Skip to main content

Пастырскае слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на свята святога Міхала Арханёла, апекуна Мінска-Магілёўскай касцёльнай правінцыі

29 верасня
  • 25 верасня, 2026
  • Фота: www.bikerringshop.com // Catholicminsk.by

Напярэдадні свята святога Міхала Арханёла, якое адзначаецца 29 верасня, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мінтрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе вернікам сваё слова

Пастырскае слова
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага,
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага,
на свята святога Міхала Арханёла,
апекуна Мінска-Магілёўскай касцёльнай правінцыі

Вашыя Эксцэленцыі, шаноўныя святары, манаскія асобы.
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце
.

Напрыканцы верасня ў Каталіцкім Касцёле мы адзначаем свята святога Арханёла Міхала — апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла, а таксама святых арханёлаў Габрыэля і Рафала.

У Святым Пісанні мы чытаем: «Напачатку Бог стварыў неба і зямлю» (Быц 1, 1). Касцёл у нікейска-канстанцінопальскім сімвале веры абвяшчае, што Бог ёсць Стварыцелем усяго бачнага і нябачнага — усіх духоўных і матэрыяльных істотаў, гэта значыць анёлаў і бачнага свету, і асабліва чалавека (КККК, 59). Анёлы ў Бібліі з’яўляюцца больш за 300 разоў. Сапраўды, немагчыма ўявіць сабе нараджэнне Езуса без анёлаў, дзе яны спяваюць: «Хвала на вышынях Богу», цярпенні ў Аліўным садзе, дзе анёл умацоўвае Езуса, ці ўваскрасенне, калі ў велікодную раніцу анёлы кажуць жанчынам каля магілы: «Чаму шукаеце жывога сярод мёртвых?».

І сёння мы ўшаноўваем асаблівых анёлаў, якіх называюць арханёламі, — Міхала, Габрыэля і Рафала. Акрамя анёлаў-ахоўнікаў, дадзеных кожнаму чалавеку, Бог таксама паклікаў да існавання анёлаў, якім Ён прызначыў пэўную місію і заданне. Іх заданне сімвалізуе імя, якое яны носяць. Святы Грыгорый Вялікі тлумачыў гэта так: «Імя анёл азначае не прыроду, а заданне. Духі, якія прадвяшчаюць найважнейшыя падзеі, называюцца арханёламі. Некаторыя з іх маюць уласныя імёны, якія ўказваюць на іх канкрэтнае заданне ці паслугу». Значэнне іх імёнаў вельмі сімвалічнае. Імёны арханёлаў указваюць нам на Божую святасць — Яго веліч, сілу і моц, і адначасова, — на Яго міласэрнасць, дабрыню і блізкасць.

Святы Міхал, як пераможца злых сілаў — ворагаў Бога і Касцёла, падтрымлівае людзей у змаганні са злом (Ап 12, 7-9).

Магутны апякун Мінска-Магілёўскай правінцыі мае шмат розных тытулаў: Князь Анёлаў, Анёл справядлівасці, Ахоўнік раю, Абаронца Хрыстовага Касцёла, Князь душаў, Пасланнік Бога, які перадае людзям Божыя наказы. Па-габрэйску яго імя гучыць «Міхаэль», што азначае «Хто ж як Бог», — менавіта з такім заклікам гэты арханёл распачаў барацьбу з анёламі, якія ўзбунтаваліся супраць Бога.

Гэтымі словамі ён хацеў падкрэсліць, што ва ўсім небе і ў сусвеце няма нікога, хто мог бы параўнацца з Богам. Арханёл Міхал некалькі разоў узгадваецца ў Святым Пісанні, асабліва ў Апакаліпсісе святога Яна Евангеліста (Ап 12, 7-12). Ён паказаны як апякун выбранага народа і новага Божага народа (Касцёла), а таксама як абаронца Божай хвалы, з’яўляецца сімвалам перамогі дабра над злом.

Заданне святога Габрыэля, імя якога перакладаецца «Божы ваяр» або «Божы муж», — перадаваць людзям Божую волю. Гэта асабліва датычыць найважнейшага Божага замыслу, які Евангелле падае нам у апісанні Звеставання (Лк 1, 26-38), калі ён абвясціў Панне Марыі аб тым, што Яна стане Маці Збаўцы. Арханёл Габрыэль прадказаў таксама святару Захарыі аб нараджэнні Яна Хрысціцеля.

Імя святога Рафала азначае «Бог лечыць, ацаляе». Ён — «адзін з сямі анёлаў, якія ўзносяць малітвы святых і ўзыходзяць перад веліччу Пана» (пар. Тоб 12, 15). Яго асоба і місія прадстаўлены ў кнізе Тобія. Ён — заступнік хворых і вандроўнікаў. Ён паказвае нам Пана, які аздараўляе ад фізічнага і духоўнага зла. Дзякуючы яму мы даведваемся, што сапраўднае аздараўленне нам дае Збаўца, што нам таксама патрэбны ў жыцці духоўныя пастыры, каб не паддацца хваробе душы, якою часта з’яўляецца пыха, эгаізм, непрабачэнне, а таксама адварочванне ад Бога і Яго дапамогі.

Умілаваныя! Да прыйсця Езуса Хрыста на зямлю святы Міхал лічыўся князем выбранага народа, «вялікім князем», які спяшаецца на ратунак свайго народа (Дан 10).

У святарскіх малітвах Касцёл вызнае, што арханёлу Міхалу як апекуну аўчарні Пана Бог Айцец даверыў ахоўваць усе душы. Ён прызначае кожнай душы свайго Анёла-Ахоўніка, ніколі не перастаючы абараняць яе ад злых сілаў.

З асабліваю моцаю арханёл Міхал змагаецца за кожную душу ў момант смерці чалавека. Затым ён праводзіць душу на неба і прадстаўляе Найвышэйшаму Пану як годную вечнай хвалы. У сакральным мастацтве святы арханёл Міхал часта прадстаўлены з шалямі, на якіх ён параўноўвае вагу добрых і дрэнных учынкаў памерлага. Арханёл Міхал шырока прадстаўлены і ў беларускім мастацтве (пра гэта можна прачытаць цікавыя артыкулы ў часопісе «Наша вера»).

На працягу гісторыі Касцёла праз заступніцтва арханёла Міхала адбываліся шматлікія цуды. Занатавана шмат аповедаў, заснаваных на рэальных фактах. Так, у 590 годзе, калі Рым апанавала эпідэмія чумы і смерць штодзённа забірала жыццё многіх людзей, папа Грыгорый Вялікі звярнуўся да вернікаў, заахвочваючы іх да пакаяння і перапрашэння Бога. Ён прапанаваў арганізаваць працэсіі «са слязьмі і малітвамі» з усіх святыняў Рыма з мэтаю, «каб строгі Суддзя, бачачы, што мы самі сябе караем за свае грахі, злітаваўся і адмовіўся ад пакарання, якое нам пагражае».

На працэсію прыйшло шмат людзей, у тым ліку хворыя, — хто яшчэ мог трымацца на нагах. Усяго за гадзіну падчас гэтага пакаяльнага шляху памерла восемдзесят пілігрымаў у розных працэсіях. Жахлівае, знясільваючае відовішча, якое магло пасеяць паніку, каб усе разбегліся. Але раптам збоку маўзалея імператара Адрыяна пачуўся прыгожы спеў, нібы спяваў вялікі хор. Людзі ў працэсіі закрычалі ад здзіўлення, бо на вяршыні гэтага будынка з’явілася высокая постаць у прамяністым святле. Гэта быў арханёл Міхал, незвычайнай прыгажосці, але з пагрозлівым тварам, а ў руцэ яго бліснуў меч, падобны на маланку. Князь Нябеснага Войска ўсміхнуўся і павольна, з пашанай, уклаў меч у ножны. Грыгорый Вялікі зразумеў, што малітвы пачуты, гнеў Божы суцішыўся, а эпідэмія спыніцца. І гэта сапраўды адбылося, чума адступіла ад Вечнага Горада. З гэтага часу, па прапанове Папы, маўзалей быў ператвораны ў Замак Святога Анёла. У 608 годзе папа Баніфацый IV пабудаваў на вяршыні будынка капліцу Святога Анёла.

Мае дарагія. Кожнаму чалавеку пры яго нараджэнні Пан Бог даў Анёла Ахоўніка. Але ці ўсведамляем мы гэта, ці звяртаемся да свайго анёла за парадай ці з просьбай, каб дапамог не паддацца спакусе? А спакусаў у сучасным свеце так шмат на кожным кроку. Як мы функцыянуем сёння? Нейрабіёлагі і псіхолагі б’юць трывогу: наш мозг стаў залежным ад дафаміна, які дае нам віртуальная нерэальнасць. Але не толькі. Многія людзі захоплены віртуальным лінчаваннем бліжніх і атрымліваюць ад гэтага задавальненне. На жаль, і некаторыя вернікі робяць такія памылкі. Калі хтосьці памыляецца, мы знішчаем яго ў сацыяльных сетках. Нават духоўныя асобы часта не могуць пазбегнуць ад хейтаў парафіянаў… І тут трэба прасіць апекі арханёла Міхала, каб ён умяшаўся ў гэтую барацьбу са злымі сіламі. Сапраўдная духоўная вайна адбываецца не ў аблоках — яна адбываецца ў алгарытмах нашых смартфонаў, у тым ліку ў тым, ці адпраўляем мы чарговы атрутны каментар, ці маўчым.

Арханёл Міхал вучыць нас боскай паслухмянасці і чуйнасці, каб мы былі ратавальнікамі для бліжніх ад сучасных спакусаў. Ён вучыць нас быць бескампраміснымі ў тых справах, якія датычаць нашага збаўлення, вучыць, што любоў без праўды — гэта толькі прыкрая ілюзія.

Мы не пераможам зло, ідучы на кампраміс з сумленнем. Злу трэба адважна казаць «не!». Арханёл Міхал вучыць нас смела называць зло злом, хлусню — хлуснёй, а здраду — здрадай. Ён вучыць нас усталёўваць цвёрдыя, этычныя і экзістэнцыяльныя межы, без якіх грамадства і супольнасць можа ператварыцца ў масу, якая вядзе да бездані.

Папа Бэнэдыкт ХVІ распарадзіўся ўстанавіць ў Ватыканскім садзе фігуру арханёла Міхала. Гэтую фігуру ў 2013 годзе асвяціў папа Францішак, які сказаў:

«Міхал абараняе першынство Бога. Ён змагаецца за вяртанне Боскай справядлівасці; бароніць Божы народ. Бог мацнейшы — Яму належыць перамога, і Яго збаўленне дадзена кожнаму чалавеку».

А цяперашні Папа, узяўшы імя Леў XIV, абвясціў, што робіць гэта, сярод іншага, у гонар свайго папярэдніка, папы Льва XIII, які славіўся вялікай адданасцю святому Міхаілу Арханёлу і ўвайшоў у гісторыю Касцёла як аўтар знакамітага экзарцызму і малітвы да гэтага Арханёла.

У Беларусі дзякуючы ксяндзам міхалітам, якія служаць у некалькіх парафіях, распаўсюджваецца культ святога арханёла Міхала, праводзяцца набажэнствы і адмысловыя малітвы, а таксама заахвочваецца прымаць шкаплер святога арханёла Міхала.

Нагадаю, што асаблівым днём, прысвечаным малітве да анёлаў, з’яўляецца аўторак, менавіта ў гэты дзень у многіх парафіях праводзяцца адмысловыя набажэнствы да арханёла Міхала.

Але вельмі добра, калі ў нас з’явіцца звычка, а потым і традыцыя, штодзённа звяртацца да арханёла Міхала, просячы яго заступніцтва і абароны ад усяго злога. 29 верасня 2018 года па парафіях Беларусі распачалася перэгрынацыя копіі фігуры Арханёла Міхала, якая створана, паводле аб’яўленняў, у гроце гары Гаргана. Дарэчы, на гары Гаргана Арханёл Міхал з’яўляўся 16 разоў. Пэрэгрынацыя фігуры працягваецца і сёння. Вернікі на працягу некалькіх гадоў, прымаючы фігуру гэтага магутнага арханёла, моляцца праз заступніцтва святога Міхала, просячы ў Бога спакою і абароны ад злога духа для Касцёла, для нашых парафій, для нашых сем’яў, для ўсёй краіны, бо менавіта такой інтэнцыі была прысвечана гэтая «пілігрымка» фігуры арханёла Міхала.

Памятайма, што на нашым жыццёвым шляху і ў выпрабаваннях мы не адны, Божыя анёлы спадарожнічаюць нам і падтрымліваюць нас. Яны, як казаў папа Францішак, «пазычаюць нам крылы, каб дапамагчы нам пераадолець небяспеку і каб мы маглі высока лётаць над тым, што абцяжарвае нашае жыццё і цягне нас уніз». «Хто ж як Бог!» — гэты заклік да кожнага з нас, каб мы памяталі, Хто нас стварыў, да Каго мы прыйдзем і ў якім духоўным стане мы прыйдзем.

Няхай жа арханёл Міхал і нашы анёлы апекуны дапамогуць нам быць чуйнымі ў сучасным свеце, каб мы не ішлі на кампраміс са злом, але імкнуліся быць вернымі Хрысту, які ёсць дарога, праўда і жыццё.

Просім, каб Бог, які з цудоўнай мудрасцю даручае абавязкі анёлам і людзям, ласкава ўчыніў, каб наша жыццё на зямлі ахоўвалі анёлы, якія заўсёды служаць Яму на нябёсах. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі  

14 верасня 2026 года
Свята Узвышэння Святога Крыжа

P. S. І не забывайма маліцца кароткай малітвай-экзарцызмам, якую склаў і заахвочваў чытаць кожны дзень папа Леў ХІІІ: «Святы арханёле Міхале, беражы нас у змаганні, будзь нам абаронаю супраць спакусаў і пастак злога духа. Пакорна просім, няхай яго знішчыць Пан Бог, а ты, князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Амэн».