Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB да моладзі падчас Імшы з удзелам пілігрымаў у Будславе: «Ніколі не бойцеся гэтага велічнага выкліку — пайсці за Хрыстом»
- 4 ліпеня, 2026
- Тэкст: Кс. Павел Эйсмант // Фота: Віктра Ведзень // Catholicminsk.by
3 ліпеня, у першы дзень святкавання Будслаўскага фэсту, пляц перад касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе запоўніўся пілігрымамі, якія прыбылі ў беларускі Нацыянальны марыйны санктуарый пешшу, на роварах, монаколах, а таксама цягніком і аўтобусам. Усе яны чакалі распачацця святой Імшы, падчас якой праз заступніцтва Будслаўскай Багародзіцы даверылі Богу свае інтэнцыі.
Узначаліў урачыстую вячэрнюю Эўхарыстыю з удзелам пілігрымаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам з ім маліліся арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары, манаскія асобы і шматлікія вернікі, пілігрымы, у большасці — маладыя людзі. У гэты ж час некалькі дзясяткаў святароў служылі вернікам у сакрамэнце пакаяння. Упрыгожыў Імшу літургічнымі спевамі хор Салезіянскай моладзевай евангелізацыйнай пілігрымкі.

Кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз канонік Аляксей Раманчук шчыра прывітаў прысутных і паасобна падзякаваў біскупам, святарам, законным сёстрам і братам, а таксама пілігрымам за прыкладзены высілак для таго, каб прыбыць у Будслаў і супольна маліцца праз заступніцтва Маці Божай. Святар запэўніў: «Ведайце цвёрда — Маці Божая Будслаўская чакала менавіта вас. (…)
У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі адзначыў, што месца, у якім сабраліся тыя, хто прыбыў на Будслаўскі фэст, — не проста прыгожае месца ці традыцыйны цэнтр пілігрымак, але яны прысутнічаюць «у самым сэрцы нашай веры, у тым духоўным доме, дзе Беларусь ужо стагоддзямі сустракаецца з Марыяй, сваёй Апякункай і Маці». Нагадваючы пра святкаванне ў бягучым годзе 35-годдзя аднаўлення касцёльных структур на Беларусі, іерарх узгадаў продкаў, якія перад абразом Маці Божай «плакалі і радаваліся», тут «шукалі суцяшэння, тут аднаўлялі надзею, тут вучыліся даверу Богу». Гэта, паводле яго, «ясны знак Божай вернасці, сведчанне таго, што пасля цяжкіх дзесяцігоддзяў маўчання і пераследу Касцёл у нашай краіне зноў дыхае, моліцца і жыве».

Далей біскуп узгадаў дэвіз сёлетняга Будслаўскага фэсту: «Богу — хвала, Марыі — давер, Касцёлу — вернасць». Прамоўца акрэсліў гэтыя словы як дарогу, па якой маюць ісці вызнаўцы Хрыста, а асабліва каталіцкая моладзь Беларусі. У іх адрас у першую чаргу іерарх скіраваў свой заклік, бо, паводле яго, менавіта ім «Бог давярае будучыню сваёй супольнасці», а яны, рэалізуючы гэты заклік, павінны зрабіць сваё духоўнае жыццё моцным, «як дом, пабудаваны на скале, пра які кажа Евангелле» (пар. Мц 7, 24-25).
Біскуп засяродзіў увагу слухачоў на праблеме адказу чалавека на пакліканне. Біскуп нагадаў, што заклік Хрыста гучыць няспынна, «галоўнае пытанне толькі ў тым, ці здольныя мы прарвацца праз аглушальны шум сучаснага свету, каб пачуць гэты голас». Прамоўца даў акрэсленне паняццю «пакліканне» — «гэта глыбокае, часам трывожнае і хвалюючае, але вельмі яснае і непераадольнае жаданне прысвяціць кожнае імгненне свайго жыцця нечаму бязмерна большаму, чым проста эгаістычны і пусты ўласны камфорт».

І тут ён падвёў слухачоў да фундаментальнай праблемы сённяшняга Касцёла, якая часта акрэсліваецца тэрмінам «крызіс пакліканняў». Іерарх назваў галоўнай прычынай гэтай з’явы ўплыў сучаснай культуры, якая заклікае маладога чалавека: «Жыві выключна для сябе, бяры ад жыцця ўсё, пабудуй кар’еру, зарабі мільёны і будзь абсалютна незалежным». У такіх умовах «радыкальны заклік Хрыста “Ідзі за Мною” выглядае як сапраўднае шаленства, як вар’яцкая рызыка і крок у невядомасць». Але калі малады чалавек свядома выбірае, напрыклад, шлях ратавальніка ці ваеннага хірурга, ён выдатна ведае, што яго чакаюць выпрабаванні: бяссонныя ночы, каласальная адказнасць, стрэс і пастаянная небяспека. Тым не менш, каштоўнасць уратаванага чалавечага жыцця вышэйшая за асабістую выгаду і спакой. Святарства, паводле біскупа Яшэўскага, — гэта «найвышэйшае духоўнае ратавальніцтва», у якім Хрыстус не забірае ў чалавека маладосць, прыгажосць і радасць, а наадварот, напаўняе яго сваёй моцай. Таму пастыр заклікаў маладых людзей: «Ніколі не бойцеся гэтага велічнага выкліку» і, звяртаючыся асабіста да кожнага з іх, прамовіў: «Хрыстус прапануе табе (…) стаць Ягонымі жывымі рукамі, Ягоным гарачым голасам і Ягоным міласэрным сэрцам на нашай роднай беларускай зямлі, якае так прагне і ўсцяж чакае духоўнага адраджэння.

Прамоўца запэўніў, што Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне і манаскія супольнасці «з адкрытым сэрцам, надзеяй і малітвай» чакаюць кожнага ахвотнага: «Адкінь усе сумневы, пераступі гэты парог і дазволь Творцу зрабіць тваё адзінае жыццё сапраўдным, несмяротным шэдэўрам веры, любові і перамогі».
Напрыканцы гаміліі біскуп Аляксандр пакінуў моладзі тры прынцыпа, якія, паводле яго меркавання, павінны для іх стаць «пуцяводным компасам на кожны дзень»:
- «у праслаўленні Бога імкніцеся да таго, каб вашае штодзённае жыццё, якасць вашай працы, сумленнасць у вучобе і адносінах з блізкімі сталі найлепшай хвалой для Творцы»,
- «у даверы да Марыі навучыцеся аддаваць у Яе мацярынскія рукі ўсе свае страхі перад будучыняй, крызісы і нявызначанасць, цвёрда верачы, што Яна заўсёды вядзе нас да святла Хрыстовага ўваскрасення»,
- «у вернасці Касцёлу будзьце тымі жывымі камянямі, якія не проста назіраюць збоку, але актыўна будуюць свае парафіяльныя супольнасці, прыходзячы туды як сапраўдныя гаспадары, гатовыя да ахвярнага служэння і адважнага адказу на Божы заклік».

Пастыр яшчэ раз паўтарыў: «Не бойцеся!» і ў малітве аддаў маладых людзей пад апеку Маці Божай Будслаўскай.
Пасля Імшы адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак аб’явіў колькасць пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў у арганізаваных пешых або роварных пілігрымках. Вынікам усіх падлікаў стала лічба 2680 прыбылых у Нацыянальны санктуарый на Будслаўскі фэст.




















