Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі віншуе ўдзельніц руху «Маці ў малітве» з 25-годдзем яго дзейнасці
- 18 красавіка, 2026
- Фота: catholic.by // Catholicminsk.by
Сёлета спаўняецца 25 гадоў з дня, калі ў Беларусі пачаў сваю дзейнасць рух «Маці ў малітве». З гэтай нагоды Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, кіруе яго ўдзельніцам словы віншавання.
«Жанчына, вось сын Твой» — «Вось Маці твая»
(пар. Ян 19, 26–27а).
Паважаныя ўдзельніцы руху «Маці ў малітве»!
Любыя ва Уваскрослым Хрысце матулі!
Яшчэ нядаўна, падчас Літургіі Мукі Пана ў Вялікую пятніцу, мы пачулі з вуснаў канаючага Хрыста напоўненыя цеплынёй і пяшчотай словы, якія церпячы Сын з крыжа скіраваў сваёй Маці: «Жанчына, вось сын Твой», і, нібы рэха, ускліканне Настаўніка да свайго ўлюбёнага вучня Яна: «Вось Маці твая». Гэтыя словы паходзілі з палаючага любоўю сэрца Сына, які кожнаму, хто верыць у Яго, даў Марыю як Маці.
Дарагія матулі. Ад смутку Вялікай пятніцы вы разам з усім Касцёлам перайшлі да радасці Уваскрасення Хрыста.
Сёння вы святкуеце юбілей 25-годдзя вашай прысутнасці і руплівай дзейнасці ў Касцёле на Беларусі. У радасныя і сумныя моманты вашага жыцця вы не перастаеце паўтараць словы вашага дэвізу: «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Вы дазваляеце кожнай маці, якая з вамі сустракаецца, усвядоміць яе мацярынскае пакліканне праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне дзіцяці Яго абароне. Удзячныя Творцу за дар паклікання да нараджэння і выхавання дзяцей, вы прымаеце радасць гэтага дару і дзеліцеся ёй з іншымі.
Прыміце словы шчырых віншаванняў у дзень вашага юбілею. Жадаю, каб вашыя дзеці, жывучы паводле Божых запаведзяў, прыносілі вам радасць і супакой. Каб у вашых сэрцах заўсёды палымнела Божая любоў. Каб вы заўсёды адчувалі прысутнасць Бога ў жыцці вашым і вашых дзяцей. Езус жыве і хоча, каб кожны жыў і быў шчаслівы. Няхай Ён, які памёр і ўваскрос дзеля нашага вечнага шчасця, заўсёды падтрымлівае вас, асабліва ў моманты выпрабаванняў, калі вы давяраеце Яму і прымаеце Яго волю. Будзьце заўсёды маладымі маладосцю Хрыста, які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету.
Паважаная Людміла Барысаўна! Мы бачым плёны Вашых намаганняў, якія, памножаныя Божымі ласкамі і дарамі Духа Святога, становяцца ўсё большымі. У час, калі Бог выбраў і паклікаў Вас да такога асаблівага служэння, няхай Ён сам умацоўвае Вас для далейшай плённай дзейнасці.
На новы этап служэння дзеля Хрыста і Яго святога Касцёла вас і вашыя сем’і шчырым сэрцам благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі