Skip to main content

Свята, якое сагравае сэрцы: парафіяльны Caritas архікатэдры ўжо трэці раз сабраў пажылых людзей

26 ліпеня
  • 29 ліпеня, 2026
  • Тэкст: Вольга Мышкоўская / Фота: Дзмітрый Мельнікаў // Catholicminsk.by

26 ліпеня, у нядзелю, мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі гасцінна адчыніў свае дзверы для парафіян старэйшага пакалення. Традыцыйнае свята, якое сіламі парафіяльнага Caritas арганізуецца ўжо трэці раз, сабрала разам пажылых людзей і валанцёраў для цёплых стасункаў.

Святочная праграма распачалася адразу пасля святой Імшы. Са сцен святыні вернікі накіраваліся ва ўнутраны дворык катэдры, які да гэтага моманту цалкам змяніўся. Валанцёры Caritas з вялікай любоўю і клопатам упрыгожылі тэрыторыю, стварыўшы па-сапраўднаму ўтульную і светлую атмасферу.

Для дарагіх гасцей былі падрыхтаваны пачастункі, а святочны настрой з першых хвілін падтрымлівала музыка, якая гучала ў дворыку.

Галоўнымі гераінямі дня сталі бабулі, якія прыйшлі на сустрэчу, — неверагодна прыгожыя, прыбраныя, з зіхоткімі вачыма і шчаслівымі ўсмешкамі.

Пасля пачастункаў пачалася насычаная канцэртная праграма, падрыхтаваная валанцёрамі. Бабулі з вялікай радасцю спявалі свецкія і рэлігійныя песні разам з братам Вадзімам Войцікам OFMCap, які ўжо традыцыйна прымае ўдзел у гэтай святочнай сустрэчы. Вялікім сюрпрызам для ўсіх стала выступленне пробашча архікатэдральнага касцёла ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага. Ён выканаў некалькі вядомых песен, пад якія пажылыя людзі не толькі з задавальненнем падпявалі, але і актыўна танчылі.

Праграма працягнулася чытаннем кранальнага верша, вясёлымі гульнямі і чароўным выступленнем на беларускіх цымбалах. Сапраўдным упрыгожваннем дня стала запальнае фламенка. Гледачы горача апладзіравалі танцоркам, а затым з вялікім азартам развучылі разам з імі некалькі рухаў гэтага іспанскага танца.

Кульмінацыяй сустрэчы стала ўручэнне падарункаў, калі на завяршэнне свята кожная бабуля атрымала прыгожыя кветкі.

Ад удзельнікаў прагучала мноства цёплых і шчырых слоў падзякі ў адрас валанцёраў за гэта прыгожае, цеплае свята, якое падарыла пажылым людзям увагу, клопат і сагрэла іх сэрцы.

Правядзенне такога свята і паспяховая праца іншых сацыяльных праектаў парафіяльнага Caritas архікафедральнага касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі сталі магчымымі дзякуючы міласэрнасці, веры і шчодрасці вернікаў парафіі. Менавіта іх рэгулярныя ахвяраванні, адкрытыя сэрцы і гатоўнасць прыйсці на дапамогу бліжняму дазваляюць Caritas развіваць дабрачынныя праграмы, дарыць клопат тым, хто мае патрэбу, і арганізоўваць такія светлыя сустрэчы.

Валанцеры Caritas дзякуюць парафіян за неабыякавасць, шчодрыя сэрцы і хрысціянскае сведчанне любові, дзякуючы якім жыве і дзейнічае парафіяльная супольнасць.