Skip to main content

«Святарства — гэта не прывілей, а пакліканне»: у Мінску адбылася пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

29 кастрычніка
  • 2 лістапада, 2026
  • Тэкст: Жанна Мецеж / Фота: Ганна Статкевіч // Catholicminsk.by

29 кастрычніка ў мінскай катэдры адбылася пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэчу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а разважалі ў ёй пра святарскае пакліканне і місію святара ў сучасным свеце, а таксама пра пастырскае служэнне сем’ям у святле апостальскай адгартацыі Amoris laetitia. Завяршылася падзея віншаваннем арцыбіскупа з нагоды імянінаў.

У гэты дзень у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску сабраліся амаль усе, хто звязаны са служэннем у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, каб разам памаліцца, паразважаць над актуальнымі пытаннямі душпастырства і абмеркаваць выклікі, з якімі сёння сутыкаюцца святары, кансэкраваныя асобы і вернікі.

Афіцыйная частка сустрэчы ўключала святую Імшу і канферэнцыя, прысвечаная пастырству сем’яў, якую прамовіў ксёндз канонік Аляксандр Барыла, духоўны айцец архідыяцэзіі. Разважанні, якія прагучалі падчас сустрэчы, былі важныя не толькі для святароў і кансэкраваных асобаў, але і для вернікаў, паколькі датычыліся пытанняў, з якімі Касцёл непасрэдна сустракаецца ў паўсядзённым жыцці: як дапамагаць чалавеку распазнаваць сваё пакліканне, як святар можа быць сапраўдным пастырам для людзей і як суправаджаць сем’і ў розных жыццёвых абставінах.

Адным з цэнтральных пытанняў стала святарскае пакліканне — яго паходжанне, сэнс і місія святара. Іншая разважанні былі звязаны з пастырствам сям’і і практычным значэннем прынцыпаў апостальскай адгартацыі Amoris laetitia. Гэтыя дзве тэмы ў пэўным сэнсе дапаўнялі адна адну: асэнсаванне таго, кім з’яўляецца святар і дзеля чаго ён пасланы, непасрэдна звязана з тым, як яго служэнне рэалізуецца ў канкрэтнай пастырскай працы.

«Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў»

Святую Імшу падчас пастырскай сустрэчы святароў узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй гаміліі іерарх закрануў сутнасць святарскага паклікання, місію святара ў сучасным свеце і тое, што можна назваць сапраўдным плёнам яго служэння.

Асновай разважання сталі словы Езуса з Яго Першасвятарскай малітвы: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паслаў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (Ян 15, 16). На думку арцыбіскупа, менавіта гэтыя словы дапамагаюць зразумець логіку святарскага паклікання.

«Калі Хрыстус кажа: «Я вас выбраў», гэта азначае, што святарства пачынаецца не з асабістых амбіцый, жадання зрабіць кар’еру або ўпэўненасці чалавека ва ўласных сілах. Яно пачынаецца з дару паклікання, якое святар не можа прыпісаць сабе. Быць выбраным Хрыстом — значыць належаць Яму»,
 

— падкрэсліў арцыбіскуп.

Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, сучасная культура шмат гаворыць пра самастойнасць, асабісты выбар і самарэалізацыю. Гэта само па сабе не з’яўляецца чымсьці негатыўным, бо Бог стварыў чалавека свабодным. Аднак у святарскім пакліканні дзейнічае іншая логіка: спачатку — Хрыстус, а потым — чалавек.

«Святар — гэта не той, хто сам сябе такім зрабіў, а той, каго выбраў Хрыстус»,
 

— адзначыў іерарх.

З гэтага выбару вынікае і місія святара. Словы Езуса «Я вас паслаў, каб вы ішлі» азначаюць, што святар пасланы не для ўласнага іміджу і не для рэалізацыі прыватных інтарэсаў. Яго заданне — быць з людзьмі і весці іх да Хрыста: абвяшчаць Евангелле, навучаць Божай праўдзе, цэлебраваць сакрамэнты, маліцца, суцяшаць, паядноўваць і дапамагаць чалавеку ўбачыць надзею.

У гэтым кантэксце арцыбіскуп звярнуў увагу на дзве небяспекі для святарскага служэння — клерыкалізм і функцыяналізм. У першым выпадку святар можа імкнуцца ўсё падпарадкаваць сабе, у другім — звесці сваё служэнне толькі да выканання абавязкаў.

Святар, падкрэсліў арцыпастыр, дзейнічае не ад свайго імя, але in persona Christi. Калі ён абвяшчае Божае слова, цэлебруе Эўхарыстыю і іншыя сакрамэнты, а таксама кіруе давераным яму Божым народам, ён павінен накіроўваць людзей да Хрыста.
 

Таму цэнтрам святарскага жыцця, паводле арцыбіскупа, не можа быць толькі пастаянная занятасць і колькасць выкананых спраў. У аснове павінна заставацца сяброўства з Езусам, якое выражаецца ў малітве, слуханні Божага слова і вернасці сакрамэнтам, асабліва Эўхарыстыі.

«Без гэтага служэнне святара рызыкуе стаць толькі аўтаматычным выкананнем абавязкаў. З Хрыстом яно становіцца ўдзелам у Яго любові, якая аддае сябе за іншых», — сказаў пастыр.

Плён служэння — не толькі колькасць зробленага

Асобна арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разважаў пра словы Езуса «каб прыносілі плён». У культуры, дзе поспех часта вымяраецца эфектыўнасцю і колькаснымі паказчыкамі, святар таксама можа апынуцца ў спакусе ацэньваць сваё служэнне паводле таго, колькі зрабіў, колькі людзей прыйшло на адпуст, колькі касцёлаў было пабудавана ці адрамантавана, колькі праблем удалося вырашыць.

Аднак у Божай эканоміі збаўлення плён мае іншае вымярэнне. Гэта навернутыя сэрцы, адноўленыя сем’і, паяднаныя людзі, вяртанне да веры тых, хто пасля доўгага блукання зноў прыйшоў да сакрамэнтальнага жыцця.
 

Асаблівае значэнне маюць словы Езуса: «Каб плён ваш трываў». Трывалы плён, адзначыў іерарх, нараджаецца з укаранення ў Хрысце. Езус сам кажа: «Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць шмат плёну, бо без Мяне вы нічога не можаце рабіць» (Ян 15, 5). Паводле словаў іерарха, святар можа быць вельмі актыўным, шмат рабіць і пры гэтым паступова духоўна высыхаць, калі занядбоўвае малітву, сакрамэнт паяднання, Эўхарыстыю, свае абавязкі і адказ на актуальныя маральныя пытанні. 

Святар, як падкрэсліў арцыбіскуп, не павінен імкнуцца стаць «зоркай» сацыяльных сетак або ўніверсальным спецыялістам ва ўсіх сферах жыцця. Яго пакліканне — быць пастырам, які апякуецца сваімі авечкамі і сам жыве паводле таго, што абвяшчае.
 

Пры гэтым трывалы плён служэння не належыць самому святару. «Ад святара патрабуецца не кантраляваць вынік, а верна сеяць, маліцца і любіць», — адзначыў Кандрусевіч.

Гэта датычыцца і парафіяльнай супольнасці. Вернікі, паводле яго слоў, не павінны заставацца толькі гледачамі, але пакліканы маліцца за сваіх святароў, падтрымліваць іх і разам несці адказнасць за жыццё парафіі. Касцёл будуецца не з духавенства і свецкіх як з двух асобных лагераў, а як адна Божая сям’я, у якой кожны атрымаў свой дар і заданне.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч яшчэ раз вярнуўся да галоўнай думкі свайго разважання:

«Святарства — гэта не прывілей, а пакліканне; не ўласнасць, а служэнне; не чалавечы праект, а выбар Хрыста».
 

Святар пакліканы не быць цэнтрам увагі, а быць знакам Хрыста, які яго выбраў. І яго служэнне прынясе трывалы плод толькі тады, калі ён сам застанецца ў Хрысце.

Завяршаючы сваю гамілію, арцыпастыр прамовіў малітву:

«Пане, Езу, Найвышэйшы Першасвятар! Адары нас, сваіх святароў, ласкай заставацца вернымі сваёй першай любові — пакліканню, каб мы адважна ішлі да людзей, абвяшчалі ім заўсёды жывое і дзейснае Божае слова, не ўцякалі ад складаных маральных пытанняў, не саромеліся абвяшчаць невыгодную для сучаснага свету маральную праўду, і каб нашае служэнне прынесла трывалы плён».
 

Ад святарскага паклікання — да служэння сем’ям

Ад разважання пра святарскае пакліканне і адказнасць пастыра лагічна перайшлі да пытання пра тое, як гэтае служэнне рэалізуецца ў працы з сем’ямі. Менавіта гэтай тэме быў прысвечаны даклад ксяндза каноніка Аляксандра Барылы, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.

Святар нагадаў, што 14 кастрычніка ў Рыме адбылася сустрэча папы Льва XIV з прадстаўнікамі епіскапатаў усяго свету, прысвечаная 10-годдзю апостальскай адгартацыі Amoris laetitia («Радасць любові»). У сваёй прамове з гэтай нагоды папа Леў XIV падкрэсліў, што сям’я паклікана аберагаць павагу да жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, і што адкрытасць на дар дзяцей звязана з будучыняй сям’і, грамадства і Касцёла.

Разважаючы над гэтай падзеяй, прамоўца прапанаваў паглядзець на Amoris laetitia не толькі як на дакумент пра сям’ю, але як на практычны арыенцір для сучаснага пастырскага служэння.

Amoris laetitia, выдадзеная папам Францішкам у 2016 годзе пасля двух сінодаў біскупаў па справах сям’і, заклікае перайсці ад агульнага фармулявання нормаў да пастырскага суправаджэння і распазнавання канкрэтнай жыццёвай сітуацыі чалавека.

Паводле ксяндза Аляксандра Барылы, у аснове гэтага падыходу знаходзяцца два сэрцы пастырства сям’і — адвага абвяшчаць праўду і здольнасць міласэрна суправаджаць чалавека.

  • Першае сэрца — евангельскае абвяшчэнне.

Святар не можа хаваць патрабаванняў Евангелля або падаваць іх так, каб яны страчвалі свой сэнс. Аднак праўда не павінна ператварацца ў набор забаронаў, праз якія чалавек чуе толькі: «Ты не адпавядаеш».

  • Другое сэрца — пастырская блізкасць.

Хрысціянскае вучэнне пра сужэнства і сям’ю, падкрэсліў святар, павінна быць прадстаўлена як добрая навіна — «як шлях любові, вернасці і ўзаемнага дару, які вядзе да чалавечага ўзрастання».

Прамоўцай нагадаў, што папа Францішак заклікаў паказваць сужэнства не толькі як цяжар і набор абавязкаў, але як дынамічны шлях развіцця чалавека і спаўнення яго паклікання. Пры гэтым, адзначыў ксёндз Барыла, гаворка не ідзе пра змяншэнне евангельскага ідэалу. Наадварот, задача пастыра — паказаць яго ў святле Божай любові.

Не чакаць ад сям’і дасканаласці

Адной з важных пастырскіх думак Amoris laetitia ксёндз Аляксандр назваў разуменне таго, што «ніводная сям’я не сыходзіць з неба ўжо дасканалай і цалкам сфармаванай». Гэта датычыцца і саміх святароў, паколькі вучэнне Касцёла пра сужэнства павінна быць прадстаўлена як шлях любові, вернасці і ўзаемнага дару, які вядзе да чалавечага ўзрастання.

«Таму пастырскае пытанне для нас — не толькі як правільна сфармуляваць нормы, але таксама як дапамагчы сужэнцам убачыць, што дарога Евангелля вядзе да паўнейшай любові»,
 

— заўважыў духоўны айцец.

Сям’я знаходзіцца ў пастаянным працэсе ўзрастання ў любові. Таму пастырства павінна пазбягаць двух крайнасцяў: патрабаваць ад чалавека неадкладнай дасканаласці або, наадварот, пераставаць весці яго да евангельскай паўнаты. У гэтай сітуацыі задача святара — заўважаць не толькі тое, чаго чалавек яшчэ не дасягнуў, але і тое, што Бог ужо робіць у яго жыцці: вернасць у цяжкасцях, жаданне прымірэння, клопат пра дзяцей, адказнасць за бліжняга, гатоўнасць маліцца.

Папа Францішак прызнае, што часам мы занадта абапіраліся на падкрэсліванне дактрынальных, біяэтычных і маральных пытанняў, не заахвочваючы дастаткова да адкрытасці на ласку, якую Бог спасылае праз сакрамэнт сужэнства. Таму Папа заклікае паказваць сужэнства не толькі як пажыццёвы цяжар, але як дынамічны шлях асабістага развіцця і спаўнення.

«Гэта не азначае, што патрабаванні Евангелля трэба схаваць альбо аслабіць»,
 

— сказаў у развіццё гэтай думкі святар. Наадварот. Неабходна паказаць іх у святле Божага намеру адносна чалавека і любові, якая нясе плён.

Пастырскае суправаджэнне павінна дапамгчы чалавеку зрабіць наступны крок, а не проста нагадваць яму, наколькі далёка ён знаходзіцца ад ідэалу.

Слухаць, а не адразу даваць гатовы адказ

Асабліва важнай часткай такога суправаджэння з’яўляецца слуханне. Людзі часта прыходзяць да святара, чакаючы хуткага адказу: правільна яны жывуць ці няправільна, добра гэта ці дрэнна. Але служэнне сумленню патрабуе большага, чым простая ацэнка. Святар павінен дапамагчы чалавеку стаць перад Богам у праўдзе, уважліва разгледзець уласную сітуацыю і шукаць наступны верны крок.

«Святароў заклікаюць не выносіць меркаванне замест чалавека, а дапамагаць фармаваць яго сумленне ў святле Евангелля», — адзначыў ксёндз Аляксандр. Не варта загадзя меркаваць, што мы ўжо ўсё ведаем пра гэтага чалавека, ведаем пра яго ўсё з некалькіх сказаў альбо з адной сустрэчы, заклікае святар. Слуханне пачынаецца з адмовы ад гатовых высноваў. Неабходна з павагай распытаць пра рэальную сітуацыю, пра адказнасць, пра раны, пра абавязкі перад дзецьмі, іншымі людзьмі, а таксама пра жаданне жыць паводле веры.

«Мэта такой размовы — не зняць з чалавека адказнасць, але дапамагчы яму зразумець яе і не страціць надзеі на Божую ласку»,
 

— лічыць святар.

Пастыру таксама патрэбна фармацыя

Такое служэнне патрабуе ад святара не толькі добрай волі, але і адпаведнай падрыхтоўкі. Amoris laetitia звяртае ўвагу на недахоп ведаў і навыкаў у працы са складанымі сітуацыямі сучасных сем’яў. Таму неабходная пастаянная фармацыя не толькі святароў, але таксама дыяканаў, законных асобаў, катэхетаў і іншых душпастырскіх працаўнікоў.

«Гэта не азначае, што святар павінен стаць спецыялістам ва ўсіх чалавечых праблемах», — адкрэслівае ксёндз Дзмітрый. Наадварот, гаворка ідзе пра пакору, гатоўнасць вучыцца, разуменне межаў уласнай кампетэнцыі і здольнасць супрацоўнічаць з іншымі спецыялістамі.

Гэта не патрабаванне, каб святар стаў спецыялістам ва ўсіх чалавечых праблемах. Гэта заклік да пакоры, падрыхтаванасці і супрацоўніцтва. Святар мае на ўвазе здольнасць «слухаць і ўмець, што вельмі важна, разумець межы ўласнай кампетэнцыі, каб мы сапраўды часам не крыўдзілі тых, хто да нас звяртаецца з пытаннямі, робячы выгляд, што мы ўсё ведаем і ўсё разумеем правільна».

«І пры неабходнасці заўсёды трэба вучыцца супрацоўнічаць з іншымі кваліфікаванымі асобамі»,
 

— дадаў прамоўца.

Сям’я — не толькі атрымальнік дапамогі 

Пастырства сем’яў не можа абмяжоўвацца асабістай размовай святара з парай у крызісе. Amoris laetitia прапануе бачыць парафію як «сям’ю сем’яў», дзе сям’я становіцца не толькі атрымальнікам пастырскай апекі, але і жывой часткай супольнасці Касцёла. Таму сям’я павінна мець сваё месца ў звычайным парафіяльным жыцці — не толькі падчас падрыхтоўкі да шлюбу, хросту дзіцяці або ў крызіснай сітуацыі.

Адной з галоўных формаў такой падтрымкі з’яўляецца малітва.
 

Паводле ксяндза Барылы, сучасны чалавек часта ставіцца да малітвы павярхоўна. Таму Папа заклікае душпастыраў навучыць сем’і маліцца, будаваць хатні касцёл, заахвочваць да споведзі, духоўнага кіраўніцтва, рэкалекцый і супольнай малітвы.

Асаблівае значэнне мае малітва падчас душпастырскіх візітацый. Наведваючы сям’ю, святар можа не толькі пагаварыць з яе членамі, але і памаліцца разам з імі. «Аказваецца, гэта не проста завучаныя словы, але зварот да любячага Айца», — адзначыў душпастыр.

Папа Леў XIV таксама падкрэслівае важнасць асабістай і супольнай малітвы сужэнцаў. Малітва ў сям’і і ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі адкрываюць сям’ю на Божае дзеянне, а сакрамэнты становяцца духоўнай падтрымкай і сродкам аздараўлення.

Такім чынам, парафіяльная пастырская праца — гэта не толькі арганізацыя асобных мерапрыемстваў. Гэта будаванне асяроддзя, у якім сужэнцы могуць вучыцца вернасці, бацькі атрымліваюць падтрымку ў выхаванні дзяцей, маладыя людзі бачаць жывыя прыклады хрысціянскага сужанства, а людзі, якія перажываюць крызіс, знаходзяць дапамогу без прыніжэння і прадузятага асуджэння.
 

Ксёндз Аляксандр падкрэсліў: «Сям’я, са свайго боку, з’яўляецца не толькі атрымальнікам пастырскай апекі, але і жывой часткай супольнасці Касцёла».

Якім павінен быць пастрыскі стыль?

У выніку Amoris laetitia прапануе, паводле святара, не проста набор рэкамендацый, а пэўны стыль пастырскага служэння. Гэта стыль, які не зводзіцца ні да сухога паўтарэння нормаў, ні да замоўчвання цяжкасцяў. Праўда павінна абвяшчацца з надзеяй, а міласэрнасць — дапамагаць чалавеку рухацца наперад.

Калі да пастыра прыйшла сям’я з ранамі, непаразуменнем і слабасцю, яго задача — не жорстка асудзіць, а суправаджаць. Калі чалавек хоча жыць лепш, святар павінен дапамагчы яму ўзрастаць у вернасці Евангеллю.
 

Падмурак гэтай працы — Божая вернасць, любоў Святой Тройцы, саюз Хрыста і Касцёла і прыклад Святой Сям’і з Назарэта.

Таму галоўнымі пытаннямі пастырскага служэння сям’і павінны стаць: ці дапамагаем мы сем’ям убачыць прыгажосць Божага плану? Ці сустракае чалавек у нашай пастырскай прысутнасці адначасова праўду і спагаду? Ці становіцца парафія домам, у якім сям’я можа расці, прасіць аб дапамозе і нанова пачынаць свой шлях?

На заканчэнне ксёндз Аляксандр Барыла вылучыў некалькі асноўных тэзісаў Amoris laetitia:

  • Пастырскае суправаджэнне пачынаецца са слухання.
  • Не змяншаць евангельскі ідэал, але ўмацоўваць сем’і.
  • Выходзіць да сем’яў праз жыццё парафіі.
  • Падтрымліваць малітву сужэнцаў і будаваць разам з імі хатні касцёл.
  • Суправаджаць разлучаных і разведзеных з асаблівай увагай.

Такім чынам, Amoris laetitia патрабуе ад пастыра адначасова яснасці, цярплівасці і канкрэтнай прысутнасці. Святар не змяншае евангельскі ідэал, але і не пакідае чалавека сам-насам з яго цяжкасцямі. Ён слухае, дапамагае ўзрастаць, падтрымлівае малітву і шукае разам з чалавекам шлях да жыцця ў веры.

Віншаванні з імянінамі

Напрыканцы пастырскай сустрэчы святары і кансэкраваныя асобы павіншавалі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды імянінаў, выказаўшы яму пажаданні Божай ласкі, здароўя, сілы і вернасці ў служэнні Касцёлу, і ўручылі паважанаму арцыпастыру букет ружовых руж.

Пастырская сустрэча стала чарговай нагодай для супольнай малітвы, разважання і абмену вопытам паміж святарамі і кансэкраванымі асобамі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Такія сустрэчы праводзяцца рэгулярна і служаць прасторай для абмеркавання актуальных пытанняў душпастырства, пошуку адказаў на сучасныя выклікі і ўзаемнай падтрымкі ў служэнні Божаму народу.