У магілёўскай парафіі ва ўрачыстасць святога заступніка Казіміра біскуп Яшэўскі ўдзяліў кандыдатам сакрамэнт канфірмацыі
- 5 сакавіка, 2025
- Тэкст: а. Раман Шульц OP, пераклад: Наталля Дарашкевіч, фота: Таццяна Дуенкава
4 сакавіка ў дамініканскай парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі быў ушанаваны апякун парафіі святы каралевіч Казімір.
У гэтай магілёўскай парафіі, якой дамінікане апякуюцца ўжо 15 год, першы раз у яе гісторыі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, удзяліў сакрамэнт канфірмацыі дзевяці асобам.

У сваім слове іерарх, звяртаючыся да кандыдатаў да канфірмацыі, паказаў розніцу паміж ёй і сакрамэнтам хросту. Ён нагадаў, што праз хрост мы становімся дзецьмі Божымі, а дзіця яшчэ не здзяйсняе такіх учынкаў, як дарослая асоба, гэта значыць, не займаецца абаронай іншых і не прымае важных рашэнняў. У выпадку сакрамэнту канфірмацыі, які з’яўляецца сакрамэнтам хрысціянскай сталасці, асобы, якія яго атрымалі, становяцца сведкамі і мужнымі абаронцамі веры. А дзякуючы таму, што іх жыццё фармуе вера і Божая ласка, канфірмаваныя ўплываюць на асяроддзе моцай Духа Святога, поўню якога яны атрымліваюць падчас канфірмацыі.

Біскуп Аляксандр у сваім казанні ўзгадаў таксама пра святога Казіміра, паказваючы яго як прыклад для вернікаў. Па-першае, святы Казімір чытаў слова Божае і жыў ім. Па-другое, ён быў чалавекам малітвы і адарацыі. Па-трэцяе, ён аддаў сваё жыццё Маці Божай, бо Яе чыстасць і давер да Бога былі для яго, як зорка для людзей, якія плывуць па моры.

Пробашч парафіі, айцец Раман Шульц OP, вітаючы прысутнага біскупа, а таксама святароў, законную сястру і вернікаў, прыгадаў лацінскія словы, змешчаныя на вітражы з выявай Духа Святога ў прэзбітэрыі капліцы: „Spiritus Sanctus, ubi vult spirat”. Гэта словы з сустрэчы Езуса з Нікадэмам, калі Пан сказаў, што Дух Святы, падобны да ветру: “…вее там, дзе хоча” (пар. Ян 3, 8). Ён таксама падзякаваў Духу Святому за Яго дзеянне ў Магілёве праз пасрэдніцтва святога Казіміра, святой Ядвігі і дамініканаў, якія служаць вернікам.

На заканчэнне Эўхарыстыі дамініканін прыгадаў легенду аб тым, як жыхары польскага горада Радам, дзе каралеўская сям’я святога Казіміра мела маёнтак і дзе часта заставаўся каралевіч, ахвяравалі святому ключ ад касцёла, каб ён мог хадзіць туды на малітву ў любую пару дня і ночы. Таму дзеля ўзгадання гэтай гісторыі з ключом ад касцёла для ўсіх удзельнікаў урачыстасці былі прыгатаваныя салодкія прысмакі з выявай ключа святога Казіміра, каб вернікі так старанна, як святы Казімір, маліліся і наведвалі свае касцёлы.

Іерарх перад тым, як удзяліць урачыстае благаслаўленне, выразіў сваю радасць з прысутнасці на ўрачыстасці і заахвоціў прысутных, каб прысмакі з ключом не з’ядаць адразу, але павесіць дома ў бачным месцы, каб падчас Вялікага Посту яны нагадвалі пра малітву святога Казіміра і заахвочвалі пераймаць яго пабожнасць.

Прадстаўніца вернікаў, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, падзякавала біскупу Яшэўскаму за ўдзелены сакрамэнт, айцу Раману – за прыгатаванне да канфірмацыі і споведзь, а вернікам – за малітву.

Пасля Эўхарыстыі прысутныя былі запрошаныя на пачастунак, прыгатаваны парафіянамі.
