Skip to main content

«IV запаведзь. 18+»: пра бацькоў, межы і прабачэнне – тэма чарговага сезону «Зярняткі» ў мінскай архікатэдры

З 22 верасня
  • 25 верасня, 2026
  • Фота: з архіва ўдзельнікаў праекта // Catholicminsk.by

22 верасня ў архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску стартаваў чацвёрты сезон сустрэч у межах праекта «Зярняткі» — месца сумеснага ўзрастання і падтрымкі, дзе парафіяне разам паглыбляюць веды і досвед у справе адносін у хрысціянскіх сем’ях.

Першую сустрэчу правяла катехэтка Таццяна Мацкевіч, якая ужо не першы год праводзіць катехэзы для дарослых у галоўным касцёле архідыяцэзіі на курсе «Сымоне, ці любіш ты мяне?» Таццяна не толькі распавяла падрабязна слухачам пра IV Божую запаведзь, што стане падмуркам для далейшых сустрэч, а таксама падзялілася прыкладамі са свайго жыцця. Гэта робіць кожную сустрэчу жывой і багатай. Наперадзе ўдзельнікаў чакаюць яшчэ пяць сустрэч.

Сёлетні сезон прысвечаны тэме «IV запаведзь. 18+». Арганізатары тлумачаць:

«Гэтая назва — не выпадковая іронія, а запрашэнне да дарослай, сумленнай размовы: гаворка пойдзе пра нашыя адносіны з уласнымі бацькамі, калі мы самі ўжо дарослыя людзі, і з іншага боку адначасова будуем адносіны са сваімі дзецьмі».

Гэтая тэма, паводле іх меркавання, вельмі змястоўна багатая. Яна будзе разглядацца з розных бакоў: праз прызму катэхізіса, псіхалогіі, духоўнасці і жывога досведу. Сустрэчы будуць праводзіць спецыялісты з розных галін — катэхеты, псіхолагі і духоўныя асобы. Яны закрануць пытанні, якія кожны дзень узнікаюць у жыцці веруючых людзей. Аднак, як адзначае духоўны айцец праекта ксёндз Аляксандр Шыманскі, гэтыя сустрэчы не прэтэндуюць на тое, каб раскрыць усе тонкасці і даць вычарпальныя адказы на кожнае балючае пытанне. Адносіны з бацькамі — тэма настолькі асабістая і шматслойная, што ўніверсальных рашэнняў тут проста не існуе. Сустрэчы ж могуць стаць пачаткам шляху да пошуку адказаў на пытанні, якія прыйдуць з часам у малітве, у размове і ў асабістай працы.

Не менш важным аспектам праекта застаецца жывая сяброўская атмасфера.

За некалькі сезонаў паміж удзельнікамі ўжо склаліся даверлівыя адносіны: перад сустрэчай ёсць магчымасць пагутарыць разам за гарбаткай і пачастункам, падзяліцца навінамі, а пасля сустрэчы яшчы застаецца час, каб падзяліца асабістымі перажываннямі і ўражаннямі. Менавіта гэта стварае плённае асяроддзе, каб разам узрастаць як парафіяльная сям’я і хрысціянская супольнасць.

Сустрэчы «Зярнятак» — гэта прастора, дзе можна не толькі пачуць важнае, але і быць пачутым. Арганізатары шчыра запрашаюць далучацца да сустрэч у мінскім архікатэдральным касцёле.

Плакат праекта

Запіс на ўдзел у праекце па тэл. +375 (29) 347 17 80 — кс. Аляксандр