У Крывічах з удзелам іерархаў адзначылі два юбілеі: касцёла і пробашча
- 15 чэрвеня, 2026
- Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by
12 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрцы Езуса, у парафіі святога Андрэя Апостала ў Крывічах адзначылі 230-годдзе пасвячэння касцёла і 25-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння пробашча гэтай парафіі ксяндза Віктара Шчучко.
Па-святочнаму ўпрыгожаную святыню напоўнілі парафіяне і госці парафіі, родныя і знаёмыя пробашча — тыя, хто праз супольную малітву хацеў аддзячыць ксяндзу Віктару за яго служэнне. Разам з усімі прысутнічала і малілася мама юбіляра Ядвіга Шчучко.
Урачыстую святую Імшу з нагоды дзвюх юбілейных дат узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім канцэлебравалі Эўхарыстыю арцыбіскуп эмэрыі Тадэвуш Кандрусевіч, які прамовіў гамілію да прысутных, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары, сярод якіх сваёй колькасцю асабліва адзначыліся айцы кармэліты босыя. Удзельнікам літургіі дапамагаў маліцца парафіяльны хор з Мядзела.

Напачатку ўрачыстасці ўступнае слова прамовіў ксёндз Віктар Шчучко. Вітаючы прыбылых духоўных і свецкіх асобаў, ён нагадаў асноўныя моманты са свайго жыцця, звязаныя з Касцёлам. З асаблівай цеплынёй ён падзякаваў маме Ядвізе і спачыламу тату Эдуарду за хрысціянскае выхаванне, узгадваючы, што ў савецкія часы, калі касцёл у Мядзелі быў зачынены, бацькі разам з ім і яго братам ехалі ў суседнюю парафію Нарач, а таксама ў Мураваную Ашмянку і Жупраны (сёння — Гродзенская дыяцэзія). Словы падзякі з вуснаў срэбранага юбіляра прагучалі таксама ў адрас спачылага ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага, які ў Канстанцінаве ўдзяліў яму хросту, спачылага ксяндза Люцыяна Паўліка, які ў Нарачы ўдзяліў яму Першую святую Камунію. Святар з падзякаю ўзгадаў сваю першую настаўніцу, родных і блізкіх, айцоў кармэлітаў Аркадзя Куляху OCD і спачылага Бэрнарда Радзіка OCD, якія дапамагалі яму падчас падрыхтоўкі да прыняцця пасвячэння.

Напрыканцы прамовы словы падзякі ён скіраваў да кожнага з прысутных іерархаў, да ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, святароў і вернікаў за іх прысутнасць.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што «ў гэты дзень наш позірк скіраваны да Найсвяцейшага Боскага і адначасова чалавечага Сэрца Езуса, якое было прабіта дзідай рымскага жаўнера і адкрыта для кожнага чалавека, бо Ён любіць усіх людзей».
«І сапраўды, хто наш Бог і кім Ён ёсць для нас? Мы выбіраем Яго ці свецкія каштоўнасці? Можа, кумірамі нашага жыцця з’яўляюцца артысты, блогеры, інфлюэнсеры, спартоўцы? Што нас найбольш цікавіць? Духоўнае жыццё ці кар’ера, слава, матэрыяльныя каштоўнасці, задавальненне, штучны інтэлект?» — запытаўся прамоўца.

Многія людзі скардзяцца на непаразуменні, праблемы і самотнасць. У такой сітуацыі іерарх прывёў словы Езуса Хрыста: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас (Мц 11, 28), і запэўніў слухачоў, што «ў гэтым закліку Хрыстус дакранаецца да нас у сваім Касцёле, што актуальна з нагоды святкавання круглай даты 230-годдзя асвячэння крывіцкай святыні. Яе гісторыя — гэта гісторыя каталіцызму на нашых землях».
Далей, кажучы пра крывіцкі касцёл, арцыбіскуп запытаўся: «Колькі пакаленняў католікаў выхавалася ў ім? Колькі Імшаў было цэлебравана? Колькі адбылося хростаў і шлюбаў? Колькі споведзяў і камуній? Колькі слёз радасці і суцяшэння было праліта? Колькі людзей здабыла страчаную надзею? Колькі тых, хто завяршыў свой зямны шлях, адсюль адыйшоў на месца вечнага спачынку? Колькі прайшло розных пастырскіх і дабрачынных акцый, конкурсаў і мерапрыемстваў?». І сам даў адказ: «Гэта ведае толькі Бог».
Але для таго, каб каб касцёл быў месцам спаткання чалавека з Богам, зазначыў прамоўца, патрэбны святар. 25 гадоў таму праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння Дух Святы намасціў ксяндза Віктара Шчучко, як кажа прарок Ісая, «абвяшчаць добрую навіну ўбогім і вызваленне палонным, сляпым вяртаць зрок, выпускаць спакутаваных на свабоду і абвяшчаць год ласкі Пана» (пар. Лк 4, 18-19).

Далей арцыпастыр засяродзіўся на вучэнні Касцёла пра пакліканне святароў. Дзякуючы святарам Хрыстус працягвае сваю збаўчую місію. Роля святара ў жыцці Касцёла і збаўленні чалавека незаменная і яе нельга дэлегаваць нікому іншаму. Без святароў Касцёл не можа выканаць сваю місію сакрамэнту паўсюднага збаўлення.
Святарскае служэнне ксяндза Віктара, нагадаў іерарх, прыйшлося на часы пантыфікату папаў святога Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка, і працягваецца сёння, калі пантыфікам з’яўляецца Леў XIV.
- Часы Яна Паўла ІІ — гэта эпоха новага веяння Духа Святога пасля трох пакаленняў пераследу веры, якая заклікала «адчыніць дзверы Хрысту».
- Пантыфікат Бэнэдыкта XVI канцэнтраваў сваю ўвагу на адказе на выклікі крызісу веры. Святар, паводле гэтага папы, павінен быць «спецыялістам ад спаткання чалавека з Богам».
- Папа Францішак у цэнтры служэння святароў ставіў цноту міласэрнасці і звяртаў увагу на адкрытае і міласэрнае душпастырства.
- Леў XIV заклікае святароў быць спецыялістамі ад паяднання ў Касцёле і свеце. А ў сваёй першай энцыкліцы Magnifica humanitas — «Цудоўнае чалавецтва» — ён папярэджвае пра неабходнасць разважлівага выкарыстання штучнага інтэлекту, які з’яўляецца толькі інструментам у руках чалавека і ніколі не заменіць Збаўцы, якім ёсць Езус Хрыстус.
На лёс ксяндза Віктара выпала заданне рэалізацыі гэтых заданняў і ён, паводле пераканання арцыпастыра, мужна і вытрывала іх выконвае, за што Касцёл і Божы народ яму ўдзячныя.
— усклікнуў іерарх.

Пасля гэтага прамоўца перайшоў да тэмы, якая часта сустракаецца ў яго гаміліях — праблемы маральнага рэлятывізму, які не прызнае аб’яўленых Богам праўдаў. У выніку распаўсюджання такога стылю мышлення маральнымі нормамі жыцця становяцца для чалавека не Божыя запаведзі, а прынцыпы, прынятыя чалавекам. Такім чынам, паводле слоў іерарха, «чалавек дэтранізуе Бога і сам займае яго месца». Вакцынай ад гэтай пандэміі духоўных і сацыяльных хвароб сучаснасці прамоўца назваў Божы закон.
У завяршэнне гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч прамовіў наступныя словы: «Ксёндз Віктар, у складаны момант гісторыі даверся Хрысту Першасвятару. Будзь духоўным лідэрам. “Настаўляй у час і не ў час”, як вучыць святы апостал Павел (пар. 2 Цім 4, 2). Не паддавайся разбуральным плыням секулярызму, маральнага рэлятывізму і абыякавасці. Евангелле няхай будзе компасам твайго вучэння і служэння людзям, якія чакаюць духоўнага кіраўніцтва і збаўлення.
Прыклад твайго святарскага служэння няхай дапаможа маладым людзям распазнаць прыгажосць святарства і пайсці за голасам клічучага Хрыста, каб у нас было дастакова тых, хто абвяшче вечна жывое і дзейснае Божае слова, цэлебруе сакрамэнты і корміць людзей хлебам вечнага жыцця, і ў служэнні кіруе Божым народам.
Няхай тваё святарскае служэнне стане яшчэ адным аргументам, што паклікання нельга запланаваць і вырабіць.
In nomine Domini — “У імя Пана” — смела ідзі ў новае заўтра і вядзі людзей у Нябесны Ерузалем. Няхай благаславіць цябе на гэтым шляху Бог, а Святая Багародзіца са святым апосталам Андрэем і святым Францішкам няхай апякуецца табой на многія, святыя і плённыя леты!»

Падчас працэсіі з дарамі вернікі, між іншым, прынеслі да алтара святочны торт, на якім гарэлі свечкі ў выглядзе лічбы 230. Незвычайным было і тое, што разам з гостыяй, якая падчас Імшы становіцца «нябесным Хлебам», быў прынесены таксама «зямны» каравай як падзяка Богу за Яго духоўныя і матэрыяльныя дары.
Пасля святой Камуніі біскуп Юрый Касабуцкі асвяціў нядаўна набытыя парафіяй харугвы з выявамі заступнікаў парафіі, якія будуць несці ва ўрачыстых працэсіях. Затым пры выстаўленым ў галоўным алтары касцёла Найсвяцейшым Сакрамэнце біскуп Алег Буткевіч правёў набажэнства Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Затым вырушыла эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

Пасля благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам прадстаўнікі парафіі павіншавалі свайго пробашча і яго маму са срэбраным юбілеем прэзбітэрскага пасвячэння сына. Усе прысутныя біскупы і святары на памяць аб падвойным юбілеі — касцёла і святара — атрымалі белыя ружы.

У завяршальнай прамове крывіцкі пробашч падзякаваў Езусу і Маці Божай за атрыманыя ласкі, усім дабрадзеям і ахвярадаўцам — за дапамогу ў арганізацыі урачыстасці, а ўсім прысутным — за супольную малітву.
Апошняе слова прамовіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх узгадаў семінарыйныя часы ксяндза Віктара, калі сам прамоўца быў святаром і выконваў функцыі прэфекта (адказнага за чалавечую фармацыю), і нечакана звярнуўся да яго: «Ксёндз канонік». Такім чынам, ён абвясціў яго новы тытул у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: ганаровы канонік Катэдральнага капітула Маці Божай Будслаўскай і святога Міхала Арханёла. Узрушаны юбіляр са слязьмі радасці падзякаваў іерарху за такі нечаканы жэст і прызнаюся, што лічыць гэта асаблівым дарам Езуса Міласэрнага.

Урачыстая цэлебрацыя завяршылася пастырскім благаслаўленнем і супольным фотаздымкам сабранага ў касцёле духавенства.

















































