Skip to main content

Крыжовы шлях з удзелам біскупа Андрэя Зноскі прайшоў у Копішчы

13 сакавіка
  • 17 сакавіка, 2026
  • Тэкст: Вераніка Раманенкава / Фота: Надзея Банцарэвіч // Catholicminsk.by

13 сакавіка ў парафіі святога Францішка ў вёсцы Копішча Мінскага раёна адбыўся адмысловы Крыжовы шлях ў выкананні хора Transitus і братоў капуцынаў, а таксама з удзелам дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноскі.

У часы далёкага Сярэднявечча духавенства розным чынам спрабавала данесці хрысціянам (асабліва малаадукаванаму насельніцтву) сутнасць галоўных дагматаў веры. Вядома, што ў літургіі выкарыстоўвалася выключна лацінская мова. І для таго, каб паказаць людзям тыя ці іншыя евангельскія сюжэты, у касцёлах пачалі ствараць свайго роду інсцэнізаваную візуалізацыю біблійных падзей, што пазней атрымала назву літургічная драма.  Гэты жанр рэлігійнага мастацва стваралі законнікі (у большай ступені) у сценах касцёлаў.

З цягам часу, творчыя густы вернікаў прагнулі больш яскравых эмоцый і, тым самым, цягнулі за сабой шэраг трансфармацый літургічнай драмы ў кірунку яе секулярызацыі. Гэта праявілася ў сюжэтнай лініі — яна ўзбагацілася гумарам або драматызмам (залежна ад кантэксту), для інсцэніроўкі пачалі выкарыстоўваць дадатковыя дэкарацыі, атрыбуты і іншае. Так узнік новы тэатральна-відовішчны пазалітургічны жанр, які атрымаў назву містэрыя. Пастаноўкі містэрый адбываліся ўжо не ў касцёле (як было з літургічнай драмай), а на гарадскіх плошчах, на калякасцёльных тэрыторыях.

Такога роду містэрыю — візуалізацыю пакутаў Хрыста — стварылі харысты, моладзь і браты капуцыны з парафіі святога Францішка. Тэатралізаваная дзея была прадстаўленая ў стылі мадэрн. Стыль мадэрн або ар-нуво ў мастацтве адзначаецца пераходам да сінтэзу мастацтваў, аб’ядноўваючы жывапіс, музыку, літаратуру і архітэктуру. Ён характарызуецца плаўнымі лініямі, дэкаратыўнасцю, сімвалізмам і адыходам ад бытавога рэалізму да паэтычнай, умоўнай атмасферы пры пастаноўках.

Форма Крыжовага шляху прадстаўляла сабой дыялог паміж маленькай дзяўчынкай, якая задавала складаныя жыццёвыя пытанні, і святаром, які спрабаваў проста і сучасна растлумаць кожную праблему, абапіраючыся на галоўныя хрысціянскія каштоўнасці.

Напрыклад, дзяўчынка пыталася: «Ці нянавісць знішчае чалавека? Як ачысціць сэрца?» Святар адказваў: «Калі сустракаемся з рэчаіснасцю несправядлівасці, вельмі часта намі авалодвае пачуццё нянавісці. Часам мы здольныя апраўдваць сваё пачуццё. Нам пачынае здавацца, што яно мае права быць, яно справядлівае. І адначасова сустракаемся з сітуацыяй, калі мы няздольныя ад яго пазбавіцца. І, магчыма, у нашым жыцці ёсць іншыя моманты, у якіх мы адчуваем пэўную бездапаможнасць, абмежаванасць, няздольнасць. Пра ўсе гэтыя моманты слабасці мы павінны размаўляць з Богам шчыра. Езус вучыў нас, што прабачаць трэба не раз, не два і не сем, а семдзесят сем. Гэта значыць, што лічыць увогуле не трэба. Прабачаць трэба заўсёды. Калі мы не ўмеем гэтага рабіць, то варта пра гэта папрасіць Езуса».

Падчас разважанняў святара можна было пачуць радкі з Бібліі, мудрыя ўласныя разважанні, цытаты філосафаў, вершы таленавітых паэтаў.

Кожная стацыя Крыжовага шляху была прысвечана цяжкаму граху, які ахоплівае сучаснае грамадства: падман, хвароба, аборт, непавага да бацькоў, гаджэты, варажбіты, алкаголь, вайна, наркотыкі, здрада, самагубства, смерць, нянавісць, адсутнасць веры ў Бога. Кожны «грэх» моладзь паказвала мімікай, гукамі і рухамі: у апантанай радасці ўздымалі бакалы, з цяжкім болем корчыліся на падлозе, адрывалі галаву ляльцы, тапталі адзенне, кідаліся ў пастку смерці. Але кожная сцэна заканчвалася зваротам да Бога і перамогай дабра, складаючы рукі ў малітве, ўздымаючы позірк на крыж, узлятаючы пад скляпенні касцёла як да неба.

Містэрыю Крыжовага шляху суправаджала насычаная кантрастамі музыка, якая спалучала розныя стылі і жанры: літургічную музыку, рэлігійны фальклор, кананічныя музычныя творы, катарсічную эклектыку сучаснай пазалітургічнай музыкі, сусветныя хіты хрысціянскай эстраднай музыкі ў перакладзе на беларускую мову.

Завяршыўся Крыжовы шлях прамовай біскупа Андрэя Зноскі, які праводзіў велікапосныя рэкалекцыі ў парафіі святога Францішка. Біскуп адзначыў аб’ём і змест прадстаўленай містэрыі, важнасць пытанняў грахоўнасці, якія раскрываліся ў разважаннях да стацый. Дарэчы, тэма грахоўнасці лейтматывам праходзіла як галоўная музычная партыя рэкалекцый. Іерарх звярнуў увагу на колькасць людзей, задзейнічаных у тэатралізаванай дзеі: гэта і дзеці, і моладзь, і дарослыя, і прадстаўнікі сталага пакалення. Біскуп Андрэй блаславіў вернікаў і звярнуўся да Бога з просьбай прыняць малітву ў знак пакаяння за грахі.