Першы адпуст ксяндза Паўла Сідарэнкі прайшоў у Фашчаўцы ў прысутнасці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
- 30 мая, 2026
- Тэкст: Ян Багдановіч / Фота: Святлана Сідарэнка // Catholicminsk.by
30 мая ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фашчаўцы адбылася парафіяльная адпустовая ўрачыстасць. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у прысутнасці святароў, вернікаў і гасцей. Для пробашча парафіі ксяндза Паўла Сідарэнкі гэта быў першы адпуст у якасці пастыра гэтай супольнасці.
У гаміліі, натхнёнай евангельскім аповедам пра сустрэчу Марыі і Альжбеты (Лк 1, 39–56), біскуп падкрэсліў, што свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта не толькі ўспамін падзеі, якая адбылася больш за дзве тысячы гадоў таму, але і жывое запрашэнне для кожнага хрысціяніна несці Бога іншым.
Разважаючы над словамі Евангелля: «Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды» (Лк 1, 39), біскуп Яшэўскі адзначыў, што Марыя не адкладала, не шукала апраўданняў і не баялася цяжкасцяў дарогі. «Каб рашыцца на такое падарожжа, трэба мець вялікае жаданне сустрэчы. Марыя ішла, бо любіла, бо несла ў сабе Бога і хацела падзяліцца Ім», — падкрэсліў іерарх. Ён дадаў, што Марыя — прыклад чалавека, які не замыкаецца ў сабе, але ідзе да таго, хто мае патрэбу ў падтрымцы.
Біскуп нагадаў словы Евангелля: «Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым» (Лк 1, 41).

Гэтая сустрэча, паводле яго слоў, паказвае, што сапраўдная размова пачынаецца з благаслаўлення, а не з асуджэння.
— адзначыў біскуп.
У гаміліі прагучала і разважанне над словамі Марыі: «Велічае душа мая Пана…» (Лк 1, 46–55). Прамоўца падкрэсліў, што Magnificat — гэта не толькі малітва Марыі, але і праграма жыцця хрысціяніна, які бачыць Божую руку ў гісторыі і ўласным жыцці.
Каб наблізіць евангельскую праўду да штодзённасці, біскуп прывёў два прыклады. Першы — пра бабулю Ганну, якая навучыла сваю ўнучку, што часам дастаткова проста прыйсці да чалавека, каб прынесці яму Бога. Другі — пра дзвюх суседак, чые адносіны былі разбураныя праз непраўдзівыя словы і плёткі.
«Калі слова раніла, калі размова разбурыла — тады ніводнае апраўданне не падыходзіць. Бо слова ўжо выйшла, рана ўжо нанесена, чалавек пакрыўджаны. І толькі Бог можа вылечыць тое, што мы паранілі словам», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі.
У завяршэнні гаміліі пастыр звярнуўся да вернікаў:
Ён пажадаў, каб кожная сям’я ў Фашчаўцы адчыніла дзверы свайго сэрца для Марыі, а Езус, які прыходзіць на алтар, перамяняў словы, адносіны і сэрцы вернікаў.

Напрыканцы ўрачыстасці пробашч парафіі ксёндз Павел Сідарэнка звярнуўся да прысутных са словамі глыбокай удзячнасці і духоўнай радасці. Ён падзякаваў біскупу Аляксандру за тое, што ўзначаліў адпустовую Імшу і сваім словам умацаваў парафіяльную супольнасць, братам святарам — за малітоўную еднасць, гасцям — за тое, што падзялілі з фашчаўчанамі гэты асаблівы дзень, а парафіянам — за іх вернасць, ахвярнасць і жывую любоў да сваёй святыні.
«Сённяшні адпуст — мой першы ў Фашчаўцы як пробашча. Я прымаю яго як дар і як адказнасць. Дзякую Богу за вас, дарагія парафіяне, за вашыя адкрытыя сэрцы, за вашу малітву і падтрымку. Разам мы будуем дом веры, надзеі і любові, у якім кожны можа адчуць сябе прынятым і благаслаўлёным. Няхай Марыя, якая прыйшла да Альжбеты, прыходзіць і ў нашы дамы, і ў нашыя сэрцы», — пажадаў прысутным ён.










