Сінэргія і якасная змена чалавека: шлях да абагаўлення і суб’ектнасці
- 21 студзеня, 2024
- кс. Раман Суша
Артыкул даследуе паняцце “сінэргія” – узаемадзеянне чалавека з ласкай. Тлумачацца таксама такія паняцці як “абагаўленне” і “саборная сінэргія” – аснова гармоніі паміж Богам, чалавекам і светам.
На працягу гісторыі змяняліся розныя канцэпцыі адносна тварча-збаўчай дзейнасці чалавека ў супрацоўніцтве з Богам. Найбольш спрэчнымі крайнасцямі з’яўляюцца так званы манергізм, у якім увесь акцэнт на справе збаўлення адносіцца да Божай ласцы (solo gratia), цалкам або часткова выключаючы намаганні чалавека; ці, наадварот, калі празмерны акцэнт надаецца чалавечым справам, прымяншаючы ролю Божай ласкі.
Сінэргія і абагаўленне
Каб апісаць сувязь паміж ласкай Божай і чалавечай свабодай і каб пазбегнуць крайнасці, усходнехрысціянская тэалогія ўводзіць тэрмін «сінэргія» (συνεργία, супрацоўніцтва ці сумесная праца), спасылаючыся на словы Апостала Паўла: «Бо мы – супрацоўнікі (συνεργοί) Божыя» (1 Кар 3, 9а)[1]. Акцэнт у вызначэнні сінэргіі зроблены на ўзаемным уздзеянні ласкі (χάρις) і спраў на шляху да дасканаласці чалавека[2]. Коратка кажучы, з Богам нас злучаюць ласка і цноты[3]. А фундаментальным вынікам сінэргіі, гэта значыць сумесных дзеянняў Бога і чалавека, з’яўляецца т.зв. «абагаўленне» (θέωσις).
Ва ўсходнехрысціянскай тэалогіі абагаўленне не азначае «ператварэння» нашай прыроды ў Божую, але выяўляецца ў змястоўнасці жыцця і ў чалавечых якасцях[4]. Такім чынам, можна лічыць, што як індывідуальна, так і калектыўна (у Касцёле), чалавек уступае ў поле місіі перад усім у межах сінэргіі. Аднак варта адзначыць, што гэты тэрмін не азначае, што чалавек з’яўляецца раўнапраўным супрацоўнікам Бога або што Бог не можа дзейнічаць незалежна ад чалавецтва. Наадварот, гэта азначае, што Бог наўмысна вырашыў дзейнічаць праз людзей і Касцёл у кантэксце «боскага домакіраўніцтва (οικονομία)». Акрамя таго, Божая моц (δύναμις) не лімітавана чалавечымі слабасцямі, але прадугледжвае пакаянне і веру, каб чалавек мог прыняць гэтую моц[5].
З іншага боку, Бог не прымушае чалавека дзейнічаць і супрацоўнічаць супраць яго ж уласнай волі, але заўсёды заахвочвае да аўтаноміі чалавечай волі (αύτεξούσνον) і свабоды волі (αΰτοπροαίρετον)[6]. Аспект такой суб’ектнасці асабліва прыкметны ў натхненні і супрацоўніцтве: гэта свайго роду біблейская фенаменалогія адносін «Бог – чалавечы аўтар»[7]. Біблейская сінэргія выяўляецца ў тым, што Слова Божае, якое прапаведуецца праз сакральнага аўтара, не робіць яго аўтаматычным перадатчыкам Божага Аб’яўлення, але праламляецца падобна променю праз яго свабоду, індывідуальныя рысы і ідэі, якія вызначаюцца асяроддзем і эпохай, у якой ён пражывае[8].
Саборная сінэргія іпастасяў
Міхаіл Легееў адзначае, што разуменне сінэргетычнага ўзаемадзеяння Бога і чалавека ў касмічным акце нельга звесці толькі да прыроднага ракурсу, але павінна быць інтэгравана з іпастасным (асабовым) аспектам[9]. Камунія і іпастасныя адносіны з’яўляюцца «гарантыяй і падмуркам сінэргіі, падмуркам паўсюднай гармоніі Бога, чалавека і свету»[10]. Дакладней кажучы, гаворка ідзе пра саборную сінэргію іпастасяў. Ужытае аўтарам паняцце іпастасі адносіцца як да асобаў Святой Тройцы, так і да людзей і адпавядае паняццю аблічча ў Тэафана Пустэльніка.
Паводле Легеева, Касцёл падобны да чалавека, арганізм якога мае саборна-іпастасны характар[11]. Такі падыход азначае, што сінэргію нельга зводзіць да індывідуальных адносін, аддзеленых ад саборнасці. Людзі, паводле Георгія Флароўскага, могуць аб’яднацца ў сімфанічнае адзінства. Ідэя арганізма, такім чынам, «павінна быць дапоўнена ідэяй сімфоніі асобаў, якая адлюстроўвае таямніцу Найсвяцейшай Тройцы»[12] (пар. Ян 17, 21.23). Для Флароўскага гэта выказванне адлюстроўвае сутнасць паняцця саборнасці.
Можна выказаць здагадку, што саборнасць з’яўляецца крытэрыем сінэргіі паміж Богам і чалавекам, гэта значыць задумай Бога як узаемадзеяннем Святой Тройцы і Святога Касцёла, як ідэальным месцам для рэалізацыі сінэргіі[13].
Выкарыстоўваючы гэтую ідэю на ўзроўні чалавечай асобы, можна меркаваць, што жыццё Святой Тройцы можа адлюстроўвацца не толькі ў саборнасці Касцёла як арганізма (вертыкальны аспект), але і ў саборнасці кожнага яго члена ў залежнасці ад ступені яго сінэргіі і якасці (гарызантальны аспект).
У гэтым кантэксце Мяфодзій Зінькоўскі падтрымлівае пан-антрапа-энэргізм, гэта значыць ідэю аб тым, што чалавечая асоба, падобна Тройцы, здольная фармаваць быццё сусвету, «ачалавечваючы» яго (але не ўвасабляючыся ў ім). Чалавечая асоба здзяйсняе гэта, падобна Тройцы, у сінэргіі з падобнымі людзьмі, у саборнай працы, натхнёнай і асвечанай Духам Божым[14].
Якасная трансфармацыя чалавека
Што да якаснай змены жыцця чалавека, выкліканага сінэргіяй, яно не ажыццяўляецца без удзелу самога чалавека, паколькі патрабуе яго высілкаў і волі. Іншымі словамі, калі ініцыятыва натуральнай змены чалавека, такой як яго навяртанне, ачышчэнне або асвячэнне, зыходзіць выключна ад іншай іпастасі, напрыклад, ад іншага чалавека, ці ад Духа Святога, то рэальная змена не можа адбыцца ніякім чынам праз уздзеянне звонку асобы, а толькі праз уключэнне ў гэта дзеянне самой чалавечай іпастасі, без прымусу або механічнага ўздзеяння[15].
Дадзены аргумент выступае супраць сацыяльных канструктаў у фармацыі і педагогіцы, якія робяць акцэнт на кантролі, заснаванага на страху, а таксама супраць рэлігійных ідэалогій, заснаваных на знешняй дысцыплінарнасці, якія замяняюць паняцце “пакора” на сляпую “пакорлівасць”. Аднак як толькі ініцыятыва зыходзіць знутры чалавека, праз ласку яму даецца магчымасць развівацца і раскрывацца ў поўным сэнсе гэтага слова. Гэта можа вызначыць новыя мэты, узняць самаацэнку і ўнесці парадак у яго асабісты рост і ў місію Касцёла. Такім чынам, удзел самога чалавека ў сінэргетычных зменах у сваім жыцці ўздымае яго ў про-актыўную пазіцыю і выводзіць з пасіўнай пазіцыі: быццам бы яго шчасце залежала выключна ад некага іншага.
Такім чынам, у духоўнасці неабходна пазбягаць перакладання ўсёй адказнасці на Бога. Аднак у той жа час не варта ўзвальваць на сябе неадпаведныя цяжары аскетызму і жыццёвых выпрабаванняў. Наадварот, сінэргетычны шлях, які выяўляецца ў глыбокай гармоніі паміж Богам і чалавекам, прыводзіць да якасных змен самога чалавека. Ва ўсходнехрысціянскай традыцыі гэта пераўтварэнне часта называецца “абагаўленнем”, а ў заходняй – святасцю або пакорай, гэта значыць сумленнай сувяззю з рэальнасцю (не блытаць з паняццем “пакорлівасць”).
Відавочна таксама тое, што ласка праймае чалавека праз прызму яго якасцяў. Аднак ужо ад індывідуальнага рашэння чалавека залежыць, наколькі гэтыя якасці будуць хрысціянізаваны ці, наадварот, дэманізаваны – у залежнасці ад таго, з кім усталёўваецца сімфанічнае ўзаемадзеянне.
Супрацоўніцтва з Божай ласкай у навучанні Тэафана Пустэльніка
Перайсці да спісу ўсіх тэм праекта.
[1] Пар. Huculak, B., «Zarys antropologii Kościoła greckiego», у Studia Teologii Dogmatycznej 1 (2015), 197-98.
[2] Пар. Jaeger, W., Two rediscovered works of ancient Christian literature: Gregory of Nyssa and Macarius, Brill, Leiden 1954, 96.
[3] Пар. Schönborn, C., God’s Human Face: The Christ Icon, Ignatius Press, San Francisco 1994, 101.
[4] Пар. Spiteris, Y., «Tra cristificazione e “divinizzazione” in Cristo», у Path 1 (2009), 117.
[5] Пар. Βασιλειάδης, Π., Ενότητα και μαρτυρία, Επίκεντρο, Θεσσαλονίκη 2007, 35-36.
[6] Пар. Алфеев, И., Преподобный Симеон Новый Богослов и православное предание, Познание, Москва 2017, 265.
[7] Пар. Pontificia Commissione Biblica, Ispirazione e verità della Sacra Scrittura, 51.97.143, https://www.vatican.va/roman_curia/congregations/cfaith/pcb_documents/rc_con_cfaith_doc_20140222_ispirazione-verita-sacra-scrittura_it.html [доступ: 21.01.2024].
[8] Пар. Мень, А., рэд., Библиологический словарь, Фонд имени Александра Меня, Москва 2002, 116 (s.v. синергизм библейский).
[9] Пар. «Учение о Церкви святителя Феофана Затворника в контексте святоотеческого предания и экклезиологической проблематики XIX – XXI веков», у Церковь и время 3 (2012), 30-42.
[10] Пар. Зинковский, М. – Легеев, М., «Ипостасно-природный характер синергии», у Церковь и время 4 (2012), 91.
[11] Пар. Легеев, М., «Предание и антипредание», у Христианское чтение 4 (2017), 48.
[12] Флоровский, Г., Христианство и цивилизация, Издательство Русской Христианской гуманитарной академии, Санкт-Петербург 2005, 578.
[13] Пар. Зинковский, М., Православное богословие личности: истоки, современность, перспективы развития, ОЦАД, Москва – Санкт-Петербург 2014, 176. Пар. Стельмашук, Г. – Николаева, О., «Соборность как важнейшая черта русского православия в контексте перспектив его развития», у Человек постсоветского пространства 3 (2005), 436.
[14] Пар. Зинковский, М., «Системное изложение свойств человеческой личности», у Развитие личности 1 (2014), 135.
[15] Пар. Зинковский – Легеев, «Ипостасно-природный», 91.