Біскуп Касабуцкі ў другі дзень святкавання срэбранага юбілею руху «Маці ў малітве»: Бог даў вялікую ласку — знайсці сябе ў гэтым руху
- 21 красавіка, 2026
- Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by
18 і 19 красавіка ў мінскім касцёле Божага Цела (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход) праходзіць урачыстае святкаванне срэбранага юбілею дзейнасці руху «Маці ў малітве» у Беларусі. У другі дзень святкавання, якім была нядзеля, святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Генеральны сакратар ККББ біскуп Юрый Касабуцкі.
Разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі святары — дыяцэзіяльныя мадэратары руху: айцец Юрый Кулай OCD — мадэратар у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ксёндз Валерый Пупкевіч SCJ — у Гродзенскай дыяцэзіі і ксёндз Антон Лагунёнак — у Віцебскай дыяцэзіі. Прысутнічалі таксама ўдзельніцы руху з розных дыяцэзій, якія змаглі застацца ў Мінску на другі дзень святкавання.

Напачатку ўсіх прыcутных прывітаў духоўны настаўнік руху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску айцец Юрый Кулай OCD. Звяртаючыся да галоўнага цэлебранта, біскупа Касабуцкага, ён заўважыў: «Вы, напэўна, — адзін з сыноў тых матуль, якія сёння прысутныя і ўчора былі прысутныя. І, напэўна, яны ўсім сэрцым і любоўю атуляюць Вашу асобу ў Вашым служэнні». Біскуп паведаміў, што цэлебруе Эўхарыстыю як падзяку за існаванне руху «Маці ў малітве», а таксама ва ўсіх інтэнцыях сабраных у касцёле маці.
Затым ад прыгожых эпітэтаў прамоўца перайшоў да разважання над урыўкам Евангелля з ІІІ Велікоднай нядзелі, які распавядае пра вучняў, якія ўцякалі з горада Ерузалема ў вёску Эмаўс. Іерарх параўнаў жыццё ўдзельніц руху з падарожжам вучняў Хрыста ў Эмаўс. Маці перажываюць радасныя моманты і хвіліны выпрабаванняў, звязаныя з жыццём і паводзінамі іх дзяцей. Падчас сустрэчы яны, як двое вучняў, дзеляцца сваімі перажываннямі, сведчаннем малітвы за дзяцей, Божым дзеяннем у іх жыцці.
— запэўніў іх пастыр, тлумачачы, што Ён не адмаўляе просьбе Яго вучняў «Застанься з намі!» і заўсёды гатовы пасяліцца ў сэрцы чалавека, каб спадарожнічаць яму на яго жыццёвым шляху.

Біскуп звярнуў увагу, што супольная малітва маці адбываецца не толькі за іх дзяцей. Ён выразіў свядомасць таго, што многія маці моляцца за яго як за духоўнага сына. Гэтая малітва мае свой эфект: «Вашая малітва становіцца тым Езусам, які прысутнічае на маім шляху. (…) Я адчуваю ўнутраную энергію, якая (…) бярэцца з вашай малітвы. Яна дае адчуванне ўнутранага супакою».
— падбадзёрыў прысутных маці іерарх.
Далей ён нагадаў чарговы момант з Евангелля паводле Яна, калі Езус даверыў сваю Маці ўлюбёнаму вучню Яну і ўсім людзям на зямлі, бо Яна ім была вельмі патрэбнай. Таксама патрэбныя, на думку пастыра, маці, якія моляцца за сваіх дзяцей. І калі ў 2001 годзе ў арганізатараў яшчэ прысутнічала хваляванне і ўзнікалі сумненні, ці атрымае гэты новы рух сваё развіццё, то сёння, гледзячы на яго распаўсюджанасць у розных кутках Беларусі, бачна, што гэтая Божая справа патрэбная сённяшняму чалавеку.

Іерарх падзякаваў асабліва агульнабеларускаму каардынатару руху Людміле Барысаўне Губінай за тое, што «зрабіла першы крок» — найбольш цяжкі, але рашаючы. Ён пажадаў усім удзельніцам надалей заставацца духоўна прыгожымі Божымі светачамі, якія сваімі малітвамі адкрываюць сэрцы дзяцей — фізічных і духоўных — на Бога, несучы праўду пра ўваскрасенне Хрыста.
Перад благаслаўленнем словы падзякі іерарху, святарам мадэратарам і прысутным маці скіраваў айцец Юрый Кулай OCD. Затым ён аддаў слова Людміле Барысаўне Губінай, якая простымі і шчырамі словамі падзякавала біскупу Юрыю за прысутнасць і супольную малітву. Яна назвала яго «біскупам руху “Маці ў малітве”» за тое, што ён ад пачатку свайго біскупскага служэння быў распаўсюднікам інфармацыі пра рух і праз гэта моцна прычыніўся да яго пашырэння на ўсю Беларусь, і запэўніла ў малітве ўсяго руху за яго як духоўнага сына.
Пасля пастырскага благаслаўлення, якое ўдзяліў прысутным біскуп Касабуцкі, сустрэча руху прадоўжылася ў душпастырскім цэнтры пры парафіі Божага Цела ў Мінску.














