«Думай. Адкрывай. Дзейнічай»: салезіянскі араторый у мінскай Серабранцы запрашае моладзь на экалагічны «Green Quiz»
- 10 верасня, 2026
- Паводле
- sdb.by
3 кастрычніка, у суботу, салезіянскі араторый імя святога Яна Боско ў Серабранцы стане месцам збора маладых людзей, якія цікавяцца праблемамі экалогіі. Сустрэча пройдзе ў сучасным гульнявым фармаце «Green Quiz» и адначасова падсумуе трохгадовую дзейнасць праекта «Зялёная парафія».
3 кастрычніка ў салезіянскім араторыі імя святога Яна Боско, што ў Серабранцы ў Мінску, адбудзецца тэматычны «Green Quiz», прысвечаны экалогіі, адказнаму стаўленню да навакольнага асяроддзя і клопату пра супольны дом. Ужо шмат гадоў тут, пры парафіі святога Яна Хрысціцеля, дзейнічае салезіянскі моладзевы цэнтр, дзе праводзяцца разнастайныя сустрэчы і праграмы для дзяцей і моладзі.
Мерапрыемства стане своеасаблівым працягам і падсумаваннем экалагічнай дзейнасці, якая на працягу апошніх трох гадоў рэалізоўвалася салезіянамі ў межах праекта «Зялёная парафія». Праект імкнуўся звярнуць увагу грамадства на праблемы навакольнага асяроддзя, а таксама паказаць, што клопат пра створаны Богам свет пачынаецца з канкрэтных штодзённых рашэнняў кожнага чалавека.
Асаблівая роля ў гэтым накірунку адводзіцца моладзі — яе экалагічнай адукацыі, фарміраванню карысных звычак і разуменню асабістай адказнасці за свет, у якім мы жывём. Такі падыход натуральна ўпісваецца ў салезіянскае служэнне, адным з галоўных напрамкаў якога з’яўляецца выхаванне і ўсебаковае развіццё маладых людзей. Менавіта таму «Green Quiz» задуманы не як звычайная віктарына, а як прастора для сумесных разважанняў і пошуку адказаў.
«Green Quiz», які адбудзецца 3 кастрычніка, прапануе паглядзець на экалагічную тэматыку ў лёгкім і сучасным фармаце. Удзельнікі змогуць не толькі прадэманстраваць свае веды, але і разам паразважаць, пашукаць адказы на праблемныя пытанні і адкрыць для сябе новыя факты па экалагічнай тэме. Дэвіз сустрэчы — «Думай. Адкрывай. Дзейнічай».
Хто можа ўдзельнічаць ў «Green Quiz»
- каманды маладых людзей ва ўзросце ад 16 гадоў.
Склад адной каманды — ад 5 да 7 чалавек. Усяго арганізатары плануюць прыняць да дзесяці каманд. Каб далучыцца да гульні, варта сабраць каманду і падаць заяўку да 20 верасня.
Месца і час правядзення «Green Quiz»
- араторыя імя святога Яна Боско ў Мінску, пры парафіі святога Яна Хрысціцеля па адрасе: Мінск, вул. Пляханава, 28/1
- рэгістрацыя каманд — з 16.00 да 16.30
- пачатак гульні — а 17.00.
Заяўкі на ўдзел прымаюцца па спасылцы ТУТ>>>.
Арганізатары запрашаюць моладзь сабраць сваю каманду, праверыць веды, адкрыць нешта новае і разам паразважаць над тым, што кожны з нас можа зрабіць дзеля больш чыстага і адказнага стаўлення да навакольнага свету.
