Skip to main content

250 гадзін адарацыі: біскупы ЗША да 250-годдзя незалежнасці

  • 17 лютага, 2026
  • Тэкст: кс. Аляксандр Амяльчэня — Vatican News BY / Выява ілюстрацыйная // Catholicminsk.by
  • Vatican News BY

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў ЗША абвясціла агульнанацыянальную душпастырскую ініцыятыву, заклікаўшы вернікаў прысвяціць 250 гадзін адарацыі і здзейсніць 250 учынкаў міласэрнасці да 250-годдзя незалежнасці краіны.

Амерыканскі епіскапат падрыхтаваў адмысловыя матэрыялы, якія заахвочваюць парафіі і супольнасці да малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і канкрэтных жэстаў любові да бліжняга.

Ініцыятыва павінна стаць духоўным адказам на сучасныя выклікі грамадства, а таксама знакам удзячнасці за Бацькаўшчыну. Біскупы падкрэсліваюць, што адзінства ў малітве і справах міласэрнасці з’яўляецца дзейсным інструментам для грамадскага аздараўлення краіны.

Супольныя набажэнствы і дабрачыннасць стануць падрыхтоўкай да святкавання падпісання Дэкларацыі незалежнасці 4 ліпеня 2026 года.

Адарацыі будуць праводзіцца ў розных інтэнцыях, сярод якіх абарона жыцця, мір, пакліканні да святарства і рэлігійная свабода. Паралельна з малітвай вернікі будуць дапамагаць цяжарным жанчынам у крызісных сітуацыях, сем’ям бежанцаў, а таксама падтрымліваць харчовыя банкі і мясцовыя дабрачынныя арганізацыі. Біскупы прапануюць цэлы шэраг практычных крокаў, каб міласэрнасць стала бачнай у штодзённым жыцці.

Яшчэ адной важнай падзеяй падрыхтоўкі стане прысвячэнне амерыканскага народа Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Гэты акт плануецца здзейсніць падчас чэрвеньскага пленарнага пасяджэння епіскапату ЗША. Да гэтага часу ў парафіях будуць праходзіць катэхезы, якія дапамогуць вернікам глыбей зразумець значэнне гэтай падзеі і духоўна далучыцца да юбілейных святкаванняў.

Падобныя душпастырскія ініцыятывы ўжо двойчы ладзіліся і ў Беларусі.

Акт прысвячэння Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса адбыўся ў 2024 годзе.

Інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса, здзейсненая арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, на фэсце ў Будславе, стала падзякай за атрыманыя ласкі, перапрашэннем і ўміласціўленнем за ўчыненыя грахі ўсяго народу, просьбай аб умацаванні веры і любові, каб заставацца вернымі Евангеллю, нягледзячы на новыя выклікі і выпрабаванні. Гэтай важнай падзеі папярэднічала духоўная падрыхтоўка — навэнна да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

У 2025 годзе падчас Будслаўскага фэсту беларускія іерархі прысвяцілі Касцёл на Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі і Божай Міласэрнасці.

Гэтай падзеі таксама папярэднічала адмысловая падрыхтоўка — навэнна да Божай Міласэрнасці на працягу дзевяці месяцаў з нагоды Юбілейнага года хрысціянства і 90-годдзя Вяночка да Божай міласэрнасці.

Сёлета, 4 ліпеня 2026 года, у Будславе адбудзецца прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста як акт удзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

З гэтай нагоды, згодна з распараджэннем арцыбіскупа Станеўскага, у Нацыянальным санктуарыі і ў парафіях Беларусі  з 4 кастрычніка 2025 года да 6 чэрвеня 2026 года праходзіць малітоўная падрыхтоўка — Агульнабеларуская навэнна да Найдаражэйшай Крыві Хрыста.