Новы этап евангелізацыі: у Мінску адбылася першая фармацыйная сустрэча служачых Альфа-курсу
- 28 кастрычніка, 2026
- Тэкст і фота: удзельнікі «Альфа Курса» // Catholicminsk.by
25 кастрычніка ў касцёле Божага Цела ў мікрараёне Ангарская (Мінск, вул. Герасіменкі, 6) адбылася важная падзея для каталіцкай супольнасці Беларусі. Тут прайшла першая фармацыйная сустрэча супрацоўнікаў евангелізацыйнага Альфа-курсу, якая аб’яднала ўдзельнікаў з Мінска і Навагрудка.
Каля 100 чалавек сабраліся, каб распачаць сумесны шлях служэння. Такая вялікая колькасць удзельнікаў стала яркім сведчаннем жывога водгуку на пакліканне Хрыста і жадання несці святло Евангелля ў сучасным свеце.
Аб’яднанне сталічнай і навагрудскай супольнасцяў падкрэсліла галоўнае: місія евангелізацыі не ведае межаў, яна будуецца на адзінстве сэрцаў і агульнай мэце.

Служэнне супрацоўніка курса на абшары Новай Евангелізацыі патрабуе глыбокай укаранёнасці ў веры і валодання якаснай тэалагічнай базай. Менавіта таму першым этапам фармацыі служачых Альфы стала «Школа вучня Хрыста», якая разлічана на 16 сустрэч і пабудавана па прынцыпе цэласнага духоўнага і інтэлектуальнага росту.
Праграма кожнай сустрэчы «Школы вучня Хрыста» ўключае ў сябе:
- праслухоўванне тэматычных лекцый, якія раскрываюць асновы каталіцкай веры і духоўнага жыцця;
- працу ў малых групах, дзе адбываецца абмен досведам веры і будуюцца братэрскія адносіны;
- індывідуальную працу з Божым словам, якая дазваляе асабіста сустрэцца з Богам у малітве і разважанні над Святым Пісаннем;
- вывучэнне Настаўніцтва Каталіцкага Касцёла, што дапамагае сфарміраваць цэласнае, глыбокае і сістэмнае разуменне веры, абапіраючыся на вучэнне і мудрасць Касцёла.

Першая сустрэча стала толькі адпраўной кропкай. Наперадзе месяцы паглыблення неабходных адмысловых ведаў і ўнутранай трансфармацыі. Але галоўнае — гэта падрыхтоўка да таго, каб у будучыні прыняць у свае супольнасці новых людзей, спадарожнічаць ім на шляху веры і дапамагчы асабіста сустрэцца з жывым Богам.
Падрабязнасці пра тое, як арганізаваны курс і як стаць яго ўдзельнікам ТУТ>>>.
