Святая Імша ўдзень у Будславе: духоўны запавет нунцыя Ёзіча, працэсія з дарамі і прысвячэнне Касцёла ў Беларусі Сэрцу Езуса, здзейсненае арцыбіскупам Станеўскім
- 6 ліпеня, 2024
- Тэкст: Мікола Гракаў, кс. Павел Эйсмант, фота: Віктар Ведзень // Catholic.by
6 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшлі цэнтральныя ўрачыстасці сёлетняга Будслаўскага фэсту, падчас якога адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Гэты фэст стаў апошнім у служэнні ў нашай краіне Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, якога 28 чэрвеня Папа Францішак прызначыў на новую місію ў Грузію і Арменію.
Прадстаўнік Святога Айца і сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі Монсіньёр Кшыштаф Сэрока ўвайшлі ў Будслаў пешкі як звычайныя пілігрымы.
На плошчы перад Нацыянальным санктуарыем нунцыя Ёзіча сустрэлі беларускія біскупы і прадстаўнікі дзяржаўнай улады.
Па запрашэнні Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага прадстаўнік Папы Францішка ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, якую канцэлебравалі ўсе каталіцкія біскупы Беларусі, Апостальскі адміністратар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і больш за пяць дзясяткаў святароў з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі.
У прамоўленай гаміліі нунцый Ёзіч перадусім адзначыў сваю радасць ад магчымасці ўзначаліць літургічную цэлебрацыю ў Нацыянальным Марыйным санктуарыі і разам з беларускімі вернікамі маліцца і дзякаваць Маці Божай Будслаўскай за ўсе ласкі, атрыманыя ў жыцці.
«Цудатворны Будслаўскі абраз, які мы штогод ушаноўваем у гэтым санктуарыі, з’яўляецца святыняй, якая на працягу стагоддзяў ахоўвае не толькі жыхароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але кожнага верніка і грамадзяніна Беларусі, хто да яе звяртаецца. Я таксама як пілігрым кожны год прыязджаў у Будслаўскі санктуарый, і гэта ўжо чацвёрты раз з таго часу, як Святы Айцец Папа Францішак прызначыў мяне нунцыем у гэтай краіне.
Цяпер, калі мая касцёльная місія тут заканчваецца ў бліжэйшыя некалькі месяцаў, я карыстаюся гэтай цудоўнай магчымасцю, каб звярнуцца да вас з пасланнем удзячнасці і духоўным запаветам, які я хацеў бы даць вам перад тым, як пакінуць Беларусь пасля вельмі інтэнсіўнага перыяду жыцця і служэння Касцёлу тут, які мы дзялілі разам у радасцях і смутках.
Прызнаюся вам, што з першага моманту майго прыезду ў Беларусь абраз Маці Божай Будслаўскай заўсёды суправаджаў усю маю дзейнасць і кожны дзень, праведзены ў гэтай краіне. Дзякуючы Маці Божай Будслаўскай я пазнаў мужную веру беларускага народа, які ўмеў захоўваць і працягвае берагчы веру, перададзеную вашымі дзядамі і прадзедамі. За гэту веру, заснаваную на глыбокім духоўным перакананні і евангельскіх каштоўнасцях, я выказваю сваю ўдзячнасць кожнаму з вас, прысутных тут, а таксама тым, хто не змог прыйсці і застаўся дома», — сказаў Апостальскі нунцый. Перадусім ён падзякаваў пілігрымам, якія «праз сваё падарожжа далучыліся да старажытнай традыцыі пілігрымуючага Касцёла».
«Сёлета вы сабраліся вакол гэтай святыні, бо ведаеце, што, прыйшоўшы да Маці Божай, вы знойдзеце і Яе Сына. Таму заахвочваю вас, моладзь і старэйшых, працягваць прыходзіць у гэтае святое месца, і тут вы заўсёды знойдзеце аднову для душы, спакой у сэрцы, еднасць з Богам і людзьмі, духоўнае паяднанне. Тут вы знойдзеце тыя каштоўнасці, якія ніколі не знікаюць; каштоўнасці, якія спрыяюць развіццю і прагрэсу цела, душы, сям’і і грамадства»,— заўважыў прадстаўнік Папы, падзякаваўшы таксама за сведчанне, дадзенае іншым людзям падчас пілігрымкі.
«Шлях да Бога — гэта заўсёды шлях да чалавека, — падкрэсліў пры гэтым ватыканскі іерарх.
«Урачыстасць Маці Божай у Будславе дае нам магчымасць наблізіцца да Езуса і адчуць радасць, што мы не самотныя, нават калі адчуваем сябе пакінутымі ўсімі, калі не бачым выйсця з цяжкага матэрыяльнага становішча, калі мы больш не маем сілы супрацьстаяць розным перашкодам, хваробам», — зазаначыў нунцый, дадаўшы, што праз свае адведзіны святой Альжбеты «Маці Божая Будслаўская запрашае ўсіх нас праяўляць у нашым жыцці жэсты дабрыні, высакароднасці, увагі і салідарнасці, бо яны вызваляюць нас ад індывідуалізму і эгаізму і заахвочваюць ісці за Хрыстом».
«У мінулыя дні Рэспубліка Беларусь успамінала 80-годдзе вызвалення ад нацызму ў гады Другой сусветнай вайны, якая прынесла шмат разбурэнняў і чалавечых ахвяр. У гэтай святой Імшы я малюся за ўсіх ахвяр, асабліва нявінных, якія аддалі сваё жыццё за свабоду і росквіт наступных беларускіх пакаленняў»,— сказаў ватыканскі іерарх.
Завяршаючы служэнне ў Беларусі, нунцый Антэ Ёзіч пажадаў пакінуць беларускім вернікам свой запавет, «які адпавядае таму, што Святы Айцец Папа Францішак часта прамаўляе да нас. Гэта духоўны запавет, які дапаможа вам заставацца адзінымі ў цяжкія часы.
Дарагія браты і сёстры, дарагія беларусы, ваша гісторыя навучыла вас заўсёды быць мірнымі і вернымі свайму пакліканню. Будзьце і надалей будаўнікамі міру ў сучасным свеце, заўсёды несучы з сабой радасць і братэрскую еднасць! Абараняйце сваю хрысціянскую веру розных традыцый, перададзеных вам вашымі дзядамі і прадзедамі, заўсёды шукаючы натхнення і паратунку для вас і вашых сем’яў! Заўсёды выходзьце насустрач братам і сёстрам у патрэбе, як навучыла нас Марыя сваім наведваннем Альжбэты! Беражыце хрысціянскія і сямейныя каштоўнасці, заснаваныя на слове Хрыста, якое з’яўляецца адзіным падмуркам нашага існавання! Заставайцеся вернымі сведкамі Маці Божай і нашай Маці, Будслаўскай Багародзіцы, да якой вы штогод пілігрымуеце, праходзячы шмат кіламетраў! Заставайцеся побач са сваімі біскупамі і святарамі, якія пасланыя абвяшчаць вам Слова Пана! Яны таксама будуць маліцца за вас і шчодра дапамагаць вам праз сакрамэнты Касцёла.
Дарагія браты біскупы, дарагія святары, манахі і манахіні, семінарысты і катэхеты, заўсёды заставайцеся адзінымі і вернымі свайму пакліканню, чулымі да патрэбаў братоў і сясцёр, даручаных вашай апецы. Выяўляйце сваю канкрэтную любоў да іншых і давайце сведчанне таго, што Езус з’яўляецца Збаўцам свету»,— такі духоўны запавет пакінуў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.
На заканчэнне гаміліі ён асаблівым чынам заахвоціў да малітвы за мір, «заснаваны на чалавечай годнасці і міжнародным праве, аднолькавым для ўсіх».
Цікавым момантам святой Імшы сталася працэсія з дарамі, якая прыпомніла прысутным аб сёлетнім пастырскім годзе, прысвечаным касцёльным рухам і супольнасцям Беларусі.
Прадстаўніца апостальскага руху “Маргарытка” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прынесла нова створаную “маргарытку” — малітоўную “кветку” ў інтэнцыі біскупа каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя.
Прадстаўніцы апостальскага руху “Маці ў малітве” прынеслі жывыя палявыя кветкі — сімвал любові і малітвы за сваіх дзяцей і моладзь, якіх яны давяраюць Богу.
Прадстаўнік апостальскага руху “Легіён Марыі” прынёс каравай — сімвал адзінства Касцёла ў Беларусі і яго сувязі з Паўсюдным Касцёлам.
Прадстаўніца душпастырства пчаляроў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прынесла рамку сотавага мёду – знак павагі і малітоўнай памяці пра свайго душпастыра, ксяндза прэлата Уладзіслава Завальнюка, які сёлета адзначае Залаты Юбілей святарскага пасвячэння.
Прадстаўнікі дабрачыннага фонду “Адкрытыя сэрцы” – арганізацыі, мэтай якой з’яўляецца абарона ненароджаных дзяцей і сямейных каштоўнасцяў і якой у бягучым годзе споўнілася 15 год, прынеслі да алтара хлеб і віно, якія, ператвараючыся ў Цела і Кроў Пана, становяцца спажывай на жыццё вечнае.
Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам і абразом Сэрца Езуса, створаным у гады Другой сусветнай вайны ў адной з вёсак на тэрыторыі Будслаўскай парафіі, дзе амаль усе ўратаваліся ад ваеннай навалы, здзейсніў малітоўны акт прысвячэння Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Збаўцы.
Ён адбылося па ініцыятыве самога арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, з нагоды 125-гадовага юбілею з часу інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў паўсюдным Касцёле, што адбылася на заклік Папы Льва ХІІІ. Прысвячэнню папярэднічала духоўная падрыхтоўка на працягу года, які быў таксама Годам падзякі Маці Божай за 25-годдзе з часу каранацыі цудудзейнага Будслаўскага абраза папскімі каронамі, што адзначалася год таму з удзелам Папскага Легата кардынала Клаўдыё Гуджэроцці.
«Сёння перад Марыяй, Тваёй Маці, нашай клапатлівай Апякункай і Каралевай Беларусі, перад нашымі святымі апекунамі, мы цалкам аддаемся і прысвячаем сябе Твайму Божаму Сэрцу, каб назаўсёды быць Тваім народам. У той жа час мы ўрачыста абяцаем заставацца вернымі святой каталіцкай веры, бараніць Твой святы Касцёл і фармаваць нашае асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё паводле Твайго Евангелля. О Найсвяцейшае Сэрца Езуса, пакорна просім Цябе, прымі нашае прысвячэнне Табе, атулі нас сваёю любоўю і вядзі нас праз сучаснасць і будучыню, каб Твая пашана і праслаўленне вечна гучалі з нашай зямлі», — прамаўляў арцыпастыр словы ўрачыстай малітвы.
Прысвячэнне адбывалася на палявым алтары перад Нацыянальным санктуарыем у прысутнасці ўсіх каталіцкіх біскупаў Беларусі, Апостальскага адміністратара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека, шматлікіх святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў з усёй краіны і з-за мяжы. Акт быў здзейснены перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам і перад абразом Сэрца Езуса з незвычайнай гісторыяй.
«Найсвяцейшае Сэрца Езуса, Лекару душ нашых, Сыне Найсвяцейшай Панны Марыі! Праз Беззаганнае Сэрца Тваёй Маці, Насвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, якой аддаем у апеку наш Касцёл і наш народ, што на працягу стагоддзяў быў верным Табе, просім сёння: прымі прысвячэнне Твайго Касцёла, аднаві яго і наш народ, умацуй у непахіснай веры, трывалай надзеі і сапраўднай любові. Увесь Каталіцкі Касцёл на Беларусі з гэтага моманту цалкам і назаўсёды Табе аддаецца, о наймілейшае, о літасцівае, о міласэрнае Сэрца нашага Пана і Збаўцы. Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі!»
Пасля прачытання арцыбіскупам Юзафам Станеўскім заключных словаў акту адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у якой з пашанай неслі копію абраза Маці Божай Будслаўскай і абраз Сэрца Езуса, перад якім адбыўся абрад прысвячэння.
На заканчэнне ўрачыстасці ў неба над Будславам былі выпушчаны 125 паветраных шарыкаў чырвонага колеру ў памяць пра першую інтранізацыю Найсвяцейшага Сэрца Езуса, што адбылася ў паўсюдным Касцёле 125 гадоў таму.