Skip to main content

Зварот Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на Нядзелю Добрага Пастыра 2024 года

  • 18 красавіка, 2024
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

 

ТЭКСТ ЗВАРОТУ ДЛЯ ДРУКУ ТУТ >>>

Зварот да духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

«Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё» (Лк 10, 2).

Паважаныя браты ў Святарстве Хрыстовым, дарагія браты і сёстры!

У IV Велікодную нядзелю, якую Касцёл называе нядзеляй Добрага Пастыра, адзначаецца Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця. У гэты дзень мы асаблівым чынам праз малітву звяртаемся да Бога, каб Ён з любоўю ўзглянуў на маладыя сэрцы і адправіў работнікаў у Свой вінаграднік.

У сённяшнюю нядзелю чытаецца Евангелле пра Езуса, Добрага Пастыра. Езус Сам прадстаўляе Сябе як Добрага Пастыра. Статак – гэта Ягоны Касцёл, Божы Народ, які пакліканы сабраць у сабе ўсіх дзяцей Божых у дасканалым адзінстве.

«Я ведаю маіх авечак» (пар. Ян 10,14), кажа Езус, Добры Пастыр. У Святым Пісанні дзеяслоў “ведаць, знаць” азначае не проста валодаць нейкай павярхоўнай, “статыстычнай” інфармацыяй, але кажа пра глыбокую блізкасць, інтымнасць з другой асобай. Для нашага рацыяналістычнага ўспрымання веды – гэта набор пэўных дадзеных, якімі можна маніпуліраваць, ужываць на сваю карысць. Езус жа мае на ўвазе такое “веданне”, якое раскрывае найбольш глыбокую праўду пра тое, хто мы ёсць, без страху, што яна будзе выкарыстана супраць нас. Гэтая праўда пра нас раскрывае і нашы найлепшыя рысы, усю нашу прыгажосць і веліч істотаў, створаных паводле Божага падабенства, адораных шматлікімі талентамі, але таксама і нашу крохкасць, уразлівасць, слабасць.

«Авечкі Мае слухаюць голас Мой» (Ян 10,27): так акрэслівае Езус сувязь, што існуе паміж Ім, Добрым Пастырам, і Ягонымі вернікамі. Слова Хрыста, што праз Евангелле дасягае нас сёння, – не проста нейкі халодны закон, збор наказаў і правілаў, а жывы заклік, і ён гучыць з пэўным “тэмбрам”, які адрознівае яго ад усіх іншых. У нашым жыцці павінна гучаць гэтае слова, гэты голас, які абвяшчае праўду, нагадвае пра найбольш важнае. Так, як паводле аповеду Дзеяў Апосталаў «слова Пана пашыралася па ўсёй краіне» (Дз 13,49), яно павінна пашырацца ў нашай рэчаіснасці і перамяняць яе, пачынаючы ад нашага сэрца.

Мы, хрысціяне, жывём у канкрэтных культурах, несучы Хрыста ў слове і сакрамэнтах, з пакорай і радасцю ўдзельнічаючы ў служэнні міласэрнасці, прымаючы таямніцу Хрыста, якая ўжо чакае нас у кожны час і ў кожным месцы. Тым самым мы становімся Касцёлам, які прымае людзей «з кожнага роду, і мовы, і племені, і народа» (Ап 5, 9).

Яшчэ да ўсялякага адрознення харызмаў і служэнняў «усе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела» (1 Кар 12, 13). Такім чынам, сярод усіх ахрышчаных існуе сапраўдная роўнасць годнасці і агульная адказнасць за місію ў залежнасці ад паклікання кожнага.

Касцёл – перад усім гэта людзі, супольнасць, можна сказаць што Касцёл – гэта ўсе тыя, хто праз веру і хрост становяцца дзецьмі Божымі, членамі Хрыста і святыняй Духа Святога. «Наш Касцёл» – на ўзроўні сям’і – бацькі і дзеці. «Наш Касцёл» – на ўзроўні парафіяльным – душпастыр і вернікі. «Наш Касцёл» – на ўзроўні дыяцэзіяльным – біскупы, духавенства і свецкія вернікі. Мы ўсе адказныя за наш Касцёл, якім ён ёсць і якім ён будзе. Мы разам крочым да збаўлення, мы разам закліканы будаваць тут, на тэрыторыі Мінскай і Магілёўскай абласцей, Містычнае Цела Хрыста.

Здаецца, не з’ўляецца вялікай таямніцай факт таго, што рэчаіснасць парафіяльных супольнасцей нашага мясцовага Касцёла вельмі адрозніваецца паміж сабой – ёсць сапраўды вялікія парафіі, і ёсць супольнасці вельмі сціплыя па колькасці – напрыклад сярэднестатыстычная парафія на Магілёўшчыне налічвае прыблізна каля 15-20 чалавек. Таму шчыра запрашаем Вас далучацца да супольнай малітвы аб развіцці Каталіцкага Касцёла на магілёўскай зямлі. Такой магчымасцю з’яўляецца так званая «Ружанцовая круцыята» – сумесная малітва ў інтэнцыі «Аб адраджэнні веры каталіцкага Касцёла на магілёўскай зямлі і вернасці Евангеллю і Крыжу».

Мае дарагія. Мы разумеем, што выключна малітвы недастаткова. Патрэбна канкрэтнае дзеянне, учынак, братэрства, праяўленне салідарнасці. Таму ад сённяшняга дня, ад Нядзелі Добрага Пастыра, 21 красавіка, у нашай архідыяцэзіі распачынаецца ініцыятыва «Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне», якая будзе трываць да свята Перамянення Пана, 6 жніўня. Спадзяёмся, што ў перспектыве яна стане штогадовай рэгулярнай ініцыятывай ў архідыяцэзіі, скіраванай на ўзрост братэрства і салідарнасці паміж ўсімі намі.

«Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне» – ініцыятыва дыяцэзіяльнага ўзроўня, скіраваная на аптымізацыю некаторых канкрэтных момантаў дзейнасці нашага мясцовага Касцёла ў эканамічнай галіне. Мэтай дадзенай акцыі з’яўляецца арганізацыя дапамогі парафіяльным супольнасцям ва ўсходняй частцы архідыяцэзіі, якія маюць патрэбу ў дапамозе ў галіне належнай арганізацыі душпастырскай дзейнасці, рэалізацыі канкрэтных душпастырскіх ініцыятыў, канкрэтных інвестыцыйных праектаў, а таксама аплаты бягучых выдаткаў у парафіях.

Як гэта будзе рэалізавана? Адбывацца будзе праз распаўсюджванне за добраахвотнае ахвяраванне ва ўсіх парафіях нашай архідыяцэзіі адмысловых картачак – сімвалічных знакаў «дару сэрца». Запрашаем Вас скласці ахвяраванне, якое стане ўнёскам, дарам сэрца адносна справы арганізацыі належнага функцыянавання нашых каталіцкіх парафій – Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў. Дадзеная ініцыятыва не з’яўляецца перашкодай для іншых магчымасцяў дапамогі паасобным парафіям ці святарам Магілёўшчыны – напрыклад запрашэнне душпастыраў на рэкалекцыі, збор ахвяраванняў на канкрэтныя мэты і г. д.

Як хрысціяне, моцай сакрамэнту святога хросту мы належым да народу Новага Запавету, утвараем супольнасць Касцёла – аўчарню Хрыста, Добрага Пастыра.

ІІ Ватыканскі Сабор звяртае ўвагу на тое, што Касцёл ва ўсім свеце – адна супольнасць веры, надзеі і любові, – яднае паміж сабою вызнаўцаў Езуса Хрыста, хто б яны ні былі і дзе б ні знаходзіліся, а таксама на тое, што ў супольнасці мясцовага дыяцэзіяльнага Касцёла, вызнаўцы Хрыста знаходзяць веру і літургію, выражаную моваю ўласнай культуры, знаходзяць шляхі любові, вызначаныя ў той сітуацыі, у якой яны жывуць, знаходзяць таксама пачуццё братэрства ў Хрысце.

Дарагія браты і сёстры, вялікі дзякуй Вам ужо цяпер за ахвярнае сэрца. Няхай Добры Бог адудзячыць кожнаму за дапамогу нашым сёстрам і братам на Магілёўшчыне. З боку парафіяльных супольнасцей Магілёўшчыны будзе адбывацца адмысловая малітва за ўсіх ўдзельнікаў ініцыятывы – кожны месяц будзе цэлебравацца Святая Імша ў інтэнцыі развіцця ініцыятывы, а таксама за ўсіх ўдзельнікаў акцыі, просячы, каб Бог шчодра ўсім благаславіў і вёў шляхам збаўлення.

Касцёл Мінска-Магілёўскі – гэта мы з Вамі. Мы ўсе за Яго адказныя.

На ўдзел у ініцыятыве ўдзяляю сваё пастырскае благаслаўленне:
у Імя Айца,+ і Сына, і Духа Святога. Амэн.

+Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
            Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 7 красавіка 2024 г., Нядзеля Божай Міласэрнасці