Skip to main content

Ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай пешая пілігрымка Мінск-Будслаў прыбыла ў апошні перад Будславам пункт начлегу (+ 2 інтэрв’ю)

2 ліпеня
  • 2 ліпеня, 2026
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by

Вішнёўка, Калачы, Альковічы… Гэтыя пункты начлегаў на мапе пешай пілігрымкі з цэнтра сталіцы Беларусі ў Нацыянальны марыйны санктуарый «абмераў нагамі» кожны, хто сёлета 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, вырушыў у вялікай па колькасці пілігрымковай супольнасці з архікатэдральнага касцёла ў Мінску ў накірунку базылікі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, дзе ўжо некалькі стагоддзяў славіцца вялікім ушанаваннем вернікаў цудадзейны абраз Маці Божай. Аднак, перадапошні пункт, дзе начуюць пілігрымы, — Даўгінава — мае сваю адметнасць. Уся справа ў тым, што гэта адзіны (апроч самога Будслава) пункт, праз які не толькі праходзяць, але ў якім начуюць ажно 4 пешыя пілігрымкі, якія ідуць з Баранавіч, Жодзіна, Маладзечна і Мінска.

2 ліпеня, ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай, менавіта сюды ўвайшла пілігрымка Мінск-Будслаў, арганізатарамі якой з’яўляюцца ксяндзы хрыстусоўцы з мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максіміліяна Кольбэ (дэканат Мінск-Захад). Пілігрымы ўжо чацвёрты дзень разам крочылі да Маці Божай.

Ля касцёла святога Станіслава на іх чакаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, з якім пілігрымы ўжо бачыліся ў Альковічах, і пробашч айцец Алойзы Шулік OFM, а таксама прадстаўнікі парафіі. Пілігрымы традыцыйна прывіталі духоўных асобаў і вернікаў спевам да Маці Божай і «фірменнымі» пілігрымскімі крычалкамі.

У Годзе святога Францішка дэвізам пілігрымкі былі абраныя словы «Ідзі і адбудуй касцёл мой». Гэты дэвіз так ці іначай залатой стужкай праходзіў праз усе гаміліі і канферэнцыі падчас гэтай духоўнай вандроўкі.

Стомленых, але радасных пілігрымаў, разам з іерархам, які ўвесь час спадарожнічае ім, прывітаў айцец Алойзы, духоўны сын святога з Асізі. Святар акрапіў сабраных перад уваходам у касцёл асвечанай вадой. Біскуп адзначыў, што ў гэтым касцёле была ахрышчана яго мама. Таксама ён падзяліўся легендай, звязанай з назвы вёскі Аношкі, праз якую праходзілі пілігрымы, узбагачаючы іх веды пра родны край. Затым усе ўвайшлі ўнутр касцёла, каб супольна перажыць Эўхарыстыю.

Падчас святой Імшы прысутныя дзякавалі Богу за чарговы этап пілігрымкі — не толькі цяперашняй, але і сваёй жыццёвай пілігрымкі.

Сваімі ўражаннямі ад пілігрымкі з галоўным рэдактарам catholicminsk.by ксяндзом Паўлам Эйсмантам, які выступіў у якасці карэспандэнта, падзяліўся адзін з удзельнікаў пілігрымкі Мікіта з парафіі Божага Цела ў Нясвіжы.

Фота Віктара Ведзеня

— Мікіта, скажыце, калі ласка, ці цяжка было Вам пераадольваць шлях пілігрымкі?

— Так, канешне. Асабліва складана мне давалася спёка, якая стаяла ажно тры дні пілігрымкі. Але сёння настала прахалода, і тады і дыхаць, і ісці нашмат лягчэй.

— Чаму Вы рашыліся пайсці ў пілігрымку?

— Я ўжо чацвёрты год іду ў Будслаў.

— Тады, напэўна, у Вас ёсць інтэнцыя, з якой Вы крочыце да Маці Божай?

— Так, ёсць. Але яна прыватная.

— Разумею. Чацвёрты раз ісці да Маці Божай, на маю думку, — гэта праяўляць любоў да Яе. Скажыце, якую малітву да Найсвяцейшай Панны Марыі вы найбольш любіце маліцца?

— Асабліва мне падабаецца «Тваёй абароне аддаемся», бо ў ёй гаворыцца пра апеку Марыі над намі.

— Што б Вы сказалі тым, хто думаў пайсці ў пілігрымку, але з-за недахопу матывацыі ці па іншых прычынах не адважыўся пайсці ў Будслаў?

— Пілігрымку трэба адчуць на сабе. А для гэтага трэба проста пайсці, гэта значыць, сказаць Богу «так», узяць свой заплечнік… і тады гэта дзейнічае, як наркотык — ты ўжо не зможаш у наступны раз не пайсці.

— Вялікі дзякуй за інтэрв’ю.

Сваімі думкамі з ксяндзом Паўлам наконт пешай пілігрымкі Мінск-Будслаў падзяліўся таксама адзін з арганізатараў — ксёндз Андрэй Лысы SChr.

— Ксёндз Андрэй, хрыстусоўцы вядуць пешую пілігрымку ў Будслаў ужо чарговы раз. Вы, калі прыйшлі служыць у Мінск, таксама далучыліся да гэтай духоўнай справы. Як вы ацэньваеце колькасны і якасны рост пілігрымкі?

— Я іду ў пілігрымцы трэці ці чацвёрты раз і бачу, як яна ўзрастае духоўна. Усё больш людзей свядома выбіраюць гэты час, прастору і форму, каб наблізіцца да Бога. Гэта дарослыя людзі, часта студэнты, якім трэба загадзя запланаваць свой водпуск, каб менавіта ў гэтым часе пайсці ў пілігрымку. Падкрэслю — гэта вельмі свядомы выбар. І калі з году ў год адны і тыя ж людзі ходзяць у пілігрымку, паўтараюць яе, гэта значыць, што яны нешта духоўнае атрымліваюць. Гэта вельмі радуе. Таксама колькасна пілігрымка ўзрастае. Пілігрымаў становіцца ўсё больш і, вядома, гэта радуе нас, арганізатараў. Але гэта таксама вялікі выклік для нас, бо хочацца, каб у такой групе каля 350 чалавек кожны індывідуальна атрымаў штосьці добрае.

Мы не хочам ісці з натоўпам, але з кожным паасобным чалавекам разам.

Гэта патрабуе ад нас шмат сілаў, прадуманай лагістыкі, але дзякуючы Богу і нашым валанцёрам мы з гэтым неяк спраўляемся.

— Апроч «фізічных», у вашай пілігрымцы ёсць таксама духоўныя пілігрымы. Ці вядомая іх колькасць? Ці яны праходзяць рэгістрацыю, ці могуць быць духоўнымі пілігрымамі ў сэрцы?

— Духоўныя пілігрымы рэгіструюцца ў нас такім чынам, што яны дасылаюць нам свае інтэнцыі. Мы падалі нумар законнай сястры, якая збірае гэтыя інтэнцыі і ў акрэслены момант малітваў агучвае іх. Такіх людзей, якія дасылаюць інтэнцыі, назбіралася каля 70-і чалавек. Яны не могуць ісці фізічна, але праз свае інтэнцыі злучаюцца знамі духоўна, а мы нясём іх да Маці Божай у сваім духоўным заплечніку.

— Што б Вы параілі тым, хто хацеў пайсці сёлета ў пілігрымку, але па пэўных прычынах не адважыўся?

— Я б ім параіў знайсці час і паспрабаваць. Можа не адразу ўсю пілігрымку, але прынамсі прайсці адзін этап, адзін дзень, каб спазнаць прыгажосць Касцёла, якая адчуваецца падчас пілігрымкі і якую Вы больш нідзе не ўбачыце. Шчыра запрашаем!

— Вялікі Вам дзякуй за размову.