Skip to main content

У Дзень горада запрашаем жыхароў Мінска і ўсіх жадаючых да супольнай малітвы

12 верасня
  • 9 верасня, 2026
  • Тэкст: кс. кан. Ян Крэміс / Фота: ekskursii.by // Catholicminsk.by

12 верасня Мінск будзе святкаваць 959-ю гадавіну заснавання. У гэты ж дзень Касцёл ушаноўвае Найсвяцейшае Імя Марыі, а мінская архікатэдра перажывае сваю парафіяльную ўрачыстасць.

Горад — гэта не проста геаграфічная кропка, а жывая прастора, дзе кожны з нас жыве, працуе, сустракаецца з іншымі. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, веравызнанні ці прафесіі, нас усіх яднае любоў да Мінска і жаданне бачыць яго квітнеючым.

З благаслаўлення Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў дзень 959-й гадавіны заснавання Мінска падчас Імшаў у мінскіх парафіях будуць узносіцца малітвы за нашу сталіцу і яе жыхароў. Таксама мінская архікатэдральная парафія перажывае ўрачыстасць тытулу касцёла і запрашае вернікаў на святочную Імшу ў гонар Маці Божай (у 7.00, 8.00, 12.00 ці 18.30). Паводле інфармацыі парафіяльнай інтэрнэт-старонкі katedra.by, пасля Імшы ў 12.00 адбудзецца пачастунак, падчас якога можна будзе азнаёміцца з рознымі рухамі, малітоўнымі групамі і групамі па паглыбленні каталіцкай веры, якія дзейнічаюць пры парафіі.

Душпастыры заклікаюць усіх вернікаў да супольнай малітвы за сталіцу. Пробашчам мінскіх парафій рэкамендавана, дзе гэта магчыма, арганізаваць святочнае гучанне званоў.

Віншуем усіх з Днём нараджэння Мінска! Няхай гэта свята будзе напоўненае малітоўным уздымам, добрымі справамі і радасцю.