«Голас, які кліча»: у мінскім архікатэдральным касцёле адзначылі 10-годдзе «Радыё Марыя Беларусь»
- 2 лістапада, 2026
- Тэкст: Жанна Мецеж / Фота: Лада Зенкіна, валанцёры «Радыё Марыя» // Catholicminsk.by
«Радыё Марыя» – 10 год! 30 кастрычніка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла ўрачыстая Імша, у якой прынялі ўдзел валанцёры «Радыё Марыя» і яго супрацоўнікі, а таксама вернікі, якія захацелі раздзяліць гэтую радасць са сваёй любімай радыёстанцыяй. Віншавалі юбіляраў ажно чатыры іерархі — асабіста прысутнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, а праз напісаныя на паперы словы віншаванняў — арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і Мітрапаліт Юзаф Станеўскі.
Увечары 30 кастрычніка вернікі, святары і іерархі сабраліся ў мінскай архікатэдры, каб адзначыць гэтую гадавіну разам з «Радыё Марыя». Супрацоўнікаў і валанцёраў радыё было лёгка пазнаць па ўсмешках на іх тварах, абдымках, якія яны даравалі адзін аднаму і сваім знаёмым, а таксама па нарадным выгляду і белых ружах у іх руках. Ружам належала выканаць асаблівае заданне, але якое — стала вядома толькі напрыканцы Імшы.

Менавіта з таго часу ў нашых дамах загучалі тыповыя радыёмарыйныя падводкі і джынглы, па першых нотах якіх амаль кожны беларускі католік здагадваецца — вось пачаўся Ружанец, вось катэхеза пра Божае слова, а вось зноў «Прачнулася Беларусь». Як сведчаць самі радыёслухачы, ёсць дамы, дзе «Радыё Марыя» не замаўкае нават ноччу — і гэта нягледзячы на тое, што «Радыё Марыя» не мае хвалі і гучыць толькі праз інтэрнэт альбо мабільны дадатак, а яго прыхільнікі — пераважна сталыя людзі.
Імша падзякі
Аб усім гэтым распавёў у сваім віншавальным слове арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які збіраўся прыехаць на Імшу, каб цэлебраваць яе, але, на жаль, не змог па прычыне захворвання. Але і прапусціць магчымасць павіншаваць «Радыё Марыя» і яго слухачоў арцыпастыр таксама не мог, бо менавіта ён стаяў ля вытокаў «Радыё Марыя Беларусь». Яго віншавальнае слова было зачытана ў гаміліі святой Імшы.
Узначаліў Эўхарыстыю пастыр Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй і біскуп Юрый Касабуцкі. Дарэчы, гродзенскі іерарх спецыяльна прыехаў у мінскую катэдру, пераадолеўшы каля 270 кіламетраў, каб скласці віншаванні любімаму для многіх яго дыяцэзіянаў радыё.

«Радыё Марыя» прыехалі павіншаваць і святары з Гродна — ксёндз Віталій Дабраловіч і ксёндз Анджэй Ганчар, а таксама калегі з іншых каталіцкіх СМІ — ксёндз канонік Павел Эйсмант, дырэктар каталіцкіх парталаў Catholic.by і Catholicminsk.by, і дырэктар выдавецтва «Про Хрысто» спадарыня Аліна Новікава разам са сваімі супрацоўнікамі.
Распачалася Імша ўступным словам біскупа Юрыя Касабуцкага, які прадставіў кіраўніцтва «Радыё Марыя Беларусь» — ксяндза дырэктара Аляксандра Фаміных і праграмнага каардынатара Яўгенію Найдовіч, бо шмат хто з слухачоў радыё чуў іх галасы, але магчымасць пабачыць на ўласныя вочы кіраўнікоў каталіцкага радыё мае не кожны.

Біскуп Уладзімір Гуляй адзначыў атмасферу ўдзячнасці, што адчувалася ў тыя хвіліны ў мінскай архікатэдры, і ўзгадаў інтэнцыі, з якімі будзе цэлебравацца Імша. Перш за ўсё, гэта падзяка Пану Богу за Яго дар і Яго справу — «Радыё Марыя», а таксама падзяка яго кіраўнікам, слухачам і валанцёрам.
— адзначыў гродзенскі іерарх. І папрасіў у Бога ласкі благаслаўлення: «Каб кожны з нас быў паслухмяны Божаму слову, каб мы прымалі яго да сэрца, каб гэтае Божае слова станавілася Целам праз вашыя душы і вашае служэнне».
«Голас, які абуджае сумленне»
Гаміліюа, якую падрыхтаваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, зачытаў біскуп Юрый Касабуцкі. Арцыбіскуп Тадэвуш, гаворачы пра «Радыё Марыя Беларусь», правёў паралель паміж святым Янам Хрысціцелем, які называе сябе голасам таго, хто кліча ў пустыні, каб падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы, і сучасным секулярным светам, які сёння і ёсць тая духоўная пустыня. «Нам патрэбны голас, які заклікае да навяртання, паказвае шлях да Хрыста і абвяшчае маральную праўду», — адзначыў арцыпастыр.

І «Радыё Марыя» з’яўляецца тым самым голасам, які не прыстасоўваецца да секулярнага духу гэтага свету, але з сілай і любоўю абвяшчае Евангелле і вечныя каштоўнасці.
«Радыё Марыя» — гэта радыё малітвы, якое абараняе каталіцкую ідэнтычнасць. Яго феноменам служаць людзі, якія яго слухаюць і дзякуючы яму вядуць дыялог з Богам і адзін з адным. «У словах, якія гучаць у эфіры, людзі шукаюць натхненне ў веры, бо “Радыё Марыя” — гэта той самы ўзор веры, якая не ведае кампрамісаў і загадвае трываць да канца», — сцвердзіў іерарх у сваёй прамове.
Мэта «Радыё Марыя» — служыць праўдзе Евангелля ў той час, калі ідэалам для многіх людзей стала кароткатэрміновая справа: мець. Як зазначыў арцыбіскуп, «зараз пануе вобраз чалавека, які існуе без Бога», таму «актуальнай задачай Касцёла ў наш час з’яўляецца не дазволіць князю цемры завалодаць намі».

«Найбольшая небяспека, якая нам пагражае, — гэта страта годнасці створанага па вобразу і падабенству Божаму чалавека», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш. У якасці небяспек ён называе практычны матэрыялізм, маральную разбэшчанасць і шмат іншых «паталогій сучаснасці», да якіх у апошні час далучаецца неэтычнае выкарыстанне штучнага інтэлекту.
Але Бог ацэнівае чалавека не па тым, што ён мае, але кім ён ёсць.
— лічыць арцыпастыр.
«Радыё Марыя» — школа веры
«Сёння мы сабраліся ў мінскай архікатэдры, каб праспяваць гімн падзякі Богу і Марыі за ўнікальную магчымасць мець гэты каталіцкі голас у нашых дамах», — падкрэсліў у сваёй прамове арцыбіскуп Кандрусевіч, і ў вачах прысутных адбілася згода — гэта не проста прыгожыя словы, а сапраўднае сведчанне веры.

Іерарх параўнаў «Радыё Марыя» з пасеяным дзесяць гадоў таму «зернем малітвы, веры і надзеі», якое вырасла ў вялікае дрэва, і «галіны якога ахопліваюць не толькі нашу Бацькаўшчыну, але распасціраюцца далёка за яе межамі». І як Езус нагадаў апосталам абвяшчаць Евангелле да краёў зямлі, так і «Радыё Марыя» рэалізуе гэты Божы заклік і адначасова выклік.
— адзначыў пастыр.
Дзень за днём «Радыё Марыя» імкнецца да таго, каб слова яго эфіру было:
- словам Боскай праўды, якое вызваляе;
- словам надзеі, якое ўзвышае;
- словам любові, якое аб’ядноўвае;
- словам веры, якое ўмацоўвае.
«Гэтае слова — не пусты гук, але канкрэтны прыклад хрысціянскага жыцця», — адзначыў іерарх.
Прыклад Марыі і прароцкая місія
Можа, хто не ведае, але і назва «Радыё Марыя» не выпадковая. У ёй — заклік пераймаць прыклад Найсвяцейшай Панны Марыі ў яе стаўленні да Божага слова. «Падобна таму, як яна верна захоўвала словы Езуса ў сваім сэрцы, “Радыё Марыя” запрашае нас разважаць і шанаваць Божае слова», — заўважыў пастыр.

Але несці Евангелле ў нашу эпоху — эпоху цывілізацыі смерці, секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай абыякавасці — вельмі няпроста. Таму ў «Радыё Марыя» — асаблівая роля: яно выконвае прароцкую місію, бо абвяшчае заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова і заклікае да навяртання.
— далей развіў гэтую думку арцыбіскуп Тадэвуш. Перад абліччам бязбожнай культурнай рэвалюцыі, якая атакуе і разбурае сям’ю, «Радыё Марыя» падтрымлівае традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці, асабліва пакліканне сям’і і Божы дар жыцця. Нягледзячы на пануючы ў наш час этычны рэлятывізм, яно працягвае фармаваць здольную да маральнага распазнавання ў складанай рэальнасці хрысціянскую свядомасць.

Сваім служэннем «Радыё Марыя» паказвае, што святасць не прызначана толькі для абрадаў, але з’яўляецца «дарам і заданнем для кожнага хрысціяніна». «Гэта інструмент рэалізацыі ўніверсальнага паклікання чалавека да святасці», — падкрэсліў іерарх. Арцыбіскуп верыць, што прыхільнікі «Радыё Марыя» з’яўляюцца жывымі носьбітамі прароцкай харызмы, якая праяўляецца ў здольнасці распазнаваць знакі часу ў святле веры. Па словах арцыпастыра, «Радыё Марыя» — гэта выраз духоўнай барацьбы за распаўсюджванне веры і выкананне запаведзі Хрыста — ісці і абвяшчаць Евангелле ўсялякаму стварэнню.
Іерарх адзначыў, што сваім дзесяцігоддзем беларуская рэдакцыя «Радыё Марыя» распачынае новую старонку, бо сучасны свет мае патрэбу ў Евангеллі больш, чым раней.
— дадаў арцыпастыр.

Напрыканцы свайго віншавання арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў супрацоўнікаў «Радыё Марыя» з надзеяй глядзець у будучыню і не спыняцца несці полымя веры сучасным і будучым пакаленням. Пастыр звярнуўся і да слухачоў «Радыё Марыя», каб тыя заставаліся яму вернымі і актыўна падтрымлівалі яго, а таксама да валанцёраў, якіх іерарх прызваў і далей дапамагаць Касцёлу на сучасным этапе яго развіцця і ў новай евангелізацыі.
«Ганарымся тым, што “Радыё Марыя” актыўна ўдзельнічае ў місіі Збаўлення чалавека», — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. І дадаў:
«Вы дапамагаеце людзям адкрыць сэрца для прысутнасці Бога»
Са словамі віншавання ад Гродзенскай дыяцэзіі калектыву «Радыё Марыя» звярнуўся пастыр Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Іерарх сардэчна павіншаваў супрацоўнікаў «Радыё Марыя» ў Беларусі, а таксама слухачоў, валанцёраў і ўсіх, хто сваёй малітвай і падтрымкай спрыяе служэнню «Радыё Марыя», і адзначыў:

Гродзенскі пастыр прыгадаў, што «Радыё Марыя» суправаджае чалавека ў самых звычайных хвілінах дня — у дарозе, дома, на працы, у часе адпачынку і ў цішыні. Праз яго да людзей прыходзіць Божае слова, малітва, разважанні і сведчанні веры. Для кагосьці перадача становіцца нагодай прыйсці да суцяшэння, а для самотнага чалавека — знакам, што ён не забыты, што ён не адзін.
— падкрэсліў іерарх і выказаў шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву, супрацоўнікам радыё, вядучым і гасцям праграм, валанцёрам, святарам і кансэкраваным асобам, а таксама ўсім слухачам і дабрадзеям «Радыё Марыя».

Пастыр Уладзімір таксама заўважыў, што імя Марыі, якое несе радыё, нагадвае нам пра жанчыну, якая з верай прыняла Божае слова і з радасцю панесла Хрыста іншым. Абапіраючыся на гэтыя словы, пастыр пажадаў, каб Найсвяцейшая Панна Марыя і надалей была прыкладам уважлівага слухання, даверу Богу і гатоўнасці служыць.
— заклікаў іерарх. Таксама гродзенскі пастыр пажадаў, каб наступныя гады для «Радыё Марыя» былі напоўненыя Божым благаслаўленнем, творчым натхненнем і еднасцю, і каб заўсёды ў служэнні працаўнікоў радыё знаходзілася месца для голасу тых, хто шукае, сумняваецца і перажывае цяжкасці і прагне сапраўднай сустрэчы з Богам.
«Гэта і праўда цэлая сям’я»
Далей эстафета віншаванняў перайшла да біскупа Юрыя Касабуцкага. Іерарх першым чынам падкрэсліў, што «Радыё Марыя» — гэта голас у кожным доме, які дапамагае вернікам удзельнічаць у літургіі нават тады, калі ў мясцовасці няма касцёла побач.
— прыгадаў біскуп.

«Радыё Марыя» аказала ўплыў і на развіццё нашай беларускай ідэнтычнасці. Іерарх распавёў пра сведчанне ад старэйшай асобы, якая казала, што вывучыла нарэшце імшальную трэцюю літургічную малітву. «Гэтая бабуля, якой амаль сто гадоў, у маладосці малілася па-лацінску, калі пазней перайшлі на польскую мову — малілася па-польску, а з “Радыё Марыя” вывучыла і беларускую».
Пастыр заўважыў, што «сёння ў нас ёсць нагода ўбачыць тых, хто стварае «Радыё Марыя», і запрасіў увесь радыёкалектыў разам з супрацоўнікамі і валанцёрамі выйсці і паказацца прысутным. «Гэта і праўда цэлая сям’я», — падсумаваў Юрый Касабуцкі.

Узгадваючы ўзрост «Радыё Марыя», пастыр прыпомніў словы нашага кардынала Казіміра Свёнтэка, які калісьці, распавядаючы пра 10 гадоў вязніцы ў лагеры ў Варкуце, на пытанне «як прайшлі гэтыя 10 гадоў», адказваў так: «Не паверыце — зіма-лета-зіма-лета-зіма-лета… 10 гадоў — і не паспеў аглянуцца». З аднаго боку 10 гадоў — гэта шмат, але з іншага здаецца, што «першая праграма была толькі ўчора».
Біскуп Юрый падзякаваў усім, хто мае дачыненне да стварэння гэтай радыёгісторыі і пажадаў, каб і далей «Радыё Марыя» было тым голасам, які кліча — голасам, які нясе Езуса Хрыста ў нашыя дамы.
— усклікнуў іерарх.
Белыя ружы для Нябеснай Апякункі
Пасля віншаванняў і Імшы дайшла чарга і да белых ружаў. Традыцыйна белая ружа сімвалізуе чысціню і пакору Найсвяцейшай Панны Марыі.

Напрыканцы ўрачыстасці супрацоўнікі і валанцёры «Радыё Марыя» ўрачыста падыйшли да алтарнай часткі мінскай архікатэдры і паставілі белыя ружы ў вазу — як сімвал шчырай удзячнасці Нябеснай Апякунцы за дзесяць гадоў апекі, натхнення і заступніцтва. Гэты просты жэст стаў красамоўным сведчаннем таго, што за кожным словам, якое гучыць у эфіры, стаіць жывая вера і любоў да Божай Маці — той, якая вядзе да Хрыста і дапамагае несці Яго слова ў кожны дом.






















