Skip to main content

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2026 года

З 18 лютага
  • 16 лютага, 2026
  • Выява ілюстрацыйная // Catholicminsk.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Слова на Вялікі пост 2026

Тэкст для друку ТУТ>>>

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Мы распачалі чарговы літургічны перыяд — Вялікі пост — як час ласкі, навяртання і збаўлення. Ён з‘яўляецца добрай нагодай засяродзіцца над тым, як мы выкарыстоўваем дадзены нам Божым Провідам час. 

У сучасным матэрыялізаваным свеце нярэдка можна пачуць выказванне «time is money» («час — гэта грошы»). Такое меркаванне нязгоднае з Божым планам, бо дадзены нам Богам час, мы павінны выкарыстоўваць не столькі для матэрыяльнага ўзбагачэння, колькі для духоўнага ўзросту. Матэрыяльнае мінае, а духоўнае застаецца. У вечнасць мы не возьмем з сабой ні рахунку ў банку, ні аўтамабіля, ні хаты; не возьмем нічога, акрамя духоўнага багажу.

Таму час мае большае значэнне, чым матэрыяльныя каштоўнасці і грошы. Грошы можна страціць і зноў зарабіць, але як толькі імгненне часу пройдзе, яно ніколі не вернецца. 

2. Як абараніць свой час, разумна яго траціць і не гандляваць ім?

Час — гэта жыццё, а не проста час на гадзінніку. Кожны дзень Бог дорыць нам бясцэнны падарунак — новыя 24 гадзіны, 1440 хвілін або 86 400 секунд. Мы не можам яго схаваць у банк, не можам пазычыць і не можам вярнуць. Правіла простае — або яго выкарыстоўваем, або губляем.

На жаль, мы часта ставімся да часу так, быццам у нашым зямным жыцці ён будзе доўжыцца бясконца. Таму кажам: «Я зраблю гэта пазней, на наступным тыдні, або калі буду мець больш часу».

Уявім, што хтосьці кожную раніцу дае нам 86 400 рублёў (згодна з колькасцю секунд у сутках) і кажа: «можаш марнаваць іх як заўгодна, але ўсё, што не выдаткуеш, знікне». З упэўненасцю, мы не будзем іх траціць і выкарыстаем кожную капейку. 

На жаль, мы дазваляем часу дэвальвавацца і нават выкарыстоўваць яго бессэнсоўна. Мы можам зарабіць больш грошай і выправіць памылку, але ніколі не зможам вярнуць час. 

Свет крадзе наш час, асабліва праз сродкі масавай камунікацыі. Кожны сігнал тэлефона, кожнае паведамленне, кожнае новае відэа, кожная навіна, кожная рэклама, хоць і здаюцца бяскрыўднымі, тым не менш, адрываюць нашу ўвагу ад істотных спраў нашага фізічнага і духоўнага жыцця.

3. Вялікі пост з’яўляецца добрай нагодай, каб навучыцца кантраляваць наш час, перастаць гандляваць ім, разменьваць на справы, якія не маюць істотнага значэння. Колькі часу мы праводзім у смартфоне і інтэрнэце, верачы, што гэта зробіць нас шчаслівымі? Віртуальныя прыемнасці даюць нам часовае задавальненне, але не вырашаюць праблемы. Выбар за намі. 

Неабходна паважаць і шанаваць час. У паспяховых людзей столькі ж часу у сутках, як і ў кожнага з нас. Але розніца ў тым, што яны шануюць яго, бо ведаюць: калі ён скончыцца, то скончыцца назаўжды. 

Няма ідэальнага часу, каб нешта распачаць. Ёсць толькі тут і зараз. Таму нельга дазваляць ілюзіям украсці дадзены нам Богам час.

Мы павінны берагчы час. Людзі замыкаюць дзверы, каб абараніць сваю маёмасць. Хаваюць паролі ад смартфона ці кампутара, каб захаваць сваю прыватнасць. Але дарма аддаюць свой час справам, якія не маюць істотнага значэння ў іх жыцці, у тым ліку і духоўным.

Каб абараніць свой час, мы павінны пазначыць межы яго выкарыстання. Межы — гэта не сцены, якія агароджваюць ад людзей ці падзей. Гэта вароты, якія вырашаюць, што ўваходзіць, а што застаецца звонку. 

Сучасны чалавек шмат часу прысвячае пагоні за багаццем і пошукам прыемнасцей. Ён заняты з раніцы да вечара і не мае часу памаліцца і прыняць удзел у нядзельнай Імшы. Такім чынам, ён траціць свабоду і становіцца рабом залежнасцяў. Свабоду нельга купіць у супермаркеце або загрузіць у смартфон як прыкладанне. Яе можна зарабіць выбарам, кажучы «не» усяму таму, што адцягвае нашу ўвагу, каб не марнаваць час дарма, які з’яўляецца самай каштоўнай валютай.

4. Як мы выкарыстоўваем наш час? Што з’яўляецца нашым прыярытэтам? На што яго трацім? Вялікі пост з’яўляецца добрай нагодай адказаць на гэтыя пытанні. Сярод штодзённых жыццёвых прыярытэтаў нельга забываць пра свой духоўны стан. 

Кожная хвіліна, якую мы прысвячаем нейкай дзейнасці, адлюстроўвае нашы прыярытэты. Наш каляндар, звычкі і штодзённы выбар адлюстроўваюць тое, што сапраўды важна ў нашым жыцці. Калі наш графік не адпавядае нашым жыццёвым мэтам, то прыйшоў час нешта мяняць. 

Наш час — гэта наша жыццё.

У канцы яго мы не будзем памятаць, колькі лайкаў атрымалі ў сацыяльных сетках, колькі часу правялі ў інтэрнэце ці смартфоне і колькі працавалі, якой маёмасцю карысталіся і г.д. Усё матэрыяльнае мінае, застаецца духоўнае. А яно будзе залежаць ад таго, як мы распарадзімся дадзеным нам часам, гэтай найбольш каштоўнай манетай, якую мы атрымалі ад Бога. 

Евангельская прыпавесць пра трох слуг, якія па-рознаму распарадзіліся тым, што ім даверыў гаспадар, з’яўляецца добрым прыкладам таго, як мы павінны распараджацца часам. Тыя, хто атрымаў пяць і два таленты, пусцілі іх у абарот і зарабілі ў два разы больш. Той, хто атрымаў адзін, закапаў яго ў зямлю і не здабыў прыбытку. Першых дваіх гаспадар пахваліў, а трэцяга сказаў кінуць у цемру, дзе будзе плач і скрыгатанне зубоў (пар. Мц 25, 14-30).

Дадзены нам Богам час прызначаны не проста для выжывання, а для плённага жыцця, у тым ліку і духоўнага. У пачатку Вялікага посту мы павінны адказаць на пытанне: «Ці гэта час валодае намі, ці мы — часам?» Час — гэта багацце, якое нам даў Бог, але, на жаль, мы часта яго не выкарыстоўваем згодна з Божай воляй і займаемся пустым яго баўленнем.

5. Адзін аповед распавядае пра беднага рыбака, які кожны дзень перад світаннем ішоў на раку лавіць рыбу. Аднойчы раніцай, калі яшчэ было цёмна, ён натрапіў на невялікі, але цяжкі мяшок. Пакуль чакаў усходу сонца, узяў з мяшка невялікі камень і не доўга думаючы, кінуў яго ў раку. Камень упаў у ваду з прыемным для вуха рыбака ўсплёскам. Кінуў яшчэ адзін. Пасля яшчэ адзін і г. д. 

Разам з тым, ён разважаў пра сваё жыццё і параўноўваў з гэтымі камянямі. Цяжка, калі нясеш іх разам, але калі кідаеш паасобку у раку часу, то яны ледзь утвараюць невялікія хвалі на вадзе. Урэшце неба прасвятлела і ў промнях узыходзячага сонца, у апошнім камені, ён убачыў каштоўны дыямент. 

Сэрца рыбака спынілася і дыханне яму перахапіла ў горле. Ён вывернуў  мяшок, адчайна спадзеючыся знайсці яшчэ адзін камень. Але мех быў пусты. Рыбак упаў на калені каля ракі і з роспаччу глядзеў на ваду, якая праглынула  багацце, што дасталася яму нечакана. 

«Што я зрабіў? У цемры я выкінуў цэлы мех каштоўных дыяментаў, багацце, якое магло б карміць маю сям’ю пакаленнямі». Але ўжо нічога нельга было зрабіць. Час, калі ў яго былі дыяменты, мінуў, і ён не мог яго вярнуць назад. Яго багацце было ў руках, але ён яго выкінуў сваімі рукамі ў цемру. 

Кожны дзень, кожная гадзіна, кожная хвіліна, кожная секунда — гэта каштоўны камень. Але ў грахоўнай цемры і духоўнай ляноце мы імі бессэнсоўна раскідваемся, думаючы, што гэта простыя, нічога не вартыя камяні. Грахоўная цемра сімвалізуе адсутнасць усведамлення таго, наколькі каштоўным і абмежаваным ёсць наш час.

6. Вялікі пост павінен нам дапамагчы ўсвядоміць каштоўнасць часу. Мы не можам вярнуць дыяменты, якія ўжо страцілі, але можам і павінны старацца захаваць тыя, якія засталіся.

Мы не можам кантраляваць працягласць часу, але можам кантраляваць яго выкарыстанне, каб не стаць залежнымі ад смартфона, інтэрнэту, задавальненняў і іншых свецкіх спраў, якія яго крадуць.

7. Сучаснае пакаленне людзей — гэта пакаленне ахвяр. Мы апраўдваемся і кажам, што не вінаватыя ў той ці іншай праблеме, і сцвярджаем, што мы проста ахвяры. Што наш грэх — гэта не грэх, а хвароба і залежнасць. Мы не алкаголікі і не наркаманы — у нас толькі хімічная залежнасць. Мы не абжоры — у нас толькі харчовая залежнасць. Мы не сэксаманы — у нас толькі сэксуальная залежнасць. Гэта не наша віна, але кагосьці іншага. Пачуццё віны і граху страчана. 

Менавіта таму сёння квітнее тэрапеўтычная індустрыя. Людзі плацяць вялікія грошы на тое, каб ім сказалі, што яны не грэшныя, а толькі хворыя і не вінаватыя: «Прыходзьце — і будзеце нашымі пацыентамі».

У чым праблема? У залежнасцях ад алкаголю, наркотыкаў, азартных гульняў, нікаціну,  гневу, ад хатняга гвалту, распусных дзеянняў, ад даўгоў і зайздрасці, ад няўдач і пераядання, ці ад чаго заўгодна.

Калі мы паставім сабе няправільны дыягназ, то ніколі не вылечымся. Езус памёр не за памылкі, а за нашыя грахі.

Даверым сябе, браты і сёстры, Божай міласэрнасці і Марыі як прытулку грэшнікаў, каб Вялікі пост сапраўды стаў для нас часам ласкі і навяртання, калі мы будзем цаніць і выкарыстоўваць дадзены нам Богам час згодна з Яго воляй, каб замест залежнасці ад сучасных паталогій падпарадкоўвацца Божаму закону, ў захаванні якога — наша перспектыва на радасць вечнага жыцця. 

На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю.

Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 15 лютага 2026 г.
Шостая звычайная нядзеля