Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Сведкі веры: святары. Частка другая

  • 12 лістапада, 2025
  • Catholicminsk.by

З нагоды свята Пасвячэння Базылікі Святога Яна на Латэране, якое адзначалася 9 лістапада, адказваючы на заклік спачылага Папы Францішка ўшанаваць мясцовых сведкаў веры — святых, благаслаўлёных, а таксама тых, чыя слава святасці ўжо пацверджана гераічнасцю цнотаў — Слуг Божых, разам з ксяндзом доктарам Яўгенам Вінтовым прапануем успомніць Слуг Божых, звязаных з тэрыторыяй сучаснай Беларусі.

Святары:

1. Слуга Божы Фабіян Абрантовіч MIC (1884–1946) — каталіцкі святар, марыянін, місіянер. Паходзіў з Навагрудчыны, вучыўся ў Пецярбургу і Лёвене, дзе абараніў доктарскую дысертацыю. Быў душпастырам, педагогам, удзельнікам 1-а з’езду беларускіх каталіцкіх святароў. У 1929–1938 гадах узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Маньчжурыі і Кітаі. У 1939 годзе быў арыштаваны. Памёр ад катаванняў у Бутырскай турме ў 1946 годзе, застаючыся верным веры і сваім перакананням. У 2003 годзе распачаты яго беатыфікацыйны працэс.





2. Слуга Божы Андрэй Цікота MIC (1891-1952) — каталіцкі святар, марыянін. Вучыўся ў Вільні і Пецярбургу, дзе актыўна ўдзельнічаў у беларускім культурна-рэлігійным асяроддзі. Пасвечаны ў святары ў 1914 годзе, працаваў душпастырам, выкладчыкам і грамадскім дзеячам. Паходзіў са Смаргоншчыны. Быў генеральным суперыёрам марыянаў. Служыў католікам усходняга абраду ў Маньчжурыі. У 1948 годзе быў арыштаваны. Загінуў у зняволенні ў 1952 годзе, захаваўшы вернасць веры. У 2003 годзе распачаты яго беатыфікацыйны працэс.



3. Слуга Божы Канстанцін Рамуальд Будкевіч (1867–1923) — каталіцкі святар, прэлат і адзін з найбольш вядомых мучанікаў за веру ў СССР. Паходзіў з сям’і дробнай шляхты з-пад Краславы (сёння Латвія). Вучыўся ў духоўнай семінарыі і Акадэміі ў Пецярбургу, дзе ў 1893 годзе прыняў святарскае пасвячэнне. Служыў у Пскове (1894-1896), Віцебску (1896-1903), а з 1903 года — у касцёле святой Кацярыны ў Пецярбургу, стаўшы яго пробашчам і дэканам. Актыўна развіваў рэлігійнае, адукацыйнае і дабрачыннае жыццё парафіі, абараняў правы Касцёла і вернікаў. Пасля рэвалюцыі выступаў супраць антырэлігійнай палітыкі і закрыцця каталіцкіх установаў, падтрымліваў святароў і тайную семінарыю. Арыштаваны ў 1923 годзе разам з арцыбіскупам Янам Цеплякам і асуджаны на смерць. У ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1923 года Канстанцін Будкевіч быў расстраляны ў Маскве. Бэатыфікацыйны працэс распачаўся 31 мая 2003 года, тытул справы — «Каталіцкія Навамучанікі Расіі».

4. Слуга Божы Адам Штарк SJ (1907–1942) — святар, езуіт, узнагароджаны медалём «Праведнік народаў свету». Паходзіў са Збярска, у ордэн езуітаў уступіў у 1924 годзе, святаром стаў у 1936 годзе. Служыў у Жыровічах каля Слоніма як адміністратар санктуарыя, капелан шпіталя і душпастыр сясцёр. Падчас ІІ сусветнай вайны актыўна дапамагаў габрэям: заклікаў вернікаў ратаваць іх, збіраў дапамогу. Арыштаваны нямецка-фашысцікмі захопнікамі 18 снежня 1942 г., на наступны дзень расстраляны каля Слоніма. У 2003 годзе распачаўся яго беатыфікацыйны працэс разам з іншымі мучанікамі езуітамі.



5. Слуга Божы Аляксандр Зянкевіч (1910–1995) — каталіцкі святар, педагог, тэолаг і вядомы душпастыр. Нарадзіўся ў Лембоўцы на Віленшчыне, вучыўся ў Дунілавічах, Навагрудку і Драгічыне, а святарскае пасвячэнне прыняў у Пінску ў 1938 годзе. Служыў у Навагрудку як пробашч і капелан сясцёр назарэтанак, якія ў 1943 годзе прынялі мучаніцкую смерць — ён духоўна іх фармаваў і падтрымліваў у пакліканні. У 1942 годзе стаў дэкaнам навагрудскім і вікарыем Паўночнай часткі Пінскай дыяцэзіі. Пасля вайны пакінуў Беларусь. Асаблівую вядомасць атрымаў як душпастыр акадэмічнай моладзі ў Вроцлаве (Польшча). З яго сям’і паходзіць благаслаўлёны ксёндз Мечылаў Багаткевіч. У 2010 годзе распачаўся яго беатыфікацыйны працэс, які цяпер знаходзіцца на «рымскім» этапе.

6. Слуга Божы Фабіян Малішоўскі OP (1583–1644) — святар, дамініканін, звязаны са Стоўбцамі. Нарадзіўся ў Пшэмыслі (Польшча), святаром стаў у 1607 годзе. Быў прыёрам у розных кляштарах, а з 1629 года аж да смерці узначальваў дамініканскі кляштар у Стоўбцах, дзе пабудаваў мураваны касцёл святога Казіміра. Памёр у 1644 годзе. Цела айца Фабіяна на працягу двух стагоддзяў захоўвалася нятленным, пры яго магіле адбываліся цуды, што стала падставай для пачатку беатыфікацыйнага працэсу ў 1927 годзе. Пасля закрыцця і разбурэння касцёла яго астанкі былі страчаныя, але знойдзены ў 2021 годзе і ўрачыста перапахаваныя ў Стоўбцах у 2022 годзе.

Працяг будзе.