У цэнтры Мінска адбылася Рэзурэкцыйная працэсія
- 1 красавіка, 2024
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Мікіта Яфрэмаў
У Велікодную нядзелю, 31 сакавіка, на досвітку, вакол прылеглага да мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі квартала, адбылася традыцыйная Рэзурэкцыйная працэсія, якую суправаджалі звон касцёльных званоў і спевы песень у гонар Уваскрослага Хрыста.
Працэсію ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. У святочнай працэсіі прынялі ўдзел таксама біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральный вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, святары і некалькі соцень вернікаў.
Пасля благаслаўлення прысутных у святыні Найсвяцейшым Сакрамэнтам адбылася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Эўхарыстыю ўпрыгожыў спеў хора “Gloria” архікатэдральнай парафіі.
Падчас гаміліі прагучалі словы Пастырскага Паслання арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, на Вялікдзень 2024 года.
Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Юзаф заклікаў прысутных да радасці, “бо, сапраўды, прычына важная – Хрыстус уваскрос”. З нагоды Урачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана іерарх злажыў пажаданні прысутным біскупу, святарам, вернікам і “усім людзям добрай волі”. Мітрапаліт таксама звярнуў увагу, што “Святы Пасхальны Трыдуум… – гэта працы многіх-многіх людзей”: святароў, якія служылі вернікам пры алтары і ў канфесіянале, семінарыстаў, міністрантаў, дэкаратараў, якія ўзносілі алтарныя дэкарацыі на Святы Пасхальны Трыдуум, дзяўчынак, якія сыпалі пялёсткі кветак падчас Рэзурэкцыйнай працэсіі, арганіста і хора і іншых людзей. Іерарх падзякаваў ім за іх служэнне.
Асобным пунктам прамовы арцыбіскупа Станеўскага сталі евангельскія словы: “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала” (Мц 9, 37). Арцыпастыр заклікаў вернікаў маліцца аб новых пакліканнях у Вышэйшую духоўную семінарыю: “Не ва ўсіх нашых парафіях ёсць каму ўсклікнуць: «Хрыстус Уваскрос!»… Радасць уваскрасення некаторыя нашыя вернікі ў вясковых парафіях адчуюць толькі пасля абеду… Таму прашу вас – не шкадуйце, падзяліцеся вашымі сынамі з Касцёлам і маліцеся за сыноў і унукаў”.
Урачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста распачынае Велікодную Актаву – восем дзён, якія святкуюцца, як адна Урачыстасць. У гэты перыяд Касцёл радуецца са Змёртвыхпаўстання Хрыста, якое дало нам збаўленне. У пятніцу падчас Велікоднай Актавы не абавязвае ўстрыманне ад мясных страваў.