Skip to main content

Праект пра сінадальнасць: паняцці ўсеадзінства і саборнасці ў разуменні Льва Карсавіна

  • 10 верасня, 2024
  • кс. Раман Суша

У нашай рубрыцы працягваем знаёміцца з тэрмінамі, якія сутыкаюцца з паняццем сінадальнасці. У мінулы раз мы разглядзелі тэму абагаўлення, а сёння звернемся да паняцця «ўсеадзінства», якое развіваў праваслаўны філосаф Леў Карсавін (1882-1952). Гэта канцэпцыя, якая прадстаўляе Царкву як арганічнага адзінства, заслугоўвае асаблівай увагі ў кантэксце тэалогіі саборнасці. Паводле Карсавіна, Царква з’яўляецца «ўсеадзінствам універсальным», падобным да жывога арганізма[1].

Згодна з Карсавіным, асоба чалавека фармуецца ў цеснай сувязі з працэсам яго абагаўлення. Чалавек, народжаны ў гэтым свеце, не з’яўляецца асобай у тым сэнсе, у якім гэта разумее Карсавін, бо ён звязвае паняцце асобы з «быццём» – катэгорыяй Божай рэчаіснасці. Паводле яго антрапалогіі, народжаны чалавек – гэта толькі нейкі «падрыхтоўчы этап» ці «субстрат», які можа наблізіцца да стану асобы і стаць часткай Божай іпастасі толькі праз працэс абагаўлення, гэта значыць, жывучы жыццём, падобным да Хрыстовага. Карсавін выкарыстоўвае тэрмін «лицетворение», які адносіцца да ένυπόστατον (ўвасабленне ў іпастась), ужыванага Леонціем Бізантыйскім у VI стагоддзі для тлумачэння спосабу суіснавання ў чымсьці іншым[2]. Паводле антрапалогіі Карсавіна, абагаўленне выяўляецца як неабходны працэс для станаўлення і рэалізацыі асобы[3].

Ацэнка паняцця метадам супастаўлення

У такім падыходзе да паняцця асобы істотна ўлічваць выказванні некаторых заходніх тэолагаў (Ю. Ратцынгера, В. Каспера, Х.У. Бальтазара, А. Пасацкага і інш.), але выказванні не столькі адносна чалавека, колькі ў адносінах да злога духа. Абагульняючы меркаванні гэтых багасловаў, д’ябал сапраўды існуе і быў першапачаткова створаны як асоба, аднак ён уяўляе сабой нейкую дэградацыю асобасных характарыстык. Іншымі словамі, гэта асоба без маральна пазітыўнай постаці і твару; больш таго, ён «безаблічны» [4], а таксама, у пэўным сэнсе, гэта анты-асоба («Un-Person» [5]), «растварэнне асобы» [6] і анты-адзінства («Un-Einheit»), якая «не мае сімпатыі, таму перажывае разрыў асабістага існавання»[7].

Можна заўважыць, што існаванне без сімпатыі можна было б вызначыць як пазіцыю крайняга суб’ектывізму або этычнага саліпсізму, што перакладаецца ў перакананне, што толькі індывідуальнае маральнае меркаванне мае значэнне або важнасць. Філосаф Густаў Шпет (1879-1937) крытыкуе гэты падыход і прапануе разглядаць асобу не толькі праз індывідуальную свядомасць, але праз паўнату свядомасці саборнасці (рус. полнота соборного сознания)[8], якая з’яўляецца цэнтральным паняццем усходнееўрапейскай рэлігійнай філасофіі XIX—XX ст. і абазначае арганічнае адзінства агульнага і асабістага, асабліва ў дачыненні да Царквы як Цела Хрыстовага. Бярдзяеў (1874-1948) тлумачыць, што тэрмін саборнасць немагчыма перакласці на іншыя мовы і, каб яго зразумець у заходнім кантэксце, уводзіць французскі тэрмін «communautaire»[9].

Тэрмін «саборнасць» семантычна блізкі да слоў «сабор», «каталічнасць», але Леў Карсавін падкрэслівае, што ў дадзеным выпадку саборнасць азначае не прызнанне Сабора як найвышэйшай улады, але хутчэй прадстаўляе сабой сімфонію (рус. симфония, ням. Symphonisch), гарманічнае ўзгадненне (рус. гармоническая согласованность) і ўсеадзінства (рус. всеединство).

гл. Паняцце сімфоніі ў эклезіялогіі: адказ Айцоў Касцёла

Заключэнне

Падыход Карсавіна да асобы даволі рызыкоўны, таму што ён спрабуе змяніць устояную тысячагоддзямі тэрміналогію. Але, калі ўлічыць яго адмысловую тэрміналагічную сістэму, то яго пасыл можна перакласці наступным чынам. З аднаго боку, такія тэрміны як усеадзінства можна было б перакласці як камунія (communio), лицетворение як асабовае развіццё, і г.д. Але яго пасыл хутчэй акцэнтуе не на самой тэрміналогіі, а на духоўнай дынаміцы. Гэта заклік развівацца і працаваць над сабою як верніку, так і супольнасці Касцёла. Гэта заклік да трансфармацыі і ў бясконцым узрастанні ў ласцы (ККК 2010), дзе праца, паводле св. Аўгустына, сканцэнтравана на павелічэнні здольнасці чалавека прымаць ласку (гл. Каментарый на 1 Яна 3, 2), а паводле св. Тамаша, у змяшчальнасці сэрца для любові і саўдзелу з Богам (ST q. 24, a. 7 ad 2).

Наступная тэма рубрыкі будзе прысвечана паняццю сімфоніі ў сучасным тэалагічным разуменні.

Перайсці да спісу ўсіх тэм праекта.


[1] Cf. Карсавин, Без догмата, 431.

[2] Милано, Ипостась, Лицо, Личность, 207.

[3] Садыкова, «Понятие “личность”», 103.

[4] Cf. Kozwan – Skowronek, O wierze i teologii współczesnego Kościoła, 190.

[5] Ratzinger, Dogma und Verkündigung, 233-234.

[6] Ratzinger, «The Ratzinger Reader», 44.

[7] Сf. Posacki, Egzorcyzmy, opetanie, demony, 17-18.

[8] Cf. Шпет, История как проблема логики, 209–210.

[9] Cf. Бердяев, Царство духа и царство кесаря, 330.