Апостальскі нунцый Іньяцыё Чэффаліа ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Маладзечне
- 28 мая, 2026
- Тэкст: Кацярына Савянок / Фота: Эрык Савянок // Catholicminsk.by
24 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа, Апостальскі нунцый Іньяцыё Чэффаліа ўзначаліў урачыстую эўхарыстычную цэлебрацыю, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 63 вернікам парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, моладзі і старэйшым. У цэлебрацыі таксама прынялі ўдзел святары суседняй маладзечанскай парафіі святога Юзафа: дэкан Маладзечанскі ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і ксёндз Андрэй Фёдараў.
Падчас гаміліі арцыпастыр адзначыў, што свята Пяцідзясятніцы «вяртае нас да самага сэрца нашай веры», бо гэта дзень, калі «Дух Святы сыходзіць на Апосталаў і адкрывае перад імі новае жыццё. Гэта падзея, якая працягвае аднаўляцца, бо Дух не належыць мінуламу: Ён — жывая прысутнасць, дыханне, сіла, якая падтрымлівае і перамяняе, напаўняе супакоем.

На падставе першага чытання дня, у якім апавядалася пра людзей з розных краін, якія слухаюць апосталаў і разумеюць іх кожны на сваёй мове, іерарх нагадаў, што Дух Святы робіць магчымай глыбокую сустрэчу паміж рознымі людзьмі і адкрывае сэрцы на ўзаемнае разуменне, што не нараджаецца з чалавечых намаганняў, але з Божага дару.
— навучаў арцыбіскуп Чэффаліа.

Іерарх падкрэсліў, што Дух Святы раздае розныя дары, але заўсёды дзеля агульнага дабра. Не для стварэння эліт, не для распальвання суперніцтва, а для пабудовы жывой супольнасці, дзе кожны ўносіць тое, што атрымаў. Гэта вельмі актуальнае пасланне, бо мы жывём у свеце, які часта вымярае вартасць праз спаборніцтва, знешні выгляд, валоданне, асабісты поспех.
І праз канфірмацыю гэтае цела ўзбагачаецца новымі сіламі, новымі харызмамі, новай адказнасцю.
Потым нунцый звярнуўся да кандыдатаў да канфірмацыі: «Сёння вы прымаеце дар, які ўваходзіць у вашае жыццё ціхім, але і магутным чынам. Дух Святы прыходзіць, каб быць з вамі, каб ісці побач з кожным з вас, падтрымліваць вашыя крокі і ўзрошчваць усё самае прыгожае, што вы носіце ў сабе. Гэта дар, які не вычэрпваецца, але расце разам з вамі, пераплятаючыся з вашымі выбарамі і асвятляючы вашы найглыбейшыя жаданні.

Дух Святы дорыць вам мужнасць. Не гучную мужнасць таго, хто хоча прыцягнуць увагу, але ціхую і праўдзівую мужнасць таго, хто ўмее выбіраць дабро, нават калі гэта каштуе; хто здольны казаць праўду, нават калі яна нязручная; хто застаецца верным, нават калі ўсё здаецца крохкім. Ён дорыць вам здольнасць жыць не як гледачы, а як пратаганісты дабра, будаўнікі супакою, як людзі, што не дазваляюць сябе панесці вятрам хвіліны, але ўмеюць распазнаваць тое, што сапраўды важна.
Дух Святы дае вам праўду. Мы жывём у свеце, поўным галасоў, інфармацыі, меркаванняў, шуму. Часам цяжка зразумець, што ёсць праўдай, што правільнае, што добрае, што сапраўднае.
Дазвольце Яму весці вас у вашых вялікіх і малых выбарах, у марах, якія вы носіце ў сабе, у адносінах, якія будуеце, у абавязках, якія вас чакаюць.
Дух Святы дае вам сведчанне. Свет не патрабуе фасадных хрысціян, але людзей, здольных па-сапраўднаму любіць, прабачаць, падымацца пасля падзенняў, будаваць масты і спрыяць міру. Ваша парафія, ваш горад, гэта ўмілаваная краіна мае патрэбу ў вашым святле. Не бойцеся быць хрысціянамі з прастатой і радасцю. Не бойцеся несці ў свет прыгажосць Евангелля. Не бойцеся быць знакамі надзеі ў час, калі нярэдка здаецца, што страчваецца сэнс жыцця і будучыні».
Прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі даручыў канфірмаваных асобаў Божай Маці як Той, што прыняла Духа Святога ў сваё жыццё і падзяліла з Касцёлам дзень Пяцідзясятніцы, каб Яна ахоўвала іх сваёй пяшчотай і падтрымлівала на шляху, які адкрываецца перад імі.
Усіх вернікаў іерарх заахвоціў суправаджаць канфірмаваных малітвай, прыкладам, даверам, быць для іх «Касцёлам, які слухае, прымае, падтрымлівае, натхняе. Касцёлам, які не гасіць агонь Духа Святога, але захоўвае яго, узмацняе і сведчыць пра яго».
Пасля гаміліі кандыдатам быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.

Напрыканцы літургіі Апостальскі нунцый удзяліў прысутным апостальскае благаслаўленне з адпустам ад імя Папы Льва XIV.
У сваім развітальным слове арцыбіскуп Чэффаліа сказаў, што адчувае сябе ў маладзечанскай парафіі святога Казіміра як дома і пакідае гэтую супольнасць з пачуццём цеплыні і любові. А паколькі у гэты дзень ён упершыню ў сваім жыцці ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі, парафія назаўсёды застанецца ў яго сэрцы.











