недаступнае ззянне, бачыла прызначанае для мяне месца блізка каля Бога, але якое яно, я не ведаю, бо яго закрывала воблака, але мой Анёл Ахоўнік сказаў мне: «Тут твой трон за вернасць у выкананні волі Божай» (Дз 683).
Святая сястра Фаўстына была адорана ласкаю ўбачыць стан, які чакае праведных вернікаў у вечнасці: «Сёння духоўна я была ў небе і бачыла тыя неспасцігальныя прыгажосць і шчасце, якія чакаюць нас пасля смерці. Я бачыла, як усе стварэнні нястомна ўзносяць пашану і хвалу Богу; я бачыла, якое вялікае ёсць шчасце ў Богу, што разліваецца на ўсе стварэнні, робячы іх шчаслівымі, і ўсялякая хвала і пашана з гэтага шчасця вяртаецца да Крыніцы; і яны ўваходзяць у глыбіні Божыя, сузіраюць унутранае жыццё Бога — Айца, Сына і Духа Святога, якога ніколі не зразумеюць і не спасцігнуць. Цяпер я разумею святога Паўла, які сказаў, што ані вока не бачыла, ані вуха не чула, і не прыходзіла ў сэрца чалавека тое, што падрыхтаваў Пан Бог тым, хто Яго любіць» (Дз 777). І такое жыццё падрыхтавана для кожнага з нас без выключэння. Але ці чакаем мы яго, ці сумуем па гэтым вечным шчасці?
Гэта нашы бабулі, якія навучылі нас знаку крыжа і першым малітвам, якія пачыналі кожны дзень з ружанца, гэта дзядуля, які шмат працаваў, дбаючы, каб у хаце хапала хлеба і любові. Святасць — гэта пакліканне для кожнага з нас.
У Евангеллі Езус дае нам восем благаслаўленняў — указальнікаў, якія можна параўнаць з драбінаю да нябёсаў. «Шчаслівыя ўбогія духам… шчаслівыя лагодныя… шчаслівыя міласэрныя… шчаслівыя чыстыя сэрцам…». Гэта жыццёвая праграма, якую можа выканаць кожны з нас.
Пра гэта сведчаць прыклады тых святых, якія зусім нядаўна былі кананізаваныя, — святых П’ера Джорджо Фрасаці і Карло Акуціса. Карло Акуціс, звычайны падлетак ХХІ-га стагоддзя, які любіў камп’ютарныя гульні, піццу і футбол. Але ў той жа час яго сэрца было напоўнена любоўю да Бога і бліжняга. Ён казаў: «Эўхарыстыя — гэта мая аўтастрада на неба». Ён паказаў свету, што святасць магчымая і ў цяперашні час.
І П’ер Джорджо, і Карло развівалі сваю любоў да Бога і бліжняга дзякуючы простым сродкам, якія ўсім даступныя: штодзённы ўдзел у святой Імшы, малітву і асабліва эўхарыстычную адарацыю. Святы Карло Акуціс часта паўтараў: «Знаходзячыся пад промнямі сонца, мы загараем. Стоячы перад Езусам у Эўхарыстыі, мы становімся святымі! (…) Смутак — гэта позірк, скіраваны на самога сябе. Шчасце — гэта позірк, скіраваны да Бога. Навяртанне — гэта не што іншае, як скіраванне позірку знізу ўверх; дастаткова простага руху вачэй».
Яшчэ адной важнай рэччу для іх была частая споведзь. Карло Акуціс пісаў: «Адзінае, чаго нам сапраўды трэба баяцца, — гэта грэх». І ён здзіўляўся, калі, як ён казаў, «людзі так клапоцяцца пра прыгажосць свайго цела, але не дбаюць пра прыгажосць сваёй душы». Абодва — і П’ер Джорджо, і Карло — вельмі шанавалі святых і Маці Божую і шчодра практыкавалі любоў да бліжняга. П’ер Джорджо, якога святы Ян Павел ІІ называў «чалавекам васьмі благаслаўленняў», казаў:
Ён называў любоў да бліжняга «падмуркам нашай рэлігіі» і, як і Карло, практыкаваў яе ў асноўным праз невялікія, канкрэтныя, часта схаваныя жэсты. Дэвізам яго жыцця быў заклік «Да вышыняў!», мэтаю якога было няспыннае духоўнае развіццё.
Браты і сёстры! Шчаслівыя ўбогія…
Гэты год прысвечаны святому Францішку з Асізі. Святы Францішак прагнуў жыць паводле Евангелля, таму ён прапаведаваў міласэрнасць і з пакораю зносіў прыніжэнні. Святы Францішак быў сярэднявечным аскетам, але яго вера была радаснай. Ён сваім жыццём сведчыў: святасць — гэта праяўленне любові і зразумення ў адносінах да бліжняга. Хоць гэты святы жыў восем стагоддзяў таму, сёння яго вучэнне актуальнае і зразумелае.
Папа Леў ХIV у 800-годдзе з дня смерці святога Францішка Асізскага зазначыў: «Натхнёны ўкрыжаваным Хрыстом, Францішак найперш пабудаваў уласнае жыццё на Хрысце як на падмурку, падзяляючы Яго беднасць, радасць і цярпенні, аж да містычнага знаку стыгматаў. Харызма святога Францішка і сёння, праз восем стагоддзяў, прыносіць плён.
Няхай надзея, якая зрабіла нас пілігрымамі, пераменіцца ў руплівасць і запал да дзейснай любові» (Dekret w osiemsetną rocznicę śmierci świętego Franciszka, 10.01.2026).
Мае дарагія. Святыя заступаюцца за нас, асвятляючы наш шлях. Яны абараняюць нас ад падманлівых пастак злога і з вельмі чакаюць моманту сустрэчы з намі.
З імі мы ўтвараем адну сям’ю, шматлікую сям’ю Касцёла.
Няхай словы з Прэфацыі «Жыццё Тваіх верных, Пане, змяняецца, але не заканчваецца, і калі знікне дом іх зямнога жыхарства, яны знойдуць падрыхтаванае для іх у небе месца вечнага прабывання» будуць для ўсіх нас надзеяй і гарантыяй, што наш Збаўца заўсёды выконвае свае абяцанні (з І Прэфацыі святой Імшы за памерлых).
Таму сёння просім:
На годнае зямное жыццё і імкненне да святасці шчырым сэрцам усіх благаслаўляю: у Імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі