Skip to main content

Крытэрыі распазнавання сімпатыі

  • 4 лютага, 2024
  • кс. Раман Суша

У Тэафана Пустэльніка ёсць прынцып жывой сімпатыі[1], якім ён апісвае прыемнасць і задавальненне чалавека ў навакольным свеце. У гэтым артыкуле паспрабуем выявіць крытэрыі як не згубіцца ў свеце прыемнасцяў і як навучыцца кіраваць сабою.

Дзе “жыве” прыемнасць

Задавальненне і сімпатыя могуць быць звязаны з трыма сферамі свету:

  • Богам,
  • духоўным светам
  • і матэрыяльным.

Аднак у грэшніка задавальненне ад Бога і сімпатыя да духоўнага свету скажаюцца і падаўляюцца, што выяўляецца праз няздольнасць сэрца ўспрымаць боскія ўражанні і атрымліваць асалоду ад іх прысутнасці. Замест гэтага яго сэрца шукае пачуццёвых і грахоўных задавальненняў, і знаходзіць Богу замену. У гэтым сэнсе злучэнне з Богам павінна прывесці да апатыі (г. зн. здаровай індыферэнцыі) да ўсяго астатняга, у той час як любоў да свету павінна быць заменена любоўю да Бога.

Сімпатыя да боскага і злучэнне з Богам складаюць асноўныя слупы прыемнасці і задавальнення чалавека ў свеце. Аднак грэх не дазваляе адчуць задавальнення і сімпатыі да боскага, таму чалавек адчувае дыскамфорт, калі ўступае ў кантакт з боскімі праявамі. Ён аддаляецца ад боскага і перажывае розныя формы мучэння (страта супакою, дакоры сумлення, унутраныя канфлікты, раздваенне жаданняў, духоўная слепата, тэндэнцыя падзення ўнутранага ўзросту і г.д.). Аднак той, хто звярнуўся да Бога, дзейнічае наадварот: спрабуе «асядлаць» свае зямныя інстынкты і прысвячае сябе духоўнай дзейнасці, каб адчуць смак боскага і прадбачыць вечную асалоду (супакой сумлення, інтэгральны стан асобы, кантэмпляцыя, дзейнасць з пазіцыі сумленнасці, тэндэнцыя ўзрастання ўнутранага ўзросту). Такім чынам, для вядзення хрысціянскага духоўнага жыцця неабходна развіваць стан сімпатыі да боскага і бараніць яго як каштоўную пярліну.

Мастацтва стойкасці – балансаваць сімпатыю і антыпатыю

Духоўная сімпатыя да свету анёлаў і людзей (пар. 1 Кар 13, 1-13) з’яўляецца асноўным паказчыкам роднасці і блізкасці да Бога (пар. 1 Ян, 4, 20). Яе адсутнасць сведчыць аб адчужанасці і антыпатыі да духоўнага свету. Больш таго, абыякавасць і антыпатыя да людзей з’яўляюцца скажэннем сімпатыі і вядуць да несправядлівасці. Такі чынам, калі чалавек аддае перавагу выключна сваёй сферы інтарэсаў, то пачынае «карміць» сваю пыху, праяўляючы сімпатыю выключна толькі да сябе.

Аднак чалавек, які набліжаецца да Бога, знаходзіць ацаленне ад сваёй духоўнай хваробы дзякуючы Божай ласцы. Ён разумее, што дыстанцыя ад духоўных субратоў і адданасць самалюбству не прынясе яму задавальнення. Затым ён пачынае рабіць ахвярныя крокі, якія дапамагаюць яму пазбавіцца ад нянавісці-антыпатыі і «стаць братамі» з іншымі людзьмі і анёламі. Яго адносіны з духоўным светам становяцца настолькі інтэнсіўнымі, што ён жыве так, нібы пагружаны ў яго, і атрымлівае асалоду ад прысутнасці духоўнай сімфоніі з іншымі і містычнай еднасці душаў. Дзякуючы ласцы Божай у чалавеку, які адкідае грэх і звяртаецца да Бога, аднаўляецца сімпатыя да духоўнага свету.

Крытэрыі распазнавання

Падводзячы вынік, можна выдзеліць наступныя крытэрыі распазнавання як сімпатыі да боскага, так і сімпатыі да граху:

  • Крытэрый апатыі

Сімпатыя да боскага вядзе да свайго роду апатыі да ўсяго астатняга, г.зн. пачуццёвай незалежнасці (ігныцянская індыферэнцыя), у той час як любоў да свету павінна быць заменена любоўю да Бога. У супрацьлегласць гэтаму, сімпатыя да грахоўнага прыводзіць да пошуку пачуццёвага грахоўнага задавальнення.

У гэтым крытэрыі варта задаць сабе пытанне дзе я маю ўпарадкаваныя, а дзе неўпарадкаваныя прывязанасці, якія раздражняюць маю пачуццёвую сферу?

  • Крытэрый супрацьстаяння (контрапазіцыі)

Адсутнасць сімпатыі да боскага сведчыць аб адчужанасці і антыпатыі да духоўнага свету, а абыякавасць і антыпатыя да людзей з’яўляюцца скажэннем сімпатыі і вядуць да несправядлівасці.

Гэты крытэрый кажа пра прысутнасці ўнутраных бар’ераў і падобны на контрзалежнасць у псіхалогіі. Духоўнікі ўжываюць гэты крытэрый, калі бачаць бар’еры (obex gratiae) чалавека да сакрума: напр., малітвы, споведзі; або павышаную варожасць да людзей, нават родных і самога сябе. У гэтым крытэрыі варта задаць сабе пытанне ад чаго я бягу, замест таго, каб вырашыць унутраны канфлікт?

  • Крытэрый аздараўлення

Чалавек, які набліжаецца да Бога, знаходзіць аздараўленне ад сваёй духоўнай хваробы і разумее, што аддаленне ад бліжніх і прысвячэнне сябе самалюбству (эгаістычныму, не эгацэнтрычнаму) не дадуць яму задавальнення.

Гэты крытэрый кажа пра вопыт, што раней было горш. Гэта памяць дае здольнасць параўнаць стан мінулага і цяперашняга, выпрацоўваючы ў чалавека здольнасць антыдота, які называецца грэблівасць: чалавек, які быў аздароўлены, узбуджае агіду да граху які б ён не быў прыгожы, адчуваючы сваім духоўным пачуццем смурод і нягоднасць асалоды граху. У гэтым крытэрыі варта задаць сабе пытанне ці я практыкую навык грэблівасці пры спакусе?

  • Крытэрый блізкасці

Духоўная сімпатыя да свету анёльскага і чалавечага з’яўляецца галоўным паказчыкам роднасці і блізкасці да Бога, а антыпатыя да іх – прыкметай адчужэння і аддаленасці ад Бога.

Гэты крытэрый кажа пра розніцу слоў “слухацца” і “слухаць”. Для блізкасці да Бога недастаткова пазнання – г. зн. павярхоўнай паслухмянасці, але неабходныя адносіны (сімпатычныя адносіны, гл. артыкул пра розніцу эмпатыі і сімпатыі) – г. зн. свядомае слуханне. Іншымі словамі, калі я не навучыўся здаровых адносін да сябе (умець слухаць сябе) і іншых (умець слухаць іншых), складана казаць пра маю любоў да Бога (пар. 1 Ян, 4, 20). У гэтым крытэрыі варта, з аднаго боку, распазнаць хто мяне навучыў быць ворагам да самога сябе, а з іншага, вучыцца слухаць голас сумлення, распазнаваць голас Бога, натхненні анёла-ахоўніка, імпульсы ўласнага арганізма, спакусы злога духа.

  • Крытэрый ахвярнасці

Чалавек, які жыве аўтэнтычным хрысціянскім духоўным жыццём, характарызуецца тэндэнцыяй развіваць сімпатыю да боскага, каб дасягнуць асалоды, а не мучэння, і прыносіць жыццёвыя ахвяры, каб вызваліцца ад нянавісці-антыпатыі і стаць братам з іншымі людзьмі і анёламі.

Гэты крытэрый кажа пра розніцу паміж ахвярай і пустым мучэннем. Любая ахвяра заўсёды мэтанакіраваня, і з-за гэта ярмо становіцца любым, а цяжар – лёгкім. У гэтым крытэрыі варта задаць сабе пытанне якая мэта маіх выпрабаванняў, пастоў і абмежаванняў? Калі ахвяра кіруецца культам Хрыста, асабліва Пасхальна-Эўхарыстычным, то чалавек узрастае. Калі ж мэта кіруецца рэлігійнай ідэалогіяй, чалавек перажыве вопыт фрустрацыі.

Пяць згаданых вышэй крытэрыяў складаюць важны арыенцір для распазнання сімпатыі да боскага або да грахоўнага. Яны могуць быць карыснымі для духоўнага росту, бо паказваюць на дыспазіцыі і дзеянні, якія аддаляюць або набліжаюць нас да Бога. Акрамя таго, гэтыя крытэрыі могуць служыць асновай для глыбейшага аналізу разгляданай сімпатыі, дапамагаючы лепш зразумець, які дух хаваецца за ёй і якія мэты мяркуе дасягнуць.


[1] Cf. Феофан Затворник, Начертание христианского нравоучения, Правило веры, Москва 2010, 409-418.

Перайсці да спісу ўсіх тэм праекта.