ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Памяць пра спачылых святароў: успаміны вернікаў. Частка чацвёртая.
- 12 лістапада, 2025
- Фота з архіва grodnensis.by // Catholicminsk.by
Працягваем публікаваць успаміны вернікаў пра памерлых душпастыраў, заахвочваючы да малітоўнай памяці пра іх. Сёння даніну павагі аддамо ксяндзу Яну Гавецкаму, шматгадоваму пробашчу парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія).
Даведка
Ксёндз Ян Гавецкі нарадзіўся 28 сакавіка 1962 года ў Гродне. Скончыў Духоўную семінарыю ў Каўнасе (Літва). Стаў першым у незалежнай Беларусі святаром, які атрымаў пасвячэнне з рук сённяшняга арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча 27 мая 1990 года.
Пасля пасвячэння на працягу аднаго года быў вікарыем парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Шакяі (Вілкавішская дыяцэзія, Літва). Затым, вярнуўшыся на радзіму, быў пробашчам у Іўеўскім дэканаце Гродзенскай дыяцэзіі: спачатку ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах (1991-1996 гады), а затым у парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі (1996-2021 гады). Таксама быў дэканам Іўеўскага дэканата і душпастырам літоўскай супольнасці ў Лідзе.
У 2022 годзе быў прызначаны адміністратарам парафіі святога Юды Тадэвуша ў Прывалцы (дэканат Гродна-Усход).
Ксёндз Ян Гавецкі быў актыўным душпастырам і арганізатарам пілігрымак. Яму належыць ідэя фестывалю калядных песень Gloria in еxcelsis Deo, які дагэтуль праходзіць штогод у Доме культуры ў Іўі.
Адышоў у вечнасць 20 лютага 2024 года. Пахаваны на старых каталіцкіх могілках у Гродне.
Алена Апанасёнак, Мінск
Я вырасла ў Мінску, аднак у дзяцінстве і падлеткавым узросце з сёстрамі і братам часта ездзіла да бабулі на радзіму маёй мамы ў вёску Трабы Іўеўскага раёна. Ксёндз Ян Гавецкі тады быў там пробашчам. Нас ён ніколі не лічыў чужымі, ставіўся як да сваіх парафіян. Быў заўсёды прыязным і добразычлівым. Памятаю, на Божае Нараджэнне ў мясцовым клубе ставілі батлейку. Ён і нас запрасіў прыйсці паглядзець — было вельмі прыемна.
Яго «разынкай» была праца з моладдзю. Ён умеў заахвочваць маладых парафіян, ды і не толькі, да разнастайных акцый, ладзіў пілігрымкі ў санктуарыі, моладзь гарнулася да яго. Менавіта дзякуючы ксяндзу Яну я і пайшла ў сваю першую ў жыцці пілігрымку ў дыяцэзіяльны санктуарый у Тракелях, калі была яшчэ пяцікласніцай.

Мы ішлі тры дні. Мне вельмі спадабалася, як пілігрымка была арганізаваная, — ксёндз Ян быў выдатным кіраўніком. Была цудоўная малітоўная атмасфера, хоць не ўсе малітвы і спевы на польскай мове былі да канца зразумелыя.
Яркія ўспаміны ў мяне засталіся са штогадовых працэсій Божага Цела, якія праходзілі па вёсцы. Ксёндз стараўся, каб алтары былі прыгожыя, і мяне таксама запрашаў удзельнічаць у працэсіі.
Калі святара перавялі ў Іўе, мы, натуральна, бачыліся радзей, але трэба сказаць, што, дзе б мы з ім ні сустрэліся, ксёндз Ян заўсёды пазнаваў і радасна вітаўся. Часам бываў і ў мінскай катэдры на віншаваннях іерархаў (я пэўны час спявала ў катэдральным хоры Gloria) — таксама заўсёды падыходзіў, пытаўся, як справы. У маім сэрцы і сэрцах маіх родных жыве цёплая памяць пра яго.
Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі апосталамі. Амэн.
Пачытаць, якімі засталіся ў памяці вернікаў іншыя душпастыры, вы можаце ў першай, другой і трэцяй частках з цыклу ўспамінаў.
Калі вам таксама ёсць што ўзгадаць пра спачылых святароў, якія вялі вас да Бога, дасылайце свае ўспаміны на catholicminsk@gmail.com.