Арцыбіскуп Станеўскі наведаў Васілеўшчыну, дзе паўстаў абраз Сэрца Езуса, і прайшоў з вернікамі ў працэсіі праз вёску (+ВІДЭА)
- 10 чэрвеня, 2024
- Тэкст: Catholicminsk.by, фота і відэа: facebook.com/budslau
У нядзелю 9 чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў Васілеўшчыну — вёску ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе.
Вёска Васілеўшчына Мядзельскага раёна адметная тым, што там паўстаў абраз Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які мае для мясцовых вернікаў вялікае духоўнае значэнне. У часы Другой сусветнай вайны яны звярнуліся да свайго пробашча кс. Станіслава Жука з просьбай аб малітве за сваіх сыноў, якіх забралі ў войска, а таксама за дзяўчат, якіх адправілі на прымусовую працу ў Германіі. Святар параіў ім намаляваць абраз Сэрца Езуса і, пераносячы яго з хаты ў хату, маліцца пры ім усёй вёскай.
Так паўстаў абраз пэндзаля мастака Бярнацкага, які быў асвячаны і распачаў перэгрынацыю па Васілеўшчыне. Дзякуючы супольнай малітве жыхароў вёскі ўсе іх блізкія вярнуліся з вайны і з прымусовых прац. Малітва таксама аберагала жыхароў і іх хаты ад балотных пажараў.
Абраз Сэрца Езуса пераносілі з хаты ў хату ажно 76 гадоў, а затым аддалі ў капліцу, якая знаходзіцца ў суседняй вёсцы.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу на палявым алтары на ўскрайку вёскі і прайшоў разам з вернікамі ў працэсіі праз Васілеўшчыну, молячыся словамі Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і ўзгадваючы даўнюю вясковую рэлігійную традыцыю.
Падчас сёлетняга Будслаўскага фэсту, які пройдзе 5-6 ліпеня, перад гэтым абразом адбудзецца прысвячэнне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.