Skip to main content

У 15-ю гадавіну з дня смерці кардынала Казіміра Свёнтэка ў Мінску памаліліся за спачылага іерарха

21 ліпеня
  • 23 ліпеня, 2026
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: Ганна Статкевіч, з архіва парафіі // Catholicminsk.by

21 ліпеня споўнілася 15 гадоў з моманту адыходу ў вечнасць кардынала Казіміра Свёнтэка, першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі. З гэтай нагоды ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску былі цэлебраваныя 2 святыя Імшы за спачылага іерарха.

Эўхарыстыю, якая распачалася ў гадзіну Божай Міласэрнасці, узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім маліліся канонікі Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай, іншыя святары, якія нясуць служэнне ў архідыяцэзіі, манаскія асобы і вернікі.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі прапанаваў паглядзець на постаць спачылага кардынала з перспектывы Божага слова, прызначанага на гэты дзень: урыўка Евангелля, у якім Езус кажа: «Бо кожны, хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці» (Мц 12, 50), і рэфрэна рэспансарыйнага псальма: «Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю».

Пастыр узгадаў асаблівы момант з біяграфіі іерарха, калі ў крыпце катэдры ў Пінску тады яшчэ юнак Казімір Свёнтэк дакрануўся да труны ўжо тады Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага і памаліўся Богу праз яго заступніцтва, дзякуючы чаму ён распазнаў святарскае пакліканне. Памяць пра гэты момант дапамагла яму вытрымаць усе выпрабаванні лёсу, асабліва катаванні і прымусовую працу ў канцлагерах, якія цярпеў малады святар ад прадстаўнікоў нямецкай і савецкай улады. Тады, па словах прамоўцы, будучы кардынал асабліва яскрава ўсведамляў сабе ўзгаданыя словы псальму: «Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю». А калі ён спавядаў веруючых людзей розных нацыянальнасцей, з якімі разам адбываў пакаранне, і нават у турэмных умовах цэлебраваў для іх святую Імшу, тады, паводле пераканання іерарха, спаўняліся на ім словы Хрыста: «Вось маці мая і браты мае».

Пасля вызвалення з лагера ён, нягледзячы на тое, што перажыў у зняволенні, і на нялёгкія для веры часы не адчаяўся, не пакінуў служэння, але працягваў быць пастырам для Божага народа, ператвараючы ў жыццё словы «Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю». Урэшце, у час адраджэння хрысціянскай веры, калі ў 1991 годзе да яго звярнуўся прадстаўнік папы Яна Паўла ІІ і прадставіў волю Святога Айца ўдзяліць Казіміру Свёнтэку біскупскае пасвячэнне, ён спачатку падумаў, што гэта жарт, і небеспадстаўна. Святару тады было 77 гадоў. Кананічны ўзрост сыходу на заслужаны адпачынак у Касцёле — 75 гадоў. Аднак, калі ён пераканаўся, што ўсё сур’ёзна, ён адказаў так жа, як і раней: «Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю». Першы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, першы Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, а ў 1994 годзе — першы кардынал з Беларусі. Вернасць Хрысту аж да канца дазволіла яму выканаць усё тое, да чаго яго паклікаў Бог.

Іерарх узгадаў яшчэ адзін цікавы факт з жыцця кардынала. Кожнага 20 чысла месяца курыяльныя справы затрымліваліся, а нават нярэдка, прынамсі некаторыя, адкладаліся. Такая атмасфера панавала і 21 чысла, а ўжо 22-а ўсе павінны былі працаваць з падвойным тэмпам. Так каржынал быццам бы здагадваўся, што адыдзе ў вечнасць менавіта 21-а чысла. І так фактычна сталася ў ліпені 2011 года.

Увечары была цэлебраваная другая святая Імша за кардынала Казіміра Свёнтэка. Яе ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Да малітвы далучыўся Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, літургічная служба алтара, кансэкраваныя асобы і вернікі.

Нагадваючы пра 15-ю гадавіну смерці кардынала, галоўны цэлебрант падкрэсліў, што Бог, ідычы за словамі антыфоны на ўваход, узятай з Кнігі Псальмаў дапамагаў яму і падтрымліваў яго жыццё 96 гадоў. Дзякуючы Богу за гэты час, арцыпастыр назваў дадатковую інтэнцыю — аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага служэння, каб не было ніводнай парафіі, дзе вернікі засталіся без душпастырскай апекі. Гэтая малітва, як ён заўважыў, асабліва актуальная ў час, калі колькасць святароў архідыяцэзіі змяншаецца, бо святары — замежныя грамадзяне ўсё часцей не атрымліваюць дазвол на служэнне ў сваіх парафіях ад дзяржаўных органаў.

У гаміліі арцыпастыр звярнуўся да ўрыўка Евангелля, кажучы, што ў кагосьці можа скласціся ўражанне, быццам бы Езус не паважае сваю Маці і сям’ю, ігнаруючы іх. Аднак, Ён кажа пра духоўныя повязі, мацнейшыя за кроўныя, калі мы праз хрост становімся адно з Хрыстом. «Такім чынам, мы ўсе браты і сёстры, ― падсумаваў іерарх. ― Не таварышы, а менавіта браты і сёстры». Дзякуючы духоўным повязям, нашымі братамі і сёстрамі становяцца не толькі тыя, хто цяпер жыве на зямлі, але і тыя, хто быў перад намі, ― нашыя памерлыя.

Мітрапаліт затым перайшоў да разважання над асобай кардынала Казіміра Свёнтэка, які «быў нашам братам, але таксама быў нашым пастырам». Іерарх распавёў біяграфію спачылага пастыра Касцёла ў Беларусі, напоўненую радаснымі момантамі і моцнымі выпрабаваннямі. Апошняй воляй кардынала Свёнтэка было, каб яго цела пахавалі ў крыпце катэдральнай базылікі ў Пінску. Прамоўца падкрэсліў, што былі ўзгаданы «толькі некаторыя падзеі, лічбы ці даты з доўгага і багатага на добрыя, радасныя, узнёслыя, трагічныя, жахлівыя, неспакойныя, дзіўныя, але перадусім пазначаныя Божым Провідам моманты з жыцця кардынала Казіміра Свёнтэка». Затым іерарх коратка падзяліўся сваімі ўласнымі ўспамінамі з момантаў сустрэчы з кардыналам Свёнтэкам, заахвочваючы слухачоў да таго, каб яны таксама дзяліліся сваімі ўспамінамі пра гэтага вялікага дзеяча Касцёла. Асабліва іерарх акцэнтаваў момант, каб моладзь ведала праўду пра выпрабаванні і крыжы, якія сустракае вызнаўца Хрыста на сваім шляху, і каб, нягледзячы на гэта, адважна выбірала шлях Божай ласкі.