Skip to main content

У Валожыне прайшла пастырская сустрэча для святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

28 мая
  • 29 мая, 2026
  • Фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by

28 мая, у свята Езуса Хрыста Найвышэйшага і Вечнага Святара, у парафіі святога Юзафа ў Валожыне адбылася пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з абедзвюх яе частак.

Распачалася яна Літургіяй гадзінаў, пасля якой была прычытаная канферэнцыя пра святога Францішка Асізскага. Падрыхтаваў яе айцец Яўген Голуб OFMConv з Івянца. Асаблівым чынам у сваёй духоўнай канферэнцыі айцец падкэсліў цноты святога Францішка, якія кожны святар, як дыяцэзіяльны, так і манаскі, можа развіваць у сабе для ўласнага ўдасканалення і ўдасканалення іншых на шляху да Божага Валадарства.

Пасля гэта адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Святары ў цішыні маліліся і адаравалі Пана Езуса. Затым прысутныя ўшанавалі Маці Божую традыцыйнай для месяца мая малітвай — Ларэтанскай літаніяй.

Кульмінацыйнай часткай пастырскай сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

На пачатку яе сабраныя ўзнеслі малітву за ўсіх святароў, у тым ліку тых, хто не змог з розных прычынаў прысутнічаць.

Гамілію прамовіў кусташ Нацыянальнага санктуарыя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксёндз канонік Аляксей Раманчук.

У сваёй прамове святар засяродзіўся на тэме святарства Езуса, сакрамэнтальнага святарства і ўсеагульнага святарства вернікаў.

На пачатку прамоўца нагадаў, што Езус не быў святаром у старазапаветным разуменні, бо паходзіў з роду Юды, а не Левія. Святарства Хрыста аўтар Паслання да Габрэяў тлумачыць праз постаць Мельхізэдэка, караля Салема, які выйшаў насустрач Абрагаму з хлебам і віном і благаславіў яго (пар. Гбр 7, 1-28).

«Гэты таямнічы Мельхізэдэк без радаводу, без пачатку і канца — гэта правобраз Хрыста. Ягонае святарства не перадаецца па спадчыне, не залежыць ад генеалогіі і не абмежаванае часам. Яно вечнае, бо ўкаранёнае не ў законе цела, а ў сіле ласкі Божай. Уваскрасенне — вось поўня праяўлення гэтага святарства. Езус, які прайшоў праз смерць і перамог яе, становіцца Святаром навекі. Ён заўсёды жывы, каб заступацца за нас. Ахвяра, ахвярнік і святар у адной Асобе»,

Ксёндз Аляксей падкрэсліў, што ў Старым Запавеце гэта былі тры асобныя рэаліі. У Езусе гэта ўсё аб’ядналася: Ён святар, які складае ахвяру, ён ахвяра, якая складаецца (не кроў цяльцоў, казлоў, але Ягоная ўласная Кроў), і ахвярнік — крыж, на якім Ён памёр.

«Гэта не проста дрэва, а алтар Боскай любові, асвечаны Ягоным паслухмяным Целам. Ён сам сябе прынёс у ахвяру крыжа. Гэта Ахвяра не патрабуе паўтарэння — яна здзейснена аднойчы, раз і назаўсёды. Як мы чытаем у Пасланні да Габрэяў, яна дасканалая (пар. Гбр 10,14), бо гэта не падарунак чалавека Богу, але дар Бога чалавеку. Сын аддае сябе Айцу ў Духу Святым з чыстай любові, каб мы сталі ўдзельнікамі гэтай любові праз Эўхарыстыю»,

— адзначыў прамоўца.

Кожная святая Імша — гэта актуалізацыя адзінага святарства Хрыста. Гэта не новая Ахвяра, а тая самая крыжовая Ахвяра, у якой мы містычна прысутнічаем.

Таму свята Пана нашага Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, па словах ксяндза Аляксея, — гэта заклік да эўхарыстычнага жыцця. Яно вучыць нас шанаваць Імшу як бясцэнны дар, дзе ёсць сапраўдная і жывая прысутнасць Хрыста.

Прамоўца закрануў таксама аспект агульнага святарства вернікаў. У сакрамэнце хросту кожны з іх быў памазаны як кароль, прарок і святар не для рытуалу, а для ўдзелу ў святарстве Хрыста. Жыццё вернікаў такім чынам становіцца духоўным служэннем.

І агульнае святарства, і сакрамэнтальнае — гэта толькі празрысты знак, які паказвае на Хрыста.

«Святарства — гэта не ўлада, не кар’ера, не функцыя. Гэта стыль быцця — быць такім, як Хрыстус, які цалкам аддаецца Айцу за братоў, за людзей, каб яны мелі жыццё, і жыццё ў дастатку (пар. Ян 10, 10)»,

— канстатаваў ксёндз Аляксей.

Кусташ санктуарыя ў Будславе заклікаў кожнага святара памятаць, што яго святарства перад Богам бясцэннае. Вартасць гэтага вялікага дару не могуць прынізіць ні адсутнасць нейкіх вялікіх дасягненняў на святарскім шляху, ні недахоп чалавечага прызнання. У якасці прыкладу ксёндз канонік распавёў дзве гісторыі.

Праз пяць год свайго служэння святар пачуў сведчанні сваіх парафіянаў.

Аказалася, што ў той першы дзень сваім казаннем ён уратаваў жыццё чалавеку, які хацеў скончыць жыццё самагубствам; уратаваў шлюб, які быў на мяжы распаду; і нават натхніў прыйсці ў касцёл і стаць міністрантам аднаго з нападнікаў, які прачытаў скрадзеную ў святара Біблію.

Другая гісторыя была з жыццёвага досведу самога ксяндза Аляксея. Святар адчуваў нежаданне ўдзяляць сакрамэнт шлюбу, бо увесь час бачыў спажывецкае стаўленне да яго з боку сужэнцаў. Аднак, калі праз 15 год да яго ў сакрыстыю падышла пара, каб падзякаваць за словы, прамоўленыя святаром падчас шлюбу, якія тройчы ратавалі адносіны ў складаныя моманты, ён змяніў сваё стаўленне.

Таму прамоўца параіў святарам не знеахвочвацца рознымі сітуацыямі, а заўсёды мець спадзеў на Бога.

Свецкіх вернікаў ксёндз Аляксей заклікаў быць удзячнымі сваім душпастырам і не шкадаваць добрага слова ў іх адрас, бо святар таксама чалавек, якому прыемна добразычлівае стаўленне.

Пасля святой Імшы былі анансаваныя мерапрыемствы, якія адбудуцца ў архідыяцэзіі ў чэрвені і ліпені, у тым ліку парафіяльны і агульнабеларускі Будслаўскі фэст.