Пастырскае пасланне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Вялікдзень 2024 года
- 30 сакавіка, 2024
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Пасха – Уваскрасенне Хрыста
Езус Збаўца уваскрос, аллелюя!
Мір і радасць нам прынёс, аллелюя!
(з песні “Езус Збаўца уваскрос…”)
Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
1. Глыбокапаважаныя Святары, Кансэкраваныя асобы, Браты і Сёстры! Вітаю вас гэтымі словамі велікоднага закліку, які ў гэтыя святочныя дні гучыць у каталіцкіх святынях свету.
У слове “сапраўды” заключана пацвярджэнне праўды пра факт уваскрасення нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Без гэтай праўды, якая пацверджана гістарычнымі фактамі, не было б нашага збаўлення, без Уваскрасення Езуса не было б нашага ўваскрашэння. У гэтай ісціне знаходзіцца фундамент нашай веры, веры ўсіх хрысціянаў. Апостал Павел падкрэслівае гэта ў сваім Пасланні да Карынцянаў: “А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная” (1 Кар 15, 14).
Уваскрасенне Хрыста, якое мы сёння святкуем, – гэта пераход Хрыста з душою і целам са стану смерці ў іншае жыццё. І гэтае свята адкрывае нам цудоўную перспектыву нашага канчатковага існавання. Чалавек часта задае сабе пытанне пра сэнс свайго існавання, і Уваскрасенне Хрыста – адказ на гэтае пытанне. Святы Ян Павел ІІ падкрэсліваў: “Хрыстус уваскрос, каб чалавек знайшоў сапраўдны сэнс свайго існавання, каб чалавек жыў упоўні: каб чалавек жыў з Богам і ў Богу”. Пан не чыніць нас нявольнікамі, менавіта Ён стварыў нас свабоднымі. Ён да нічога не змушае нас, Бог чакае ад нас, хрысціянаў, такога жыцця, каб мы былі соллю, якая надае смак, каб былі такім святлом, у якім людзі ўбачаць Добрую Вестку пра бязмежную Божую любоў і Ягоную міласэрнасць. Паводле выказвання святых, “хрысціянін з’яўляецца соллю і святлом свету не таму, што перамагае ці трыумфуе, а таму, што дае сведчанне Божай любові; і ён не будзе соллю, калі не мае сілы, каб “саліць”; ён не будзе святлом, калі сваім прыкладам і навучаннем не будзе сведчыць пра Хрыста-Збаўцу, калі страціць тое, што з’яўляецца сэнсам ягонага жыцця”.
2. Тое, што ўчыніў для нас Езус дзве тысячы гадоў назад, і сёння становіцца для нас рэальным. Ён ёсць сярод нас, мы перажываем таямніцу пустой магілы, акунаемся ў сведчанні Яго вучняў, што сапраўды Хрыстус быў тым, які перамог смерць. Наш Пан і Збаўца, ахвяруючыся дзеля нас, адкрыў нам цудоўную перспектыву жыцця, якое ніколі не скончыцца.
Хрыстус уваскрос не для таго, каб нам даць добры прыклад, але Езус у сваім целе як бы прадстаўляе пэўны шлях, якім Ён хоча весці ўсіх тых, хто Яму даверыцца. Хрыстус перамог смерць, Ён вярнуўся з магілы не ў выглядзе нейкага прывіду, але ў рэальным сваім абліччы. Калі Езус прыйшоў да сваіх вучняў, то паказаў ім сваё цела, на якім засталіся раны. Адначасова Ён сказаў апосталам: дакраніцеся да Мяне, пераканайцеся, што гэта насамрэч Я, а не якісьці прывід ці дух. Хрыстус паводзіў сябе, як жывы чалавек, бо Ён сапраўды ўваскрос.
3. Браты і Сёстры, для нас свята Вялікадня не з’яўляецца нейкім пераходам з зімовай спячкі да вясновага абуджэння, не з’яўляецца толькі і выключна святам нашага духоўнага адраджэння, але з’яўляецца прадвесцем таго, што з намі станецца ў рэальнасці. Без уваскрасення Езуса Хрыста не было б гарантыі нашага ўваскрашэння. Уваскрасенне Хрыста – гэта самы важны цуд у гісторыі чалавецтва і гэта падмурак нашай веры. У “Апостальскім Сімвале веры” мы паўтараем: веру ў жыццё вечнае, уваскрашэнне цела. Такім чынам, Вялікдзень – гэта свята веры. Езус сказаў: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі” (Ян 11, 25-26).
4. Мае Дарагія, каб убачыць уваскрослага Езуса, неабходна пачуццё веры. Мы запрошаны адсунуць камень і пакінуць магілу нашых грахоў, узняцца над знешнім, пачуццёвым, дакранальным і бачным, гэта значыць над тымі знакамі, якія паглынаюць нашую ўвагу, энергію, сілы і засланяюць духоўную рэчаіснасць, засланяюць Езуса. Езус аб’явіцца нам, калі мы паверым і даверымся Яму. Гэта станецца тады, калі мы, як Пётр, адмовімся ад разлікаў, самаўпэўненасці, пыхі і станем перад Ім у праўдзе, прызнаючыся ў сваіх грахах. Давайце, як апостал Ян, станем перад Богам у пакоры, малітве і сузіранні, адкрытыя на Яго таямніцу. Давайце будзем мець такую цярплівасць і адданую любоў, як у святой Марыі Магдалены.
5. Вялікдзень – гэта свята надзеі. Хрыстус першым уваскрос з мёртвых. Уваскрэснем і мы, бо мы не з’яўляемся толькі звычайнымі біялагічнымі істотамі, існаванне якіх заканчваецца ў момант смерці. Мы – людзі, у якіх адлюстроўваецца духоўны вобраз і прыгажосць Бога. Бог несмяротны. Мы таксама маем удзел у несмяротнасці. Усё, што мы ствараем на зямлі, – культуру, дабро, прыгажосць, любоў, і тое, што для нас каштоўнае і важнае, не заканчваецца з момантам смерці. Мы надалей жывем на зямлі праз іншых, праз нашчадкаў ці людзей добрай волі, якія гэтую добрую волю рэалізуюць. Уваскрасенне – гэта жыццё вечнае. Таму адзін тэолаг назваў Вялікдзень “рыўком да жыцця”.
6. Вялікдзень – гэта таксама свята любові. Святы Павел у прыгожым гімне пра любоў напісаў, што на самой справе ў рэшце рэшт застанецца толькі любоў (1 Кар 13). Пасля ўваскрасення вера і надзея больш не будуць патрэбныя. Застанецца толькі любоў. У нашым зямным жыцці мы перажываем цярпенні і цяжкасці. Мы плануем, ствараем, будуем лепшае жыццё. Аднак, мы ўсведамляем, што ўсё гэта нетрывалае, прамінальнае. Сёння, пры развітых тэхналогіях, калі яны не выкарыстоўваюцца дзеля дабра чалавецтва, дастаткова некалькіх імгненняў, каб знішчыць дасягненні і намаганні цэлых пакаленняў. Мы бачым таксама, якой знішчальнай таксама бывае стыхія прыроды, калі падчас землятрусаў, цунамі, паводак гіне не толькі ўсё матэрыяльнае, але самае галоўнае – гінуць людзі. Крохкасць нашага існавання паказала і нядаўняя пандэмія, а таксама ўзброенныя канфлікты і праявы агрэсіі. Заахвочваю ўсіх маліцца за ахвяр войнаў і тэрарыстычных актаў, а таксама эпідэмій. Просім, каб міласэрны Бог прыняў нявінную ахвяру загінуўшых і адарыў іх вечным жыццём ў Валадарстве Нябёсаў, а параненых і церпячых, таксама тых, хто знаходзіцца ў жалобе, няхай Уваскрослы Пан умацуе сваёй ласкай у цярпенні.
7. Уваскрасенне Езуса Хрыста нараджае ў нас надзею: нават калі ўсё, здавалася б, страчвае сэнс, застанецца вечнасць любові ў Богу. Застанецца пачуццё і упэўненасць, што любоў мацнейшая за смерць. Езус прыйшоў на гэты свет, каб адкрыць нам паўсюдную Божую любоў. Бог любіць усіх людзей і ад кожнага чакае любові, нягледзячы на нашыя слабасці, характар, умовы жыцця і прафесію. Праз усё, што мы перажываем, што здараецца ў нашым жыцці, праз цярпенні і радасці, праз праблемы і канфлікты, якія маюць месца ў кожную гістарычную эпоху, Бог кліча нас, каб мы выконвалі новую запаведзь любові, якую даў нам Езус Хрыстус, каб насамрэч палюбілі Бога і бліжняга.
8. Як дасягнуць гэтай любові? Бог даў нам карысныя “рэкамендацыі” – 10 запаведзяў. Святы Ян Хрызастом, калі ў яго спыталі, як быць шчаслівым, параіў: “Хочаш быць шчаслівым – не грашы, калі зграшыў – пакайся, не хочаш каяцца – тады будзь гатовы да цярпенняў”. Чалавек знойдзе збаўленне толькі пры ўмове, што будзе наследаваць Хрыста, слухаць Яго слова і выконваць яго, імкнуцца яднацца з Езусам праз шчырае пакаянне і навяртанне.
8. Апошнім часам у інтэрнэце веруючая моладзь распаўсюджвае заклік-параду: “Не кажы Богу, што ў цябе вялікая праблема. Скажы сваёй праблеме, што ў цябе вялікі Бог!”. Гэта значыць, трэба больш верыць у Божы Провід, у Божае кіраўніцтва і апеку, а не баяцца праблем і выклікаў.
Сваім уваскрасеннем Езус прынёс усім людзям спакой. Евангелле паводле Яна перадае абяцанне Хрыста: “Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца”. У гэты ўрачысты дзень зноў гучыць пажаданне Хрыста: Мір вам! Мір людзям ва ўсім свеце! Хрыстус сапраўды ўваскрос і нясе мір усім!
9. Браты і Сёстры! На Вялікдзень, па традыцыі, мы складаем адзін аднаму святочныя пажаданні радасных святаў. Жадаю вам, каб вашай штодзённай радасцю быў уваскрослы Хрыстус.
Заклікаю ўсіх нас словамі малітвы Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, каб мы імкнуліся зразумець і цаніць велізарную ласку уваскрасення Хрыста:
“Без уваскрасення перамагло б зло, Станеўскі
без уваскрасення цемра застаецца без світанку,
без уваскрасення смерць перамагае,
без уваскрасення сэнс жыцця застаецца таямніцаю…”
Дарагія Браты і Сёстры! Жадаю ўсім нам абудзіцца да новага жыцця ва ўваскрослым Хрысце! Няхай радаснае і ўзнёслае “Аллелюя” гучыць у нашых сэрцах.
Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі.
Давяраю ўсіх вас Марыі, – Маці ўваскрослага Пана, і благаслаўляю: у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Мінск, 24 сакавіка 2024 г., Пальмовая нядзеля
+Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
P.S. Святарам належыць прачытаць гэтае Пасланне вернікам на Вялікдзень 31 красавіка 2024 г.