Skip to main content

Айцы дамінікане з Магілёва запрашаюць на начное чуванне са святой каралевай Ядвігай

25 кастрычніка; з 29 лістапада 2025 г. па 20 чэрвеня 2026 г.
  • 15 кастрычніка, 2025
  • Catholicminsk.by

На працягу 9 месяцаў, з кастрычніка па чэрвень, найчасцей у трэцюю або чацвёртую суботу месяца, дамінікане, якія служаць у капліцы пры парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве, запрашаюць усіх ахвотных на начныя чуванні са святой Ядвігай, каралевай.

Чаму менавіта 9 месяцаў? На гэтае пытанне адказвае айцец Раман Шульц OP, пробашч парафіі:

«Як дзіця ва ўлонні маці развіваецца 9 месяцаў, каб нарадзіцца, так на працягу 9 месяцаў мы хочам вучыцца і наследаваць духоўную прыгажосць 9-і цнотаў святой каралевы Ядвігі:

  • веры,
  • надзеі,
  • любові,
  • разважлівасці,
  • справядлівасці,
  • мужнасці,
  • устрыманасці,
  • пакоры,
  • цноты, якая чыніць здольнымі несці мір і будаваць паяднанне».

Начныя чуванні ў Магілёве пачынаюцца ў 22.00 і заканчваюцца каля 3.30.

Адрас капліцы: Магілёў, Мінская шаша, 8б.

У рамках малітоўнага чування адбудзецца канферэнцыя пра 9 цнотаў святой Ядвігі. Апоўначы будзе цэлебравацца Эўхарыстыя, а затым пройдзе адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Ружанец, дзяленне Божым словам, гарбата і Вяночак да святога Міхала Арханёла.

Арганізатары заахвочваюць да захавання посту, паводле ўласных магчымасцяў, у суботу перад чуваннем і ахвяравання чування з постам у інтэнцыі міру ў свеце, за беларускія сем’і і ў асабістых інтэнцыях.

«Дзякуем Богу за плён папярэдніх начных чуванняў, дзякуем за шчодрае каралеўскае заступніцтва святой Ядвігі»,

— кажа айцец Шульц.

Першае з дзевяці чуванняў на тэму веры адбудзецца ў суботу 25 кастрычніка.

Да ўдзелу ў чуваннях запрашаюцца ўсе ахвотныя вернікі — «не толькі з Магілёва». Тых, хто хоча маліцца супольна з тымі, хто на чуванні, але не можа прысутнічаць фізічна, дамінікане просяць злучацца духоўна, карыстаючыся кнігай «Малітвы да святой каралевы Ядвігі».

Ёсць магчымасць даслаць інтэнцыі праз заступніцтва святой Ядвігі пры дапамозе СМС-паведамлення на мабільны нумар +375 (29) 291-92-11 — айцец Раман Шульц OP.

Праграма начнога чування 25 кастрычніка

22.00 — канферэнцыя на тэму цноты веры;
23.00 — Навэнна і Ружанец з Літаніяй да святой Ядвігі;
0.00 — святая Імша;
1.00 — супольнае разважанне над Божым словам, гарбата;
2.30 — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту;
3.00 — Вяночак да святога Міхала Арханёла і заканчэнне чування.

Наступныя начныя чуванні будуць адбывацца:

  • 29 лістапада 2025 года;
  • 20 снежня 2025 года;
  • 24 студзеня 2026 года;
  • 21 лютага 2026 года;
  • 21 сакавіка 2026 года;
  • 18 красавіка 2026 года;
  • 16 мая 2026 года;
  • 20 чэрвеня 2026 года.