Праект пра сінадальнасць: сімфонія як шлях да якаснага існавання
- 29 верасня, 2024
- кс. Раман Суша
У гэтай рубрыцы мы працягваем вывучаць паняцці, звязаныя з хрысціянскім філасофскім мысленнем, засяроджваючыся на канцэпцыях, блізкіх да паняцця сінадальнасці. Праз папярэднія матэрыялы мы ўжо разгледзелі паняцці абагаўлення і ўсеадзінства. Сёння нашай тэмай стане паняцце «сімфоніі» — няпростага, але вельмі важнага паняцця, якое ўключае ў сябе адзінства чалавека з Богам і светам. Мы паспрабуем разабрацца ў тым, як гэта паняцце дапамагае чалавеку ў асобовай сталасці і ў чым праяўляецца яго метафізічны сэнс.
Разглядаць паняцце сімфоніі складана, бо яго аўтары ўжываюць крыху іншую тэрміналагічную сістэму, якая нам можа падавацца вельмі непрывычнай, а нават на мяжы ерасі. Тым не менш, параўноўваючы гэтых аўтараў з заходнімі тэолагамі, такімі як кардынал Кузанскі, разважанні пра сімфонію Карсавіна, Бярдзяева, Ветэра і іншых здаюцца больш зразумелымі.
Сімфонія — гэта адзінства «я» і «іншага»
Улічваючы крытыку Мікалая Бярдзяева, Уладзіміра Зянкоўскага і карэктывы Ветэра[1], «сімфанічная асоба» або «сімфонія» — гэта адзінства «я» і «іншага»[2]. Каментуючы Карсавіна, балтыйскі філосаф Уладас Паўілайціс тлумачыць, што асоба, імкнучыся да абсалюту, можа актуалізаваць у сабе розныя вышэйшыя адзінствы (гэта значыць, становячыся «сімфанічнай асобай» або «сімфоніяй»), набліжаючыся да ідэалу. Гэта дазваляе сцвярджаць пэўную шматграннасць такой «асобы», у якой кожны чалавек актуалізуецца ў розных якасцях. У канчатковым выніку сімфонія Карсавіна выражае вынік працэсу актуалізацыі якасці або, карацей кажучы, пэўную рэалізацыю асобы. Гэты працэс, паводле Карсавіна, называецца «якастваваннем». Пад паняццем «якастваванне асобы» разумеюцца станы, вопыт, рысы, уласцівасці і г.д. у іх адзінстве з аб’ектамі, на якія яны накіраваны[3]. Іншымі словамі, «якастваванне — гэта момант асобы і самога чалавека, але ў сувязі з іншым»[4]. Таму гэта своеасаблівы сінхронны зрэз гісторыі асобы ў залежнасці ад аб’екта, на які яна накіравана.
Якастваванне як развіццё або дэградацыя асобы
У гэтай сітуацыі важна падкрэсліць, што якасныя адносіны цесна звязаны з актам навяртання, і таму іх можна накіроўваць як на Бога, так і на стварэнне (параўн. «a praestantiore Conditore aversio, et ad condita inferiora conversio»[5]). Адпаведна, вынік якасных адносін можа быць розным. Калі якасныя адносіны накіраваны на Творцу, сімфанічная асоба абазначае пэўную «інкарнацыю»[6] Божага, якая разумеецца як актыўнае набыццё элементаў, якія паходзяць з Божай паўнаты (рус. стяженность у тэрміналогіі Карсавіна)[7]. У такім хрысціянскім кантэксце якастваванне азначае рэалізацыю і рэмінісцэнцыю (успамін) збаўлення Хрыстова як у чалавеку і Касцёле, так і ў свеце ў цэлым.
Вышэйзгаданы тэрмін «набыццё» або стяженность (ад царкоўнаславянскага дзеяслова стяжать, набываць, прыцягваць) мае метафізічны падтэкст. Ён адпавядае паняццю contractio Мікалая Кузанскага (1401-1464). Паводле метафізікі гэтага нямецкага кардынала, існуюць два бакі свету:
- з аднаго боку, ёсць Бясконцы Бог (які разумеецца як адзіная Сутнасць усіх скончаных рэчаў),
- а з іншага – свет канечны, які ўяўляе сабой утаймоўванне (іт. contrazione) Бясконцага Бога[8].
Стварэнні, такім чынам, з’яўляюцца тэафаніямі, гэта значыць, маніфестацыямі Бога[9]. Аднак сітуацыя можа выглядаць і наадварот. Напрыклад, жывыя істоты могуць прадстаўляць сабой праяву злога духа, калі сімфонія будзе на іх накіравана. Таму гэтае паняцце асабліва відавочна ў метафізіцы рэфлексіі.
Такім чынам, у падыходзе Кузанскага свет разглядаецца як «resplendentia Dei» (ззянне Бога), або аслабленае адлюстраванне Бога. Важна падкрэсліць, што гэтая ўласцівасць не ідэнтычная сутнасці і прыродзе Бога[10]. Гэтую ўласцівасць, аднак, можна вызначыць як «анталагічнае люстэрка», гэта значыць здольнасць адлюстроўваць у сабе іншага. Аднак унутры адлюстравання тая ж паўната першаснай крыніцы не прысутнічае.
Заключэнне
У выніку, канцэптуальная вобласць, звязаная з прынцыпам адлюстравання, мае шырокі ахоп. У апісальным плане рэфлексія або адлюстраванне — гэта працэс узвышэння да боскасці, які рэалізуецца ў рамках якаснай сімфоніі праз шэраг адносін. Гэты працэс закранае як самога чалавека, так і Касцёл, і ўвесь свет, імкнучыся дасягнуць аднаўлення[11].
Праз сімфонію і якастваванне мы разумеем, што існаванне чалавека мае магчымасць увасобіць у сабе элементы Божага жыцця, дзякуючы накіраваным якасным адносінам з Богам. Сімфонія як метафізічны працэс цесна звязана з фундаментальным выбарам чалавека — за Бога ці супраць Яго. Гэта выбар вызначае, што будзе адлюстроўваць чалавек у сваім існаванні. У гэтым сэнсе, кожны сам вырашае, накіроўваць сваё жыццё ў бок Божай паўнаты ці ісці па шляху, які вядзе да разбурэння асобы. Як папярэджвала святая Тэрэза Авільская, калі чалавек доўгі час знаходзіцца па-за межамі свайго сардэчнага за́мка, ён пачынае мець занадта шмат зносін з «рэптыліямі і жывёламі», што прыводзіць да таго, што ён становіцца падобным да дэманаў. Сімфонія ж з Богам з’яўляецца магчымасцю для чалавека выбіраць ў сваім жыцці менавіта боскае адлюстраванне.
Перайсці да спісу ўсіх тэм праекта.
[1] Пар. Веттер, «Л. П. Карсавин», 254.259-260.
[2] Пар. Веттер, «Л. П. Карсавин», 254.
[3] Пар. Резвых, «Проблема времени у Л. П. Карсавина», 78.
[4] Пар. Карсавин, Философия истории, 105.
[5] Augustinus Hipp., De diversis quaestionibus ad Simplicianum, 122.
[6] літ. рус. мирополагание.
[7] Баранец, Философское сообщество, 165.
[8] Пар. Hopkins, Nicolas of Cusa’s Metaphysics of Contraction, 97.
[9] Пар.. Hopkins, Nicolas of Cusa’s Metaphysics of Contraction, 97.
[10] Пар. Hopkins, Philosophy of Nicholas of Cusa, 38.
[11] Пар. s.v. «restaurazione».
БІБЛІЯГРАФІЯ
Augustinus Hipp., De diversis quaestionibus ad Simplicianum, I, 2.18, выд. PL 40, 122.
Hopkins, J., A Concise Introduction to the Philosophy of Nicholas of Cusa, University of Minnesota Press, Minneapolis, 1978.
Hopkins, J., Nicolas of Cusa’s Metaphysics of Contraction, Arthur J. Banning Press, Minneapolis 1983.
Баранец, Н., Философское сообщество в России: историко-методологические очерки, Вектор-С, Ульяновск 2007.
Веттер, Г., «Л. П. Карсавин», у Полторацкий, Н., рэд., Русская религиозно-философская мысль XX века, Русское богословие за рубежом, Питтсбург, 1975, 251-261.
Карсавин, Л., Философия истории, АО Комплект, Санкт-Петербург 1993.
Резвых, Т. «Проблема времени у Л. П. Карсавина», у Вестник ПСТГУ 46 (2013), 70-87.