Група «Мужчыны святога Юзафа» зноў прыйшла на дапамогу: у Шклове адрамантавалі дах парафіяльнай гаспадарчай пабудовы
- 31 жніўня, 2026
- Тэкст: вернікі парафіі святога Антонія ў Мар’інай Горцы / Фота: з архіва парафіі // Сatholicminsk.by
У мінулы ўік-энд група «Мужчыны святога Юзафа» наведалі шклоўскі касцёл Святых Пятра і Паўла, каб дапамагчы ў гаспадарчых справах. Усе заданні былі выкананы поўнасцю.
У гэтыя выхадныя (29-30 жніўня) група «Мужчыны святога Юзафа» на чале з ксяндзом Генрыхам Кучынскім з Мар’інай Горкі наведалася ў Шклоў. Мэтай візіту стаў касцёл святых Пятра і Паўла, пробашч якога ксёндз Павел Сідарэнка папрасіў гэтую супольнасць дапамагчы ў гаспадарчых працах.
Найперш мужчыны мелі замяніць пашкоджаную шыферную частку даху на гаспадарчай пабудове — яна пацярпела ад нядаўняга ўрагана. Акрамя гэтага, на прылеглай тэрыторыі касцёла неабходна было спілаваць старыя хмызнякі і дрэвы, а таксама ачысціць вадасцёкі і дах дома, дзе жыве шклоўскі пробашч, ад моху.

Варта адзначыць, што паездка ў Шклоў стала ўжо другой па ліку для гэтай групы. Каля месяца таму «Мужчыны святога Юзафа» прывезлі і ўсталявалі тут драўляны крыж, які сёння з’яўляецца сімвалам салідарнасці і духоўнай лучнасці з шклоўскай парафіяй.
Кожная фізічная справа, зробленая з любоўю і на хвалу Божую, становіцца яшчэ адным крокам да ўмацавання веры і парафіяльнага адзінства. Далучыцца да гэтых добрых учынкаў можа кожны, хто мае жаданне і час.
Як праходзілі працы і якім быў настрой удзельнікаў можна пабачыць у Instagram-акаунце catholicminsk.by









