Рух “Сужэнскія сустрэчы”: сведчанне Эдуарда і Веранікі Рогач
- 19 лютага, 2025
- Catholicminsk.by

Рух “Сужанскія сустрэчы” у сакавіку і маі бягучага года ладзіць рэкалекцыі, да ўдзелу ў якіх запрашае сем’і і духоўныя асобы.
Як паведамлялася раней, рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч» ужо два дзесяцігоддзі служаць падтрымкай для сужонкаў, якія імкнуцца пераадолець цяжкасці, выйсці з крызісаў сямейнага жыцця, аднавіць эмацыйную блізкасць і глыбей разумець адзін аднаго. Гэты унікальны досвед дапамагае не толькі сужонкам, але і дае магчымаць наладжваць больш гарманічныя адносіны з дзецьмі і навакольнымі.
Для духоўных асоб створана спецыяльная праграма, якая адкрывае новыя магчымасці для паглыблення сувязі з Богам праз адкрыты і шчыры дыялог.
У сувязі з гэтым публікуем сведчанне ўдзелу ў рэкалекцыях, арганізаваных рухам “Сужэнскія сустрэчы”, сужэнства Эдуарда і Веранікі Рогач.
Эдуард: Мы сям’я Рогач, Эдуард і Вераніка. Выхоўваем траіх дзяцей. У сужэнстве амаль 10 год.

Вераніка: Першыя гады нашага сужэнства былі вельмі насычанымі. Мы нарадзілі дзвюх дачок, перажылі два рамонты і некалькі пераездаў. Было няпроста, бо шмат новых спраў на нас навалілася. Спраў, з якімі мы раней не сутыкаліся. А тут нам прыйшлося іх вырашаць разам.
Эдуард: Я падтрымліваў Вераніку, як мог – часцей сваімі дзеяннямі, хочучы дапамагчы ў няпростай справе выхавання дзяцей з маленькай розніцай ва ўзросце. Амаль увесь час разам быў заняты дзецьмі і бытавымі справамі. І гэта ў нас добра атрымлівалася.
Вераніка: Спакойна паразмаўляць і пабыць разам неяк не хапала часу, бо новы вопыт бацькоўства зацягваў нас і забіраў усе сілы. Я адчувала сябе стомленай і безэмацыйнай. Муж мяне падтрымліваў, але я гэтага часта не заўважала і прымала як дадзенасць. Як сужонкі мы аддаляліся адзін ад аднаго.
Эдуард: Вераніка часта казала, што хоча разам з’ездзіць на якія-небудзь рэкалекцыі. Я быў не супраць, таму што разумеў, што для яе гэта важна, хоць самому здавалася, што ў нас усё добра.

Вераніка: Аднойчы выпадкова на Catholic.by я убачыла запрашэнне на сужэнскія рэкалекцыі руху “Сужэнскія сустрэчы”. Мяне ўразілі сведчанні сужонкаў, якія перажылі гэтую сустрэчу. Мне хацелася таксама аднавіць сваю любоў да мужа, спакойна правесці час без дзяцей.
Эдуард: Я дамовіўся з цешчай, каб аставіць у яе дзетак. Страх і трывога былі ў сэрцы, калі я ехаў у пункт прызначэння, бо не ведаў, што мяне чакае і як гэтыя рэкалекцыі будуць выглядаць.
Вераніка: Я чакала з радасцю і цікавасцю сустрэчу с мужам на рэкалекцыях. Гэта новы вопыт, на які мы згадзіліся і не прагадалі.

Эдуард: Уікенд меў унікальную праграму, якой я не чакаў. Гэта быў цудоўны час пазнання іншых сямей і адносін сужонкаў унутры іх, а галоўнае, новае адкрыццё нашых адносін з Веранікай. Мне было няпроста дзяліцца сваімі пачуццямі і перажываннямі ў штодзённасці, бо неставала часу, бо былі дзеці і іншыя справы. На рэкалекцыях мне ўдалося падзяліцца пачуццямі з жонкай, расказаць пра тое, пра што не мог расказаць самастойна – пра сваю няўпэненасць, пра свае слабасці і вялікае жаданне рабіць дабро для нашай сям’і.
Вераніка: Прыемная атмасфера і прадуманая праграма ўікенда, а таксама накіраванасць на працу сужонкаў адзін з адным захапілі мяне з першых хвілін. Я была здзіўлена ў добрым сэнсе, што час рэкалекцый можа быць арганізаваны менавіта так. Я з лёгкасцю дзялілася у дыялогу з Эдуардам тым, што было на сэрцы, і адчувала, як гэта нас набліжае да сябе. Мы разам і плакалі, і сумавалі, і смяяліся, бо за першыя пяць год сужэнства назапасілася нямала крыўдаў, недамоўленасцей, замоўчванняў таго, што не падабалася.

Эдуард: Уікенд дапамог мне навучыцца лепш пазнаць маю жонку, яе пачуцці і патрэбы. Не без цяжкасцяў, але я змог пераадолець страх адкрыта казаць пра сябе, не парушаючы “межы” Веранікі.
Вераніка: Я зразумела, што адносіны могуць быць глыбокімі і бяспечнымі адначасова, што можна дзяліцца сабой, самым патаемным у сабе. Такая шчырасць адкрывала сэрца майго мужа на мяне. Я адчувала сябе шчаслівай, бо была пачута і прынята такой, якая ёсць.
Эдуард: Я ўбачыў добры інструмент для паляпшэння нашых адносін з Веранікай – дыялог і яго прынцыпы. Я быў натхнёны тым, што мы перажылі разам, і нам хацелася жыць гэтым і далей.
Вераніка: У мяне была ўпэўненнасць, што так, як было, ужо не будзе, што тыя дні, якія мы перажылі разам на ўікендзе змянілі нас нанова, што у нас з’явіўся канкрэтны шанец пражыць сваё сужэнскае жыццё шчасліва. І гэта не пра ідэальнасць, а пра ўменне вырашаць тое, што трывожыць, баліць, турбуе, не замоўчваць, а ісці на дыялог.

Эдуард: Адкрытыя размовы з жонкай суправаджаюць нас і пасля ўікенду. Вечарам за гарбатай, на спатканнях, у падарожжы альбо на адпачынку мы заўседы размаўляем пра нас, стараемся дзяліцца тым, што на сэрцы. Часу, як заўсёды не хапае, але мы змагаемся за яго, упэўненыя, што гэта варта рабіць.
Вераніка: Наш дыялог стаў іншым у паўсядзённасці. Мы сталі адзін да аднаго больш далікатныя і адважныя; пачалі казаць, а не ўтойваць. Але час сцірае успаміны і пачуцці, прыходзяць складанасці. Адносіны – гэта наша праца, выбар і высілак. Немагчыма нешта перажыць аднойчы і назаўсёды змяніць сваё жыццё. Мы паступова зразумелі, што нам не хапае той атмасферы адкрытага сведчання і досведу іншых сямей, што не хапае той глыбіні, якую перажылі калісьці. Гэтыя думкі заахвоцілі нас далучыцца да малой группы “Сужэнскіх сустрэч”. Кожны месяц мы чакаем гэтай сустрэчы, бо ведаем – паміж намі будзе якасны, глыбокі і адкрыты дыялог, на які будзе час, месца і ўмовы.
Эдуард: Удзел у руху “Сужэнскія сустрэчы” – гэта не пра тое, што у нас няма спрэчак, крыўд, праблем, што мы не ранім адзін аднаго словамі і учынкамі. Удзел у руху “Сужэнскія сустрэчы” – гэта пра тое, што мы ведаем, як пачуць адзін аднаго, як прыняць нашыя пачуцці і непадобнасць, як ісці шляхам прабачэння, шчырасці і адкрытасці.

Вераніка: Яшчэ шмат над чым ёсць працаваць у нашых адносінах з Эдуардам, бо мы простыя людзі са сваімі слабасцямі і асаблівасцямі характару. І гэта нармальна, што мы не ідэальныя і разумеем, што імі не станем. Галоўнае, што мы маем жаданне ісці наперад і клапаціцца пра самае каштоўнае – нашу сужэнскую любоў.
Эдуард: Ад усяго сэрца запрашаю перажыць сужэнскія рэкалекцыі руху “Сужэнскія сустрэчы” ўсім сужонкам, незалежна ад узросту вашага сужэнства, колькасці дзяцей, адлегласці ад месца правядзення, вашага веравызнання. Так, можа здавацца, што ў вас ўсё добра і вы самі з сабой неяк справіцеся. Навошта тады нейкія там рэкалекцыі? Аднак, адносіны ў сужэнстве патрабуюць якаснага догляду. Калі вы хочаце сапраўды жыць са сваёй сужонкай шчасліва, тады вам патрэбны пэўныя інструменты. Інвестуйце ў вашы адносіны і не прайграеце!

«Сужэнскія сустрэчы» ладзяць чарговыя рэкалекцыі для вашага сужэнства:
- 7-9 сакавіка ў Мінску (анонс можна прачытаць ТУТ>>>),
- 9-11 мая ў Росі (Гродзенская дыяцэзія).
Кантактны тэлефон для падрабязнай інфармацыі і запісу на рэкалекцыі:
+375 (29) 652 11 44.