Skip to main content

Выйшаў другі ў 2026 годзе нумар часопіса «Наша вера»

  • 24 верасня, 2026
  • Тэкст і фота: ave-maria.by // Catholicminsk.by


Другі сёлетні нумар часопіса «Наша вера» ўжо дайшоў да чытачоў. У ім — разважанні пра штучны інтэлект і месца чалавека ў свеце, створаным без Бога, даследаванні пра гісторыю Касцёла ў Беларусі і яго пастыраў, пераклады лацінскіх і італьянскіх тэкстаў, паэзія, эсэ і ўспаміны.
 

Адкрывае нумар артыкул арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча «Штучны інтэлект — спакуса будаваць свет без Бога ці новая магчымасць развіцця чалавецтва?». Аўтар разважае над энцыклікай папы Льва XIV Magnifica humanitas і ставіць пытанне, якое хвалюе сёння многіх: ці можа тэхналогія стаць пагрозай для годнасці чалавека, а можа — наадварот, адкрыць новыя шляхі для яго развіцця.

Кандыдат гістарычных навук Алена Шымак у матэрыяле «Гістарычны шлях станаўлення Каталіцкага Касцёла ў Беларусі» паказвае, як на працягу стагоддзяў Бог у сваёй прадбачлівасці і міласэрнасці збіраў супольнасць беларускіх вернікаў. Літаратуразнаўца Сяргей Чыгрын знаёміць з спадчынай архімандрыта Льва Гарошкі — вядомага беларускага святара і даследчыка гісторыі хрысціянства на нашых землях.

Працягваецца публікацыя «Споведзі» святога Аўгустына ў перакладзе на беларускую мову лацініста Алеся Жлуткі. А ўвазе прыхільнікаў сусветнай літаратуры прапануецца заканчэнне твора італьянскага паэта Дзіно Кампана «Верна (Дзённік)» у перакладзе Аксаны Данільчык.

Кандыдат філалагічных навук Ларыса Пуцылева ў артыкуле «Выхадцы з ВКЛ у Італіі ў эпоху Адраджэння» даследуе факты прысутнасці і навучання нашых суайчыннікаў у Балонскім універсітэце. Кандыдат гістарычных навук Анатоль Сцебурака ў матэрыяле «Крыжы Валадковічаў у Радашкавічах» працягвае шукаць сляды старасвецкага роду Валадковічаў. Літаратар Леанід Лаўрэш прапануе артыкул «Каміла Юрэвіч з Нарбутаў і раўнапраўе жанчын», да якога далучаны яго пераклад твора Камілы Юрэвіч «Ліст да Аляксандры М…».

Валянцін Глекаў у артыкуле «Святы Францішак на будслаўскіх абразах» звяртаецца да вобраза слыннага каталіцкага святога ў сакральным мастацтве. Артыкул Лідзіі Камінскай «Хацела б быць зярном пшаніцы…» прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, беларускай паэткі, вядомай пад псеўданімам Цётка.

У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы Дануты Бічэль і Ірыны Багдановіч. Юбілею літаратуразнаўцы, паэткі і перакладчыцы Ірыны Багдановіч прысвечаны артыкул Ганны Шаўчэнкі «Бясконцасць высока абранага шляху». Леанід Дранько-Майсюк у эсэ «Ад паэта — да песняра» разважае пра прыцягальнасць асобы Васіля Зуёнка — аднаго са старэйшых майстроў паэтычнага слова. Юбілею паэткі Марыі Баравік прысвечаны артыкул літаратуразнаўцы Ірыны Саматой, тут жа — вершы юбіляркі.

Алесь Місуна ў эсэ «След» разважае пра жыццёвыя страты — асабістыя і грамадскія, — якія панесла Беларусь пасля чарнобыльскай трагедыі. Доктар філасофскіх навук, лінгвіст Алена Сямёнава-Герцаг прапануе пераклад твора нямецкага пісьменніка Георга Освальда Котта «На Госларскім рэйхстагу 1154 года Генрых Леў робіцца герцагам Баварыі». Музеязнаўца Павел Каралёў дзеліцца цікавымі знаходкамі са свайго асабістага архіва.

На апошніх старонках нумара Стах Лысы і Ян Лысы артыкулам «„Дэкалог“ Кшыштафа Кеслёўскага» завяршаюць свой цыкл разважанняў пра адметнае прачытанне Божых запаведзяў, якое прапанаваў сусветна вядомы польскі рэжысёр.