Skip to main content

У Бялынічах адбылася ўрачыстая Імша ў 150-ю гадавіну смерці ксяндза каноніка Люцыяна Гадлеўскага

29 студзеня
  • 30 студзеня, 2026
  • Тэкст: кс. Юзаф Сярпейка / Фота: з архіва парафіі ў Бялынічах // Catholicminsk.by

29 студзеня ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у горадзе Бялынічы (Магілёўскі дэканат) адбылася ўрачыстая святая Імша, прысвечаная 150-й гадавіне смерці ксянза каноніка Люцыяна Гадлеўскага — былога пробашча Бялыніч і апошняга пастыра перад тым, як касцёл быў адабраны ў католікаў.

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На пачатку літургіі са словамі прывітання да пастыра, духавенства і вернікаў звярнуўся ксёндз Юзаф Сярпейка, пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах. Ён падкрэсліў асаблівую важнасць гэтага дня для парафіяльнай супольнасці, нагадаўшы, што ў прысутнасці біскупа і святароў гісторыя Касцёла ў Бялынічах зноў гучыць як жывое сведчанне веры, якая перажыла часы знявагі і адрадзілася ў сэрцах вернікаў.

Пробашч шчыра прывітаў усіх прыбылых святароў, адзначыўшы, што іх прысутнасць з’яўляецца знакам жывой еднасці прэзбітэрыя і супольнай адказнасці за захаванне памяці пра тых пастыраў, якія ў часы выпрабаванняў заставаліся вернымі Хрысту і Яго Касцёлу.

Асабліва ён нагадаў, што памяць пра ксяндза Люцыяна Гадлеўскага — гэта памяць пра пастыра, які не шукаў сябе, але цалкам аддаў сваё жыццё служэнню Богу і людзям.

Пасля прывітальнага слова прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі, які звярнуўся да сабраных з глыбокім духоўным пасланнем. Біскуп падкрэсліў, што ў святой еднасці Касцёла вернікі сабраліся перад абліччам Пана, каб узнесці малітву за душу спачылага ксяндза Люцыяна Гадлеўскага — вернага пастыра, які ў цяжкія часы застаўся непахісным сведкам веры. Ён адзначыў, што мінула ўжо 150 гадоў з дня адыходу ксяндза Люцыяна да вечнай айчыны, аднак яго імя і подзвіг працягваюць жыць у духоўнай памяці гэтай зямлі.

Біскуп нагадаў, што ксёндз Люцыян, натхнёны любоўю да Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці, стаў абаронцам святыні ў момант, калі на яе пасягнула бязбожная ўлада. Як добры пастыр, ён не пакінуў даверанага яму статка і не дапусціў знявагі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай. З рызыкай для ўласнага жыцця ксёндз Люцыян схаваў яго, каб зберагчы для будучых пакаленняў і каб святло Божай ласкі не згасла ў цемры часу.

У сваім слове іерарх заахвоціў вернікаў не толькі маліцца за душу ксяндза Люцыяна, просячы Пана прыняць гэтага вернага слугу ў абдымкі вечнай міласэрнасці, але і з пакорай прасіць, каб праз яго заступніцтва і дзеянне Духа Святога адкрываліся шляхі да праўды. Біскуп падкрэсліў надзею, што Пан асвеціць сэрцы і розумы вернікаў, каб яны змаглі распазнаць Яго волю і наблізіцца да таго месца, дзе знаходзіцца святы абраз, калісьці ўратаваны ахвярнасцю пастыра.

У супольнай малітве разам з біскупам злучаліся святары:

  • айцец Раман Шульц OP, пробашч парафіі святой Ядвігі і святога Казіміра ў Магілёве,
  • айцец Віталій Чабатар CMF, настаяцель айцоў кларэтынаў у Магілёве,
  • айцец Юрый Вежхоўскі CMF, пробашч парафіі святога Антонія ў Магілёве,
  • айцец Сяргей Більдзіс SAC, пробашч парафіі святога Антонія ў Талочыне (Віцебская дыяцэзія).

Гамілію падчас святой Імшы прамовіў ксёндз Юзаф Сярпейка, які заклікаў вернікаў да ўдзячнай памяці, вернасці і надзеі, падкрэсліваючы, што сведчанне ксяндза Люцыяна Гадлеўскага застаецца актуальным выклікам для Касцёла і сёння. Свае разважанні святар засяродзіў на памятным некралогу ксяндза Юзафа з Захар’яшак, вучня ксяндза Люцыяна Гадлеўскага.

ПОЎНЫ ТЭКСТ НЕКРАЛОГУ>>>

Урачыстасць стала глыбокім актам малітвы, даверу і ўдзячнасці, а таксама жывым сведчаннем таго, што вера, за якую некалі змагаліся і цярпелі, працягвае жыць і прыносіць плён у сэрцах вернікаў Бялыніч.

Кароткая біяграфія

Ксёндз Люцыян Гадлеўскі — канонік Магілёўскай мітрапалітальнай капітулы, магістр святой тэалогіі і пробашч Бялыніцкага касцёла — належыць да выбітных постацяў каталіцкага духавенства на землях былой Віленшчыны і Беларусі ХІХ стагоддзя.

Нарадзіўся ў верасні 1818 года ў Віленскай губерні. Пачатковую і сярэднюю адукацыю атрымаў у Віленскай гімназіі, пасля чаго вучыўся ў дыяцэзіяльнай семінарыі і Духоўнай акадэміі, дзе сфармаваўся як тэолаг і душпастыр.

18 мая 1841 года прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Анджэя Бэнэдыкта Клангевіча. Пэўны час займаўся педагагічнай працай у семінарыі, спалучаючы яе з перыядам глыбокага кантэмплятыўнага жыцця. З 1852 года актыўна служыў у Кіеве, дзе праславіўся як здольны прапаведнік і апякун моладзі.

У 1859 годзе выдаў фундаментальную духоўную працу «Кніжка да набажэнства ў гонар і хвалу Бога ў Найсвяцейшай Тройцы». З 1858 года нёс служэнне пробашча ў Бялынічах, дзе пасля пажару 1859 года самааддана заняўся адбудовай касцёла і духоўным адраджэннем парафіі.

Ксёндз Люцыян Гадлеўскі памёр 29 студзеня 1876 года (10 лютага 1876 года па юліянскім календары), пакінуўшы пасля сябе трывалы і глыбокі след у гісторыі Каталіцкага Касцёла на беларускіх землях — як верны пастыр, тэолаг і сведка веры.