Саміт па штучным інтэлекце: Леў XIV заклікае да разважлівасці
- 11 ліпеня, 2025
- Тэкст: кс. Аляксандр Амяльчэня // Беларуская рэдакцыя Vatican News
Ад імя Папы Льва XIV кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін звярнуўся да ўдзельнікаў саміту па штучным інтэлекце ў Жэневе з заклікам да этычнай яснасці і каардынаванага кіравання.
Пасланне, абнародаванае 9 ліпеня, пачынаецца з прывітання ад імя Папы ўсім удзельнікам саміту «AI for Good Summit 2025», арганізаванага Міжнародным саюзам электрасувязі (ITU), які сёлета адзначае 160-ю гадавіну з дня заснавання, у супрацоўніцтве з агенцтвамі ААН і пры падтрымцы швейцарскага ўрада.
Тэхналогіі павінны служыць інтарэсам усяго чалавецтва
— гаворыцца ў пасланні. Уплыў гэтай рэвалюцыі вельмі шырокі, ён трансфармуе такія сферы, як адукацыя, праца, мастацтва, ахова здароўя, кіраванне, ваенная справа і камунікацыя.
Гэтая эпахальная трансфармацыя патрабуе адказнасці і разважлівасці, каб штучны інтэлект распрацоўваўся і выкарыстоўваўся дзеля агульнага дабра, будаваў масты дыялогу і садзейнічаў братэрству, забяспечваючы, каб ён служыў інтарэсам усяго чалавецтва.
Штучны інтэлект не здольны да сапраўднага маральнага разважання
«Паколькі штучны інтэлект становіцца здольным аўтаномна адаптавацца да многіх сітуацый, прымаючы чыста тэхнічныя алгарытмічныя рашэнні, вельмі важна ўлічваць яго антрапалагічныя і этычныя наступствы, каштоўнасці, якія стаяць пад пагрозай, і абавязкі і нарматыўныя базы, неабходныя для падтрымкі гэтых каштоўнасцей», — падкрэсліваецца ў пасланні.
Нягледзячы на здольнасць штучнага інтэлекту імітаваць чалавечае мысленне і выконваць задачы з вялікай хуткасцю і эфектыўнасцю, ён не здольны да сапраўднага маральнага разважання і не можа ствараць сапраўдныя чалавечыя адносіны.
Развіццё тэхналогій павінна непарыўна спалучацца з павагай да чалавечых каштоўнасцей
Ад імя Папы Льва XIV кардынал Паралін заахвоціў удзельнікаў саміту імкнуцца да этычнай яснасці і ўсталяваць каардынаванае мясцовае і глабальнае кіраванне штучным інтэлектам, заснаванае на агульным прызнанні ўласцівай годнасці і асноўных свабод чалавечай асобы.
Ілюстрацыйная выява: timescale.com.