«Будзем весяліцца і радавацца»: што чытаць у першым восеньскім нумары «Ave Maria»
- 24 верасня, 2026
- Тэкст: Іна Бігель / Фота: ave-maria.by // Catholicminsk.by
- Паводле ave-maria.by
Першы нумар «Ave Maria» пасля летняга перапынку спалучае традыцыйныя рубрыкі і нечаканыя тэмы — ад гістарычных матэрыялаў і разважанняў пра цуды без рэкламы да віртуальнай пілігрымкі ў Ліван. І гэта далёка не ўсё, што рэдакцыя «Ave Maria» падрыхтавала для чытачоў да пачатку восені.
Першы восеньскі нумар часопіса «Ave Maria» адкрываецца матэрыялам Яна Лысага «Запрашэнне на “вяселле” ў Смалявічах». Аўтар дзеліцца ўражаннямі ад асвячэння касцёла, названага ў гонар святога Валянціна, — адзінага такога храма ў Беларусі. Гэта своеасаблівае запрашэнне да братоў капуцынаў і ўсіх вернікаў падзяліць радасць супольнай малітвы.
Да 265-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай надрукавана пастырскае сведчанне біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, якое так і называецца — «265-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай». У ім распавядаецца пра гісторыю культу гэтага абраза на Магілёўшчыне і пра яго значэнне для мясцовых вернікаў.
Айцец Юрый Кулай OCD у сваёй ужо традыцыйнай рубрыцы «Школа малітвы» разважае над тым, чаму Езус забараняе распавядаць пра свае дабрадзействы, або, кажучы сучаснай мовай — не дазваляе рабіць рэкламу сваім цудам. Аўтар падкрэслівае: сапраўдная вера не патрабуе шуму і самарэкламы.
На пытанне чытачоў «Ці можа быць збаўлены неахрышчаны?» адказвае ксёндз Андрэй Рылка. Ён нагадвае, што Бог дае шанец на збаўленне кожнаму чалавеку, і заахвочвае да паглыбленага роздуму над таямніцай міласэрнасці.
Ксёндз Сяргей Сурыновіч працягвае цыкл «Жанчына ў Бібліі» артыкулам «Сара і школа даверу». Гераіня гэтага нумару — Сара, прамаці Ізраэля, без якой Божае абяцанне не набыло б плоці. Яе гісторыя — гэта ўрок даверу і паслухмянасці Богу нават тады, калі чалавечыя сілы здаюцца вычарпанымі.
Вікторыя Філіпенка ў артыкуле «Глядзіце ў вочы Хрысту» знаёміць з сёстрамі Маці Божай Міласэрнасці, якія ахвярна служаць у пастаўскай парафіі. 9 жніўня яны адзначылі 25-годдзе гэтага служэння. Свой верш «Дзень Нараджэння Марыі» прапануе вядомая паэтка Данута Бічэль.
Ксёндз Артур Ляшнеўскі ў артыкуле «150 гадоў веры і гісторыі» падрабязна апісвае гісторыю касцёла ў Жупранах. А Святлана Шэйпа ў матэрыяле «35 гадоў у трох спевах» знаёміць з харысткамі хору «Залатая горка» з Мінска, якія сёлета таксама святкуюць юбілей.
У першым восенскім нумары знайшлося месца і для пілігрымак. Гісторык Таццяна Шумель запрашае ў вандроўку па Віцебшчыне, падчас якой ёй разам з іншымі вернікамі пашчасціла наведаць мясцовыя святыні. Пра гэта чытайце ў артыкуле «Пілігрымка па святынях Паазер’я». Не менш захапляльнае падарожжа апісвае Генадзь Гарэцкі ў сваім допісе «Маліцеся — і вера ўратуе вас!». Аўтар запрашае чытачоў у віртуальную пілігрымку ў Ліван, да мясцін, звязаных са святым Шарбэлем.
Завяршаецца нумар артыкулам Соф’і Вусік «Парафія святога Валянціна: сведчанне першай парафіянкі». Аўтарка стаяла каля вытокаў нараджэння парафіі ў Смалявічах і была актыўнай памочніцай у многіх парафіяльных справах.
Да ўспаміну Найсвяцейшага Імя Марыі, якое прыпадае на 12 верасня, прапануюцца Літанія і малітвы з гэтай нагоды.